Сусветны дзень паэзіі адзначылі ў Канюхоўскай школе

Культура Образование

Каб прыцягнуць увагу грамадства да паэзіі, на 30-й сесіі ЮНЕСКА ў 1999 годзе было прынята рашэнне 21 сакавіка кожнага года адзначаць Сусветны дзень паэзіі.
Гэта свята адзначылі і ў Канюхоўскім яслях-садзе – сярэдняй школе.
Усіх аматараў паэзіі сабрала літаратурная гасцёўня “Паэзія як прадчуванне”.
Прысутныя пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення свята. Гучалі вершы-прысвячэнні паэзіі Леаніда Галубовіча, Пімена Панчанкі, Максіма Танка.
Самае тонкае чалавечае пачуццё – каханне па-сапраўднаму раскрываецца, дзякуючы паэзіі. Менавіта таму большасць вершаў у час гасцёўні былі прысвечаны інтымнай лірыцы.
Асабістым цёплым ручайком цякуць у беларускай паэзіі кахання вершы, напісаныя жанчынамі. І, мабыць, таму, што яны належаць жаночаму пяру, яны такія шчырыя, пранікнёныя, такія незвычайна добрыя, зразумелыя. Прыкладам гэтага з’яўляюцца вершы Яўгеніі Янішчыц, Раісы Баравіковай, Канстанцыі Буйло, якія прагучалі ў час мерапрыемства.
А колькі цудоўных песень напісана на вершы беларускіх паэтаў! І жартоўныя, і лірычныя, але амаль ва ўсіх іх праходзіць тэма кахання, спрадвечная тэма. Надаць мерапрыемству святочнае гучанне дапамаглі наступныя музычныя кампазіцыі: “Я вас люблю” (на словы А.Грачанікава), “Ты думаў пра мяне” (сл. Канстанцыі Буйло), “Кахання нашага пара” (сл. Генадзя Бураўкіна), “Князёўна” (сл. Рыгора Барадуліна).

Напрыканцы літаратурнай гасцёўні “Паэзія як прадчуванне” прагучала думка, што кожны чалавек можа асабіста спасцігнуць яе таямніцы, але для гэтага трэба быць чуйным, назіральным, адкрытым душой. Пісаць вершы дадзена не кожнаму, бо, паводле выказвання М.Багдановіча: “душа ў паэта, калі спараджае ён дзіўныя вершы, нябесным агнём абагрэта…”. Але навучыцца разумець вершы, адчуваць прыгажосць самога жыцця можна. Гэтаму і вучыць нас паэзія.
Дзякуй паэзіі, лірыцы кахання за магчымасць словам выказаць нашы пачуцці.

Алена Кажанеўская,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *