Будзем спадзявацца на добры ўраджай

Лента новостей

Ведаю па сабе, як нялёгка вырасціць добры ўраджай на ўласным агародзе. Пазаводзілі мы некалькі гадоў таму сабе агароды каля балота разам з іншымі жанчынамі з дома. І першыя гады вельмі радаваліся, што і морква добрая расце, і буракі, і ўсё, што не пасадзіш. Але без угнаенняў урадлівасці зямлі хапіла ненадоўга. На тым самым месцы ўжо і кроп стаў расці “карлікавы”, так што імпэт наш зменшыўся. Добра прафесійным аграномам – яны ўсе сакрэты ведаюць і гаспадарку вядуць у зусім іншых, вытворчых маштабах. Але на іх і адказнасць іншая – прафесійна дасведчаныя людзі кормяць цэлую краіну. І калі раслінаводства вядзецца ў вялікіх аб’ёмах, клопат павінен быць не толькі сістэмным, але і па-навуковаму арганізаваным. Пра гэта кожны год клапоціцца начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці райсельгасхарча Віктар Аляксеевіч Столік са сваімі калегамі.
— У гэтым годзе плануем атрымаць па раёну ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых у вазе пасля дапрацоўкі разам з кукурузай 62 цэнтнера з гектара, — гаворыць Віктар Аляксеевіч. — Нельга недаацэньваць значэнне арганічных угнаенняў. Іх роля вельмі важная, таму што яны не толькі эфектыўныя, але яшчэ і натуральныя. За мяжой людзі плацяць у некалькі разоў даражэй за прадукцыю, вырашчаную “без хіміі”. Там у супермаркетах ёсць нават спецыяльныя аддзелы з такімі прадуктамі. Па нарыхтоўцы арганічных угнаенняў Бераставіцкі раён у лідэрах у вобласці. У нас нарыхтавана 111% ад запланаванага. Наперадзе толькі Шчучынскі раён – 116%. Вывезена ў нас да нарыхтаванага 88% арганічных угнаенняў. Абагнаў Бераставіцкі раён толькі Гродзенскі – там вывезлі ўжо 98%.
Найбольшы аб’ём работ сярод гаспадарак Бераставіччыны па нарыхтоўцы арганічных угнаенняў выкананы ў СВК “Цецяроўка”. Там і плошчы пад сяўбу самыя вялікія, таму работы кожны год шмат. У гэтым годзе пад будучы ўраджай усяго планавалі нарыхтаваць 84 тысячы тон арганічных угнаенняў. Але план перавыканалі. Фактычна нарыхтавана 105 тысяч 500 тон. Для дастаўкі на палі арганікі створана спецыяльная брыгада. Пагрузчык “Амкадор” даверылі адказнаму чалавеку—механізатару Барысу Савіцкаму. На адвозцы задзейнічаны кожны дзень 6-7 трактароў, на палі вывозіцца па 700-800 тон арганічных угнаенняў. Ужо вывезена амаль 90% ад нарыхтаванага. Для вывазкі выкарыстоўваюцца трактары з вялікагрузнымі прычэпамі. Так эканоміцца і паліва.
У ліку лепшых у гаспадарцы называюць механізатараў Віктара Дзям’янчыка, Міхаіла Палякова, Анатолія Смалея, Анатолія Жыдка, Барыса Хомчыка, Васіля Шкулепу, вадзіцеля машыны “МАЗ” Пятра Кухарчыка.
Ніна Надд



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *