Археалагічныя помнікі Бераставіцкага раёна

Из истории земли Берестовицкой Культура

На навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі” ў гэтым годзе навуковая работа вучня сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны Мікіты Рыгосіка “Каменныя магілы в.Клепачы Бераставіцкага раёна – археалагічны помнік XIV – XVI ст.” была адзначана Дыпломам 2-ой ступені. Даследаванні выклікалі зацікаўленасць і ў іншых вучняў, у мясцовага насельніцтва, навукоўцаў з Гродна.

Пры падрыхтоўцы работы вывучаліся таксама матэрыялы аб усіх археалагічных помніках Бераставіцкага раёна. У 2006 годзе быў прыняты закон “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, а на яго аснове Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў адпаведную пастанову ў наступным годзе. Згодна з гэтымі дакументамі існуе Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, у які ўваходзяць і археалагічныя помнікі Бераставіцкага раёна. А гэта:
1. Гарадзішча перыяду сярэднявечча – новага часу (XIV-XVIII стст.) каля вёскі Алекшыцы, 1 кіламетр на ўсход ад вёскі.
2. Свяцілішча перыяду сярэднявечча (XI-XII стст.) у вёсцы Верхаўляны, 150 метраў на паўднёвы захад ад вёскі.
3. Каменны могільнік (XIV-XVIстст.) у вёсцы Клепачы, 0,2 метра на поўдзень ад вёскі.
4. Могільнік перыяду неаліту (другая палова III тысячагоддзя да н.э.) у вёсцы Малыя Ёдкавічы, на паднёва-заходняй акраіне вёскі.
У нашым мікрараёне вёска Клепачы з’яўляецца найбольш гістарычна вядомай з усіх мясцовасцей. Яна ўзнікла ля ракі Свіслач у вельмі зручным і маляўнічым месцы. Ужо ў каменным веку тут існавала жыццё чалавека і своеасаблівым сучаснікам чалавека гэтага перыяду былі маманты. Аб гэтым яскрава сведчаць знойдзеныя рэшткі маманта – правая бедраная костка, якая захоўваецца ў Свіслацкім гісторыка-краязнаўчым музеі. Даўжыня гэтай косткі – 75 см, таўшчыня верхняй часткі – 25 см, а ніжняй – 118 см, вага – больш дзесяці кілаграмаў. Яе знайшоў каля вёскі Клепачы ля ракі Свіслач загадчык вытворчага ўчастка калгаса “Пагранічны” Лізункоў П.С. у 1992 годзе, ён жа перадаў яе ў музей.
У пачатку II тыс. да н.э. і да XIII ст. н.э. тэрыторыю паміж рэкамі Нёман і Нараў насяляла група заходнебалцкіх плямёнаў яцвягаў. Яцвягі сяліліся каля ракі Свіслач. Яна ж служыла водным шляхам пранікнення з поўдня славянскіх плямёнаў, якія каланізавалі землі яцвягаў. Так пачалі ўзнікаць пасяленні славян, якія далі пачатак вёскам і гарадам. Такім пасяленнем на правым беразе ракі Свіслач былі і Клепачы. Заняткам першых пасяленцаў быў выраб драўлянага посуду, бандарных вырабаў, драўляных ёмістасцей з клёпак для зберагання і дастаўкі прадуктаў з вадкіх і сыпучых рэчаў. Важнымі, бадай галоўнымі, дэталямі бандарных вырабаў былі клёпкі. Для бандарнай справы патрэбен быў перш за ўсё лесаматэрыял і людзі – майстры. Вось яны тут і з’явіліся, перадавалі з пакалення ў пакаленне сваё майстэрства. Рамеснікі кляпалі клёпкі і адсюль пайшла назва пасялення – Клепачы.
Які ж узрост населенага пункта Клепачы? Дакумент сцвярджае, што паселішча існавала ўжо ў XIII ст. А што гэта за дакумент? Гэтым важкім дакументам з’яўляюцца каменныя магілы ва ўрочышчы Царковішча. Калі ёсць пахаванне, значыць, тут жылі людзі. Назва ўрочышча Царковішча дае падставы меркаваць, што тут была царква. Тут захавалася каля 10 каменных магіл. Яны знаходзяцца за 200 метраў на поўдзень ад вёскі Клепачы на ўзвышаным правым беразе р.Свіслач ва ўрочышчы Царковішча. Выявіў іх у 1937г. А.Лявіцкі, а абследаваў у 1984г. Я.Г.Звяруга. На некаторых камянях ёсць крыжападобныя знакі.
Жыхарамі в.Клепачы з’яўляюцца ў асноўным пенсіянеры, ці работнікі КСУП “Пагранічны-Агра”. Сустрэча са старастай вёскі Клімчук Н. У. і старажылам Млёнікам В.С. паказала, што звестак аб існаванні могільніка мала. Ля ракі Свіслач, на ўзгорку, была царква, якая затым знікла. Доўга хадзілі легенды аб ёй, нават званы чулі, глухія, “як з-пад зямлі”. “Калі і было пахаванне, дык там, ля царквы,” — адзінадушна казалі вясковыя старажылы.
На месцы пошукаў абследавалі раку, затым сталі шукаць месца могільніка. Знайшлі яго па левым баку ад былой дарогі. Сапраўды, гэта невялікі ўзгорак на правым беразе ракі Свіслач. Плошча помніка налічвае каля 0,6 га гектараў, мае форму прамавугольніка. Таблічка аб тым, што на гэтым месцы знаходзіцца археалагічны помнік XIV — XVI стст., непрыкметна стаіць сярод маладых сасёнак. У пісьмовых крыніцах ідзе гутарка аб 10 надмагільных плітах — камянях, але знайшлі толькі адзін з выявай крыжа. У альшыне ля ракі Свіслач знойдзена каля дзесяці камянёў. Сумненні ёсць, што яны “тыя самыя”, але добра відаць, што яны апрацаваныя рукой чалавека. Хутчэй за ўсё, тут яны аказаліся па той прычыне, што іх проста знеслі са сваіх месцаў. Магчыма, зямля апрацоўвалася і камяні мяшалі працы на ёй. У тое, што пахаванне праводзілася іменна на гэтым месцы, дзе знаходзяцца камяні, мала верыцца па той прычыне, што тут забалочанае месца і размяшчэнне камянёў не адпавядае абраду пахавання.
Даследаванне выклікала жывы інтарэс у некаторых навукоўцаў, краязнаўцаў. Плануецца далейшае навуковае вывучэнне помніка і, магчыма, археалагічныя раскопкі.

Людміла Турок, настаўніца гісторыі сярэдняй школы
аграгарадка Пагранічны



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *