У Бераставіцкім раёне ветэрана павіншавалі з 90-гадовым юбілеем

Культура Общественные объединения

20 красавіка 90-гадовы юбілей адзначыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы жыхар аг.Пагранічны Павел Шкулепа.
У гэты дзень у доме Паўла Андрэевіча было шмат гасцей: павіншаваць юбіляра прыйшлі прадстаўнікі Пагранічнага сельскага Савета, сярэдняй школы аг.Пагранічны, Свіслацкага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. З найлепшымі пажаданнямі да ветэрана прыехалі таксама намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў Анатолій Ганчарык і старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова (на здымку). Анатолій Аляксандравіч падзякаваў Паўлу Андрэевічу за актыўную жыццёвую пазіцыю, за значны асабісты ўклад ў патрыятычнае выхаванне моладзі і ўзнагародзіў яго Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў. Самыя шчырыя словы віншаванняў прагучалі для юбіляра і ад Алены Сілковай, якая пажадала ветэрану, каб як мага надалей у яго заставалася энергія і сілы для выканання грамадскіх абавязкаў старшыні пярвічнай арганізацыі ветэранаў аг.Пагранічны, каб было больш радасных дзён у яго доме і дамах яго дзяцей, унукаў і праўнукаў, і ўручыла памятны падарунак ад раённага савета ветэранаў.
Вайна для Паўла Андрэевіча Шкулепы пачалася ў лістападзе 1944 года, калі ён быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Ён ваяваў у Маньчжурыі, быў наводчыкам, а затым камандзірам супрацьтанкавай гарматы. За ўдзел у баявых дзеяннях ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, ордэнам Жукава, медалямі «За баявыя заслугі» і «За перамогу над Японіяй».
Яго працоўны шлях у мірны час таксама адзначаны ўзнагародамі – медалём «За доблесную працу» і знакам «Выдатнік чыгуначнага транспарту».
І сёння Павел Андрэевіч — самы актыўны з ветэранаў раёна, які не толькі ўзначальвае “пярвічку” аг.Пагранічны, але і ніколі не застаецца раўнадушным да праблем, з якімі сутыкаюцца яго аднавяскоўцы, і адразу бярэцца за іх вырашэнне. Нездарма яго грамадская дзейнасць адзначана знакам Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў «Ганаровы ветэран».
— А святкаванне юбілею ў мяне практычна міжнароднае, — жартуе Павел Андрэевіч. – Госці прыехалі не толькі з Беларусі, але і з Чэхіі, Латвіі, Нарвегіі – лёс далёка закінуў некаторых маіх родных і блізкіх. Так што гэта цудоўная нагода сабрацца ўсім разам.
Мы таксама далучаемся да віншаванняў юбіляру і жадаем яму здароўя і энергіі на доўгія гады жыцця.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *