У Бераставіцкім раёне аб’яўляецца збор кніг

Культура Лента новостей

Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В.М.Кавалеўскага запрашае ўсіх нераўнадушных жыхароў раёна далучыцца да акцыі “Бібліятэка для пажылых людзей”, якая праводзіцца на Гро­дзеншчыне па ініцыятыве камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама.
Нагадаем, у Гродзенскай вобласці аб’яўлена дабрачынная акцыя па стварэнні бібліятэк для пажылых людзей, якія пражываюць у стацыянарных установах кругласутачнага знаходжання. У нашым раёне – гэта Макаравецкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў агульнага тыпу. У лютым каля ста кніг ужо было перададзена райбібліятэкай жыхарам дома-інтэрната.
– Улічваючы пажаданні пажылых чытачоў, мы аб’яўляем збор кніг сучасных расійскіх і замежных аўтараў папулярных жанраў (дэтэктывы, меладрамы), а таксама публіцыстычных перыядычных выданняў, – расказвае дырэктар Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага Таццяна Марцішэвіч. – Напэўна ж, у нашых чытачоў з райцэнтра ці сельскай мясцовасці знойдзецца літаратура, якая адпавядае гэтым пажаданням. Згадзіцеся, часта на хатніх паліцах захоўваюцца кнігі, якія ўжо некалькі разоў перачытаны ці проста не прызначаны для шматразовага чытання. Прыносьце іх у раённую бібліятэку ці ў яе сельскія філіялы. Патрэбны менавіта сучасныя кнігі, у добрым стане, не раней 1998 года выдання. Будзьце ўпэўнены: ваш удзел у акцыі разнастаіць побыт жыхароў дома-інтэрната.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *