Сакрэт павароў КСУП “Варанецкі” — у добрым настроі і натхненні

Сельское хозяйство Человек и его дело

У кожнай прафесіі ёсць свае адмысловыя сакрэты. А ў кухараў іх столькі, што немагчыма і запомніць. Таму тыя майстрыхі, якія займаюцца кулінарыяй па роду свайго занятку, а таксама хатнія гаспадыні, якія захапляюцца прыгатаваннем смачных і апетытных страў, маюць свае “кніжыцы”, дзе запісана шмат цікавых рэцэптаў. Самыя незвычайныя варыяцыі харчовых кампанентаў можна сустрэць там, а нацыянальныя кухні прапануюць свае “разынкі”. Аднак, як ні захоўвай дакладны рэцэпт, а усё роўна ў розных “творцаў” вынікі ўсё ж адрозніваюцца.
Вось і нядаўна, у КСУП “Варанецкі” у сталовай давялося ўбачыць чарговы варыянт усходняга плову. Страва гэтая такая, што растае ў роце, нездарма яе ацанілі, відаць, ва ўсім свеце. А памочнік повара Алена Рыжко (на здымку) на маё пытанне, што іх механізатары ў час пасяўной кампаніі найбольш любяць, адказала шчыра:
— А яны ў нас усё любяць!
Улічваючы, аднак, што густ у кожнага свой, і нават знакамітыя дранікі некаторыя людзі любяць толькі такімі, як “мама гатавала”, дык і сапраўды трэба ад душы пахваліць калектыў сталовай за майстэрства.
Алена родам з Вялікіх Эйсмантаў, а пасля заканчэння сярэдняй школы вывучылася на ветэрынара. З дзяцінства любіла жывёлу. Атрымаўшы дыплом, працавала некалькі гадоў у жывёлагадоўлі, але займацца любімай справай перашкодзіла стойкае алергічнае захворванне. Таму змяніла прафесію і зноў знайшла сябе, “бо ўсё ўжо умела”. Дома ж прыходзіцца для сям’і смачна гатаваць. Дзеці – вялікія дэгустатары, ім дагадзіць няпроста. Таму жанчына любіла радаваць сваіх дамачадцаў, падключаючы сваю творчую фантазію. Загадчыцы сталовай Тамары Ярмак амаль не трэба было нічога гаварыць новай работніцы, хіба толькі пра якія-небудзь невядомыя раней стравы.
Жанчыны і звычайны суп-крупнік умеюць так згатаваць, што нічога не застаецца ў талерцы, і бульбяное пюрэ зробяць такім мяккім і “пяшчотным”, што нават здзівішся, чаму так смачна? Ёсць-такі ў прыгатаванні страў нешта таямнічае і чароўнае, што ў банальныя рэцэпты не ўкладваецца. Псіхолагі зараз “матэрыялісты”, але ў такой тонкай справе “аб душы”, таксама згаджаюцца, што пазітыўны настрой літаральна на ўсё ўплывае. А ў эйсмантаўскіх жанчын гэтага сапраўды не бракуе. І гаспадарка моцная, і пра людзей тут шчыра клапоцяцца, і натхненне працаваць ёсць.
У Алены дзве дачушкі, а жыве сям’я ў камфортным прыгожым катэджы на вуліцы Дружбы ў аграгарадку Вялікія Эйсманты. Маладыя сем’і ствараюць тут каля свайго жылля сапраўдныя “райскія куточкі”. Як добра тут дзецям! А калі на душы вяскоўцам прыемна, хочацца і дзяліцца гэтым з людзьмі, і іх таксама парадаваць, тым больш, што работа ў аграрыяў вельмі нялёгкая. І на свінакомплексе, і ў полі за штурвалам трактара чалавек стамляецца, і дадаць яму энергіі “дарагога каштуе”. У той дзень, калі я пабывала ў гаспадарцы, жанчыны згатавалі 80 абедаў. Смачны абед любога чалавека парадуе, дадасць сіл. Алена і яе калектыў гэта ведаюць, таму і стараюцца кожны дзень на славу, з натхненнем.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *