У Вялікай Бераставіцы працавалі выставы на любы густ і ўзрост

Лента новостей

Падчас святкавання  Дня Незалежнасці ў Вялікай Бераставіцы як ніколі шмат і на любы густ было прапанавана розных выстаў, атракцыёнаў, забаў, майстар-класаў – ад старадаўніх танцаў і ганчарства да аквагрыму і экзатычнага мехендзі.

Горад майстроў уражваў прыгожымі рукатворнымі вырабамі народных умельцаў з вобласці і раёна. Майстар-класы ад умельцаў ганчарнай і кавальскай спраў прыцягвалі шмат жадаючых паспрабаваць гэтыя даўнія рамёствы на практыцы. Жыхары гарпасёлка і госці свята  з задавальненнем развучвалі гістарычныя танцы і выраблялі манеты на адпаведных майстар-класах сярэдневяковых танцораў, чаканшчыкаў і музыкантаў.

Сапраўды творчая атмасфера панававала на пляцоўцы мастацкай галерэі “Палітра роднага краю”. Увазе яе гасцей было прапанавана каля сарака намаляваных і вышытых карцін мясцовых мастакоў Андрэя Втарушына, Мікалая Жлабовіча, Валянціны Шышпаронак і Веры Лукашэвіч. Жадаючыя маглі атрымаць  намаляваныя партрэт ці шарж ад мастачкі Наталлі Жалязоўскай.

У дзяцей асаблівай папулярнасцю карыстаўся аквагрым ад настаўніцы мастацкага аддзялення Бераставіцкай ДШМ Анастасіі Яфімік. Акрамя таго, школай мастацтваў быў арганізаваны пленэр вучняў мастацкага аддзялення, за ўдзел у якім юныя мастакі гарпасёлка і аграгарадка Пагранічны былі ўзнагароджаны прызамі.

Музей Вавёркі  ў Вялікай Бераставіцы прадставіў цікавыя дакументы і рэчы, прымеркаваныя да 130-годдзя ўтварэння чыгункі ў Пагранічным, прадметы інтэр’еру 1950-1960 гадоў і ваеннага рыштунку, а таксама   графічныя партрэты ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з г.п.В.Бераставіца. Дарэчы, памяць пра тое, якой цаной нам дасталося вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў жыве не толькі ў музейных экспанатах, але і ў сэрцах усіх бераставічан. Гэта было пацверджана ўскладаннем кветак да вечнага агню мемарыяла Славы.

Кніжна-ілюстрацыйная выстава Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага датычылася гісторыі і сучаснасці нашага краю, яе літаратурнай спадчыны, славутым землякам рэгіёна. Цікавасць выклікала і фотавыстава “Бераставіцкі край у аб’ектыве часу”.

Дзейнічала гандлёвая палатка Бераставіцкага ўчастка паштовай сувязі, дзе можна было ажыццявіць падпіску на перыядычныя выданні,  у тым ліку падпісацца і на “раёнку”, атрымаўшы заахвочвальны прыз.

Падчас свята жадаючыя мелі магчымасць пакатацца на маторнай лодцы і катамаранах па возеры, а таксама  наведаць невялічкі заапарк.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *