Нематэрыяльная культурная спадчына: уплыў на фарміраванне беларускай нацыянальнай ідэі

Лента новостей

Працягам дзейнасці клубных устаноў культуры па захаванні прадметаў побыту і фальклорных традыцый продкаў стаў семінар па праблемах выяўлення, збору і афармлення матэрыялаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У сённяшняй размове паспрабуем высветліць, чаму гэта пытанне актуальнае? Мой суразмоўца – метадыст па фальклору і этнаграфіі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Леанід Панасевіч. Ён не толькі адзін з арганізатараў семінара, але і чалавек, сапраўды нераўнадушны да справы захавання культурных і побытавых традыцый Бераставіччыны.

– Здаецца, мы шмат што ведаем пра беларускія абрады і традыцыі: знаёмімся з гісторыяй і культурай беларусаў на ўроках гісторыі ў школе, пры жаданні больш паглыблена вывучаем тэму ў сярэднеспецыяльных і вышэйшых навучальных установах ці ў шматлікіх друкаваных выданнях этнографаў, назіраем за спробамі адраджэння народных святаў і абрадаў у сённяшняй рэчаіснасці. Я памыляюся?
– У тэорыі гэта, вядома ж, так. Аднак калі зірнуць на пытанне ў дачыненні да сваёй мясцовасці, то, згадзіцеся, далёка не кожны жыхар нашага раёна зможа расказаць аб асаблівасцях побытавых і культурных традыцый продкаў. У лепшым выпадку ўзгадаюць Купалле, Масленіцу, Каляды. Безумоўна, многае ў справе захавання спадчыны зроблена супрацоўнікамі музея Вавёркі, школьнымі музеямі і музейнымі куткамі. Сваю станоўчую ролю ў гэтым пытанні адыгрывае “Эйсмантаўскі фэст”. І прыклады можна працягваць. Аднак аб’екты нашай нематэрыяльнай культурнай спадчыны вывучаны яшчэ недасканала і што, галоўнае, не аформлены належным чынам. Якраз работнікі клубных устаноў і прызваны заняцца гэтым у сілу блізкасці дадзенай справы непасрэдна да іх прафесійных абавязкаў.
– Леанід Міхайлавіч, растлумачце, калі ласка, што такое нематэрыяльная культурная спадчына?
– Паняцце «нематэрыяльная культурная спадчына» ў сваім сучасным значэнні з’явілася параўнальна нядаўна. Яно было выпрацавана ў выніку шматлікіх дыскусій і папярэдніх даследаванняў на Міжнародным «круглым стале» экспертаў, арганізаваным ЮНЕСКА ў Турыне ў сакавіку 2001 года. У поўным аб’ёме паняцце было сфармулявана ў Міжнароднай Канвенцыі аб захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятай 17 кастрычніка 2003 года на 32-й сесіі ЮНЕСКА ў Парыжы. Паняцце ўключае “звычаі, формы ўяўлення, веды і навыкі, а таксама звязаныя з імі інструменты, прадметы, артэфакты і культурныя прасторы, якія прызнаюцца супольнасцямі, групамі і, у некаторых выпадках, асобнымі людзьмі ў якасці часткі іх культурнай спадчыны”.
Дарэчы, Канвенцыю раты­фіка­валі 154 краіны свету, што сведчыць аб прызнанні і папулярнасці гэтага міжнароднага дакумента. Рэспубліка Беларусь таксама далучылася да яе, распрацаваўшы нацыянальную сістэму заканадаўчых актаў. Такім чынам, у нашай дзяржаве ёсць разуменне таго, што нематэрыяльная культурная спадчына, як састаўляючая нацыянальнага самапазнання, ідэнтыфікацыі, здольная аказаць уплыў на фарміраванне беларускай нацыянальнай ідэі, якая б кансалідавала грамадства. У якасці прыкладу такой кансалідуючай ідэі можна назваць расійскую акцыю “Бессмяротны полк”, якая за невялікі адрэзак часу стала міжнароднай.
– Ведаю, што збор і фіксацыя ўзораў вуснай народнай творчасці ўжо распачата – і непасрэдна Вамі, і работнікамі культуры на месцах. З якімі праблемамі давялося сутыкнуцца?
– Рыхтуючыся да семінара, мы зрабілі відэазапісы дзесяці носьбітаў вуснай народнай творчасці з розных куточкаў Бераставіцкага раёна. Дарэчы, пэўны архіўны матэрыял быў назапашаны і былым метадыстам Марыяй Пятроўнай Юшкевіч. Збор яго, вядома ж, будзе працягнуты. Аднак складанасці ў гэтай справе мы адчуваем. І галоўная праблема – гэта тое, што носьбітаў сапраўды аўтэнтычных традыцый засталося вельмі мала. На вялікі жаль, яны беззваротна сыходзяць, і ў многіх адносінах час ўжо ўпушчаны.
– Вернемся да семінара. Што было прапанавана яго ўдзельнікам у якасці кіраўніцтва ў рабоце?
– Адзначу, што яшчэ да семінара мы раздалі кіраўнікам клубных устаноў метадычныя рэкамендацыі па ідэнтыфікацыі і інвентарызацыі аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, узоры апытальнікаў і пашпартызацыі сабраных звестак, з тым, каб атрыманыя матэрыялы аб абрадах і традыцыях былі зафіксаваны ў архівах. Семінар правялі на Велікодным тыдні. І невыпадкова. Вялікдзень – народнае свята, вельмі багатае на традыцыі і абрады. Людзі іх сёння таксама трымаюцца. Таму было вырашана паглядзець, як гэта адбываецца ў розных мястэчках нашага рэгіёну.
Так, у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ўдзельнікі семінара паспрабавалі сябе ў размалёўцы велікодных яек і ўпэўніліся, што некаторыя, зусім нескладаныя, старадаўнія прыёмы можна выкарыстоўваць у рабоце з гурткоўцамі. Пазнаёміліся і з велікоднай выпечкай, рэцэпты якой перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Развучылі побытавыя танцы, а пасля пераезду ў сельскі клуб сацыяльна-культурных паслуг в.Пыхоўчыцы далучыліся да аўтэнтычнага абраду “Валачобнікі”, які паказалі ўдзельніцы фальклорнага ансамбля “Надзея”. Паслухалі таксама і велікодныя песні ў іх выкананні.
У філіяле па культурна-дасу­гавай дзейнасці аг. Макараўцы пазнаёміліся з выставай вырабаў мясцовых майстрых – Святланы Лукашэвіч, якая займаецца пляценнем з паперы, і Ірыны Эйсмант, якая вышывае вытанчаныя кветкавыя кампазіцыі. А яшчэ разам з макараўскімі “валачобнікамі” прайшлі па вуліцах аграгарадка, віншуючы гаспадароў са святам Уваскрэсення Хрыстова.
Усе гэтыя мясцовыя традыцыі, адметныя сваім яскравым фальклорным каларытам і міжканфесійнай талерантнасцю, абавязкова трэба захаваць і перадаць у спадчыну нашчадкам. Дарэчы, у рамках семінара прайшоў і агляд-конкурс фальклорных абрадавых праграм, падрыхтаваных работнікамі клубных устаноў з улікам мясцовых асаблівасцей.
–Дзякуй за гутарку.

Святлана Ганчарова, фота аўтара 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *