У школах Бераставіцкага раёна празвінеў апошні званок

Актуально Образование

Непрыкметна праляцеў чарговы навучальны год. І вось ужо апошні школьны званок 30 мая адпусціў школьную дзетвару  Бераставіччыны — а гэта 1680 вучняў 1-11 класаў — на летнія канікулы.

За актыўны ўдзел у грамадскім і школьным жыцці, паспяховую вучобу стыпендыю Гродзенскага аддзялення Беларускага фонду міру на апошняй у гэтым навучальным годзе школьнай лінейцы атрымалі дзесяцікласніцы Вялікабераставіцкай сярэдняй школы Анастасія Бельская і Арына Яскевіч. Дзяўчаты сталі пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па працоўнаму навучанню, яны актыўныя ўдзельніцы разнастайных мерапрыемстваў на ўзроўні раёна і вобласці, члены валанцёрскага атрада “Добрае сэрца» Вялікабераставіцкай СШ.

У гэты дзень ва ўсіх установах адукацыі раёна  прайшлі  ўрачыстыя школьныя лінейкі, на якіх прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскасці, шматлікія шэфы. Самыя шчырыя пажаданні і віншаванні ў гэты дзень гучалі для выпускнікоў сярэдняй і базавай школы. Як паведамілі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама у гэтым годзе сцены ўстаноў адукацыі раёна  пакінуць 86 адзінаццацікласнікаў, базавую школу заканчвае 181 вучань дзявятых класаў.

Па выніках навучальнага года ў кожнай школе былі адзначаны лепшыя вучні, якія дасягнулі найбольшых поспехаў у вучобе, спорце, пераможцы і ўдзельнікі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, спаборніцтваў, прадметных алімпіяд. Радуе, што 107 вучняў 1-11 класаў устаноў адукацыі раёна закончылі гэты навучальны год на “выдатна”.

27 выдатнікаў 8-11 класаў, а таксама 15 пераможцаў абласных алімпіяд, конкурсаў  і спартыўных спаборніцтваў атрымалі ва ўрачыстай абстаноўцы на лінейках стыпендыі раённага выканаўчага камітэта.

Пасля апошняга школьнага званка для выпускнікоў пачынаецца “гарачая пара” – час здачы выпускных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання. Дарэчы, першы экзамен чакае адзінаццацікласнікаў ужо заўтра, 1 чэрвеня. А ўсяго ім трэба здаць чатыры экзамены: па рускай або беларускай мове, матэматыцы, замежнай мове і гісторыі Беларусі. Дзевяцікласнікі здаюць экзамены па трох прадметах: матэматыцы,  рускай і беларускай мове.

9 чэрвеня для адзінаццацікласнікаў нашага раёна пройдуць выпускныя вечары, наперадзе ў іх яшчэ цэнтралізаванае тэсціраванне і паступленне на выбраныя спецыяльнасці ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. 

Ну  а  астатніх хлопчыкаў і дзяўчынак чакаюць цудоўныя дні летняга адпачынку,  старт якім дае Міжнародны дзень абароны дзяцей і прымеркаваныя да гэтага свята мерапрыемствы.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара

На здымках: фотарэпартаж з Вялікабераставіцкай СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *