Першыя ўладальнікі тэлефонаў на Бераставіччыне

Из истории земли Берестовицкой Культура

Працуючы ў адным з архіваў, сярод іншых матэрыялаў знайшоў цікавы дакумент – спіс абанентаў тэлефоннай сеткі, што абслугоўваліся Бераставіцкім аддзяленнем паштова-тэлеграфнай службы ў даваенны перыяд. Нагадаю, што карыстанне паслугамі тэлефоных сетак ў тыя часы было пакуль яшчэ рэдкай з’явай і адносна нятанна каштавала. У вёсках і невялікіх мястэчках тэлефоны мелі толькі адзінкі – асобныя дзяржслужачыя і нешматлікія заможныя жыхары.
Знойдзены ў архіве спісак, складзены 1-га снежня 1933 г. кіраўніком Вялікабераставіцкага паштовага аддзялення Адольфам Дыбчакам для пастарунку мясцовай паліцыі. У ім фігуруюць 29 абанентаў. Адразу агаваруся, што дакумент напісаны ад рукі, таму некаторыя прозвішчы ў ім прачытаць складана. У сувязі з гэтым у артыкуле яны не прыводзяцца.
Вось гэты спісак (з некаторымі каментарыямі і дадаткамі аўтара):
1) Касакоўскі Станіслаў, граф, уладальнік маёнтка Бераставіца;
2) Яцэвіч Антоні, уладальнік адзінай у Бераставіцы аптэкі;
3) Лэмпіцкі Зыгмунт, уладальнік фальварака Белы Дворак;
4) Біспінг Ян, уладальнік маёнтка Масаляны (да верасня 1939 г);
5) Багдановіч Вацлаў, Вялікабераставіцкі маёнтак Касакоўскіх (абслуга);
6) Яцуньскі Генрых, уладальнік фальварка Майкаўшчызна;
7) Малынічувна Яніна, настаўніца Бераставіцкай школы, праж.па вул. Дольнай, 9 (цяпер вул. Кастрычніцкая);
8) Язвіньскі Апалінар, уладальнік фальварка Зайкаўшчына, асаднік, афіцэр запасу войска польскага;
9) Завадзкі Францішак, фальварак Людвінаў;
10) Вышаліцкі Францішак, школа, Стары Дворац. Хаця Стары Дворац і не лічыўся вёскай (быў маёнткам), аднак тут знаходзіўся будынак пачатковай школы, дзе вучыліся дзеці з навакольных вёсак;
11) Пятроўскі Чэслаў, маёнтак Парфіноўцы (Пархімаўцы);
12) Станішэўскі Антоні, лясная служба, Вялікабераставіцкі маёнтак Касакоўскіх;
13) Адамкевіч Станіслаў, жыхар Бераставіцы, вул. Беластоцкая (цяпер Савецкая);
14) Касакоўскі Дамінік, бераставіцкі прыватны лекар, дом стаяў побач з галоўнай (рыначнай) пло-шчай мястэчка, недалёка ад таго месца, дзе сёння знаходзіцца будынак райвыканкама;
15) Мінкевічова Юзэфа, жыхарка Бераставіцы, вул. Дольная (Кастрычніцкая);
16) Чапліньская Яраслава, школа, Эймінаўцы;
17) Андрушкевіч Ян, жыхар Бераставіцы, вул. Беластоцкая (Савецкая);
18) Жак Хаім, жыхар Бераставіцы, прадстаўнік яўрэйскай абшчыны, вул Беластоцкая;
19) Праўленне Вялікабераста-віцкай гміны. Будынак яе знахо-дзіўся па вул. Школьнай (сёння Камсамольская, 8) з таго боку, дзе знаходзіцца царква;
20) Іцкін (імя напісана неразборліва), яўрэйскі купец, аптовы гандляр, праж. па вул. Хадкевічоўскай (Дзяржынскага);
21) Пухальскі Юзэф, паліцэйскі, праж.па вул. Ваўкавыскай;
22) Сідаровіч Пётр, паліцэйскі, праж. па вул. Дольнай;
23) Дарашкевіч Мікалай, жыхар Бераставіцы, вул. Канстытуцыі 3-га мая;
24) Боўшыц Фелікс, асаднік з ваколіцаў Бераставічанаў;
25) Ян (прозвішча абанента напісана неразборліва), з масалян-скага маёнтка Біспінгаў;
26) Юзэф (прозвішча неразборлівае), Вялікабераставіцкая школа;
27) Марыя (прозвішча наразборлівае), жыхарка вёскі Эймінаўцы;
28) Зыгмунт (прозвішча неразборлівае), асада Уладысін каля Бергеляў;
29) Адам (прозвішча неразборлівае), жыхар Бераставіцы, вул. Ваўкавыская.
Зразумела, тэлефонныя апараты знаходзіліся і ў самым аддзяленні пошты, а таксама ў мясцовым пастарунку паліцыі.
Сяргей Лушчык, г.Гродна



1 комментарий по теме “Першыя ўладальнікі тэлефонаў на Бераставіччыне

  1. Нумар 23 — мой дзед Дарашкевіч Мікалай Паўлавіч.
    У 1933 яму было 27 гадоў.
    Пайшоў на фронт у верасні 1939, баец Арміі Краёвай, кавалерыст.
    Гонар і слава!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *