Сваё сэрца пакінуў у бераставіцкім касцёле

Из истории земли Берестовицкой Культура

У сваіх артыкулах я не аднойчы ўзгадваў аб тым, што ў старым касцёле ў Вялікай Бераставіцы некалі захоўвалася ўрна з сэрцам вялікага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча. З цягам часу архіўныя дакументы дапамагаюць установіць усё новыя факты, звязаныя з гісторыяй гэтага касцёла. Як сведчаць матэрыялы з аддзела рукапісаў і старадрукаў бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта за 1949 г., у бераставіцкім касцёле зберагалася яшчэ адна ўрна – з сэрцам уладальніка мястэчка, кракаўскага каштэляна Юзэфа Вандаліна Мнішка (1670-1747), які быў фундатарам пабудовы гэтага касцёла.
Паводле гэтых дакументаў у прэзбітэрыі бераставіцкага касцёла побач з галоўным алтаром знаходзілася табліца з чорнага мармуру, на якой быў выразаны надпіс: ”D.O.M. Jozef Wandalin z Wielkich Konczyc Mniszech, kasztelan krakowski umarl w Laszkach dnia 25 czerwca Roku 1747. Pogrzebiony w Zamosciu, w kosciele O.O. Reformatow. W tym tez przez siebie wystawionym serce zlozyl. Czytajacych prosi o Zdrowas Maryja”.
Надпіс гаворыць, што Юзэф Вандалін з Вялікіх Коньчыц Мнішэк, каштэлян кракаўскі, памёр у Лашках 25 чэрвеня 1747 г. Пахаваны ў Замосці (на Падкарпацці) ў касцёле O.O. Рэфарматаў. А ў гэтым, які таксама ён пабудаваў, сэрца сваё пакінуў. Чытачоў гэтага надпісу просіць аб малітве ”Здровась Марыя”.
Нагадаю, што прэзбітэрый – месца ў касцёле перад галоўным алтаром, прызначанае для ксяндза і міністрантаў падчас набажэнства.
Побач з мемарыяльнай табліцай была замацавана металічная ўрна ў выглядзе сэрца. З аднаго яе боку над Ордэнам Белага Арла быў надпіс “I.V. de M.K.M.C.C.”, а з другога боку ”Dies mei transierunt, cogitationes meae dissipute sunt torquentes cor meum die 25 Junii Anno 1747”.
Лацінскіе літары ”D.O.M.” азначаюць скарочаныя словы ”Deo Optimo Maximo” (Богу Наймілейшаму), а надпіс ”I.V. de M.K.M.C.C.” складаецца з першых літар лацінскага тэксту ”Iosephus Vandalinus de Magna Konczyce Mniszech Castellanus Cracoviensis”.
Паводле архіўных дакументаў, акрамя мемарыяльнай табліцы, прысвечанай кракаўскаму каштэляну Юэфу Вандаліну Мнішку, у бераставіцкім касцёле была яшчэ адна эпітафійная табліца — у гонар Марыі Амэліі Мнішэк (1736-1772), маршалковай кароннай надворнай, жонкі ўладальніка Вялікай Бераставіцы Ежы Аўгуста Мнішка, якая паходзіла з роду Брулаў. Табліца з чорнага мармуру знаходзілася на першым філяры (калоне) па правую руку ад увахода ў касцёл. Рэшткі гэтай калоны без табліцы захаваліся да сённяшняга дня.
Ідэнтычныя бераставіцкай табліцы былі ўстаноўлены ў касцёлах у Красічыне, Бечы і Санаку на Падкарпацці, а таксама ў францішканскім касцёле Св. Антонія Падуанскага ў Варшаве. Сама маршалкова пахавана ў касцёле Св. Марыі Магдалены ў падкарпацкай Дуклі – радавым маёнтку Мнішкаў.
Сяргей Лушчык



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *