Агляд гатоўнасці тэхнікі да палявых работ прайшоў на Бераставіччыне

Лента новостей

14 сакавіка, у аўторак у гаспадарках Бераставіччыны прайшоў агляд гатоўнасці тэхнікі да вясенніх палявых работ. Камісія на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрыем Кадргулавым пабывала на машынных дварах гаспадарак. У аб’езде прынялі ўдзел начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці Аляксандр Курыла, загадчык сектара механізацыі Віктар Боська, галоўны спецыяліст сектара механізацыі Дзмітрый Шавель, а таксама старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Апон. Вясна ў гэтым годзе ў адрозненне ад многіх іншых гадоў прыйшла “рашуча”, не пакінуўшы часу на “раскачку” працаўнікам сельскай гаспадаркі. Таму той, хто не спаў у шапку, а рыхтаваўся загадзя, безумоўна выйграў.
— Усё пачынаецца з парадку, — адзначыў у самым пачатку агляду ў КСУП “Пагранічны- Агра” Дзмітрый Рафаэльевіч.
І сапраўды, калі ў аграрыяў ўсё “раскладзена па паліцах”, работы выконваюцца планамерна, а людзі працуюць дружнай зладжанай камандай, вясну можна сустрэць ва ўсеўзбраенні.
Камісія наведала ў КСУП “Пагранічны-Агра” тры аб’екты – пасля машыннага двара “Цецяроўка” накіравалася на машынныя двары “Грыцавічы” і “Кватары”. У гэтай сельгасарганізацыі распрацаваны план вясенне-палявых работ, прадстаіць значны “фронт работ”, у час якіх будуць задзейнічаны 5 энерганасычаных трактароў, 4 абаротных плугі, 5 культыватараў, 3 пасяўных агрэгаты і іншая вытворчая тэхніка. Рамонт у іх ужо заканчваецца. Са спецыялістамі адбылася канструктыўная гутарка, у час якой было ўказана, на што неабходна звярнуць увагу, у тым ліку, напрыклад, на захаванне патрабаванняў аховы працы.
У СВП “АграМір” камісіі была прадстаўлена змястоўная інфармацыя аб будучых вясенне-палявых работах. Напрыклад, ранневясенняму закрыццю вільгаці падлягаюць 740 гектараў, ворыва будзе праведзена на 360-ці. Для падкормкі азімых збожжавых вельмі прыдатны самаходны апырсквальнік “Раса”. На сяўбе яравых збожжавых і зернебабовых культур будзе выкарыстоўвацца магутны трактар “Джон Дзір” і агрэгат АПП-6. Кукуруза будзе пасеяна на 540 гектарах з дапамогай увішнай “Монасем”. Аграрыям былі дадзены парады, як лепш падысці да такога важнага экзамену “на спеласць”, бо як вядома, веснавы дзень год корміць.
У КСУП “Пархімаўцы” плошча, якая апрацоўвацца, складае таксама немалы клін – 2920 гектараў, з якіх збожжавыя і зернебабовыя займаюць 1345 гектараў. Закрыццё вільгаці, унясенне арганікі, мінеральных угнаенняў, сяўба збожжавых і зернебабовых, цукровых буракоў і кукурузы, пасадка бульбы патрабуюць спраўнай тэхнікі. Як і ў іншых гаспадарках вобласці і рэспублікі, у “Пархімаўцах” бываюць свае цяжкасці, таму камісія дала слушныя рэкамендацыі, як пастарацца іх вырашыць.
У КСУП “Варанецкі” прыемна было паглядзець на спраўную тэхніку на лінейцы гатоўнасці. Гэтая гаспадарка – сапраўдны флагман, адна з лепшых на Бераставіччыне. Старшыня Іосіф Колас разам са спецыялістамі расказаў, як яны падрыхтаваліся да чарговай пасяўной кампаніі. Тэхніка дагледжаная, яе ў дастатку. Усе віды работ аграрыі пастараюцца правесці ў аптымальны тэрмін. А асаблівы акцэнт тут Дзмітрый Рафаэльевіч Кадргулаў зрабіў на ахове працы. Дробязяў на вытворчасці не бывае. Напрыклад, і вопратка, і абутак пры выкананні палявых работ павінны быць адпаведныя, і патрабаванні трэба выконваць. Атрымаць траўму можна, напрыклад, зачапіўшыся, і ад сумнавядомых базарных “сланцаў”, таму трэба зрабіць усё, каб растлумачыць механізатарам, што ўласная адказнасць пры выкананні работ – лепшы дарадца і ахоўнік. Дарэчы, актуальным пытанням чарговага важнага этапу вытворчасці быў у гэтай гаспадарцы прысвечаны і ўчарашні сход.
У час аб’езду гатоўнасці тэхнікі да вясенніх палявых работ у гаспадарках Бераставіччыны былі праведзены канструктыўныя гутаркі, зроблены трапныя заўвагі, дадзены карысныя парады. Такі агляд вельмі патрэбны і актуальны, таму што “свежае вока” кваліфікаванай і дасведчанай камісіі часта заўважае тое, што на месцах можна часам і не заўважыць, або не прыдаць гэтаму належнага значэння.
У добры час, шаноўныя аграрыі! Няхай у поле выйдзе надзейная тэхніка і ўсе работы будуць выкананы якасна і ў аптымальны тэрмін!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *