Фальклорнае свята “Траецкае гулянне – для ўсіх замілаванне” адбылося ў аграгарадку Стары Дворац

Лента новостей

Фальклорнае свята “Траецкае гулянне – для ўсіх замілаванне” адбылося ў нядзелю, 4 чэрвеня, у аграгарадку Стары Дворац. Выступленні фальклорных калектываў Бераставіччыны, знаёмства з народным абрадам “Сёмуха”, атракцыёны для дзяцей, продаж сувенірнай прадукцыі – усё гэта было прапанавана мясцовым жыхарам у Дзень Святой Троіцы.

У ранейшыя часы на Сёмуху ладзілі фэсты, маёўкі, абавязкова з музыкай, збіралася моладзь з розных вёсак – для дзяўчыны свята было добрай нагодай пазнаёміцца з хлоцам. Сёмуха ўвогуле лічылася ўдалай парой для вяселляў. А яшчэ ў гэты дзень уся сям’я збіралася за абрусам, пасцеленым дзе-небудзь пад дрэвам. Спявалі песні, гаварылі пра будучы ўраджай, елі з вялікай патэльні абавязковую сёмушную страву — яечню. Змяніліся часы, новыя пакаленні дзяўчат ужо наўрад ці ведаюць, што такое “куміцца” ці “завіваць бярозу”. Але і сёння мы ў нядзелю нясем свяціць у храм зялёныя букеты. А потым ідзем на прыроду: адпачыць, палюбавацца яркай зелянінай дрэў, падыхаць свежым і чыстым лясным водарам.
Фальклорнае траецкае свята ў Старым Дворцы, як спроба аднавіць і захаваць мясцовыя звычаі і абрады, праводзіцца ўжо не ў першы раз і выклікае цікавасць сваёй неардынарнасцю. Па-першае, гэта фэст фальклорных калектываў і гуртоў з усяго раёна, дзе можна ўдосталь нацешыцца народнай песняй, народным гумарам. Па-другое, тэатралізаваныя абрадавыя элементы і рытуалы Сёмухі, а таксама вясёлыя абразкі з сялянскага жыцця ў выкананні мясцовых удзельнікаў тэатра мініяцюр “Вясковыя замалёўкі” і дзіцячага фальклорнага калектыву “Дударочкі” маюць пэўны каларыт, яны жывыя і яскравыя. І ў гэтым сэнсе, для турыстаў, якія цікавяцца даўніной, траецкі фэст у Старым Дворцы можа стаць цудоўнай знаходкай.
Падчас свята прагучала шмат фальклорных песень у выкананні гуртоў з Пагранічнага, Малой Бера­ставіцы, Масалян, Старога Дворца і Пыхоўчыц. Сваёй творчасцю з мясцовымі жыхарамі і гасцямі аграгарадка падзяліліся таксама народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і народны ансамбль польскай песні “Стокроткі” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг.Макараўцы. Дзяцей нельга было адцягнуць ад атракцыёнаў і салодкай ваты. Попытам кары­сталіся сувенірныя вырабы аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Прыемна ўразіў гасцей свята сюрпрыз ад арганізатараў – пачастунак смачнай яечняй з салам. Дарэчы, работнікі філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Ст.Дворац, якія падрыхтавалі траецкі фэст, удзячныя кіраўніцтву мясцовай аграфірмы за маральную і матэрыяльную падтрымку і ўсім сельхозпрадпрыемствам раёна, якія дапамаглі з дастаўкай калектываў на мерапрыемства.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *