Жанчыны КВУП “Бераста­віцкая сельгастэхніка” робяць стаўку на аптымізм

Лента новостей

Галоўны эканаміст КВУП “Бераста­віцкая сельгастэхніка” Анжэла Акулевіч нарадзілася ў далёкім і незвычайным па сваёй адметнай прыгажосці Пермскім краі. Хвойным разлапістым дываном больш чым напалову пакрывае яго тайга з блакітнымі пацеркамі азёр і стужкамі рэк. Суцэльны зялёны хвойны лес, “канца-краю не відаць”, змяняецца пярэстымі лапікамі светлых бяроз, а дароў прыроды тут значна больш, чым у іншых месцах.
У гады існавання Савецкага Саюза ў такія месцы прыязджалі людзі з розных рэспублік на заробкі, і сярод такіх мужчын быў і Анжэлін тата – беларус з Ваўкавыскага раёна, які ўладкаваўся сплаўляць лес па рацэ. Ён ажаніўся з прыгожай мясцовай дзяўчынай, якая была там кухарам. А калі Анжэла падрасла, дык пабывала ў Беларусі, на радзіме бацькі ў свайго дзядулі, і тут ёй вельмі спадабалася. Клімат у нас значна цяплейшы, спрыяльны для садавіны. Уразілі дзяўчынку спелыя, амаль чорныя вішні, чырванабокія салодкія яблыкі. Ёй захацелася жыць тут. Сям’я пераехала на Ваўкавышчыну. Дзяўчына вывучылася на прадаўца, а потым закончыла Гродзенскі аграрны ўніверсітэт.
Прафесія эканаміста вельмі ціка­вая, гаворыць мая субяседніца. Галоўная задача, якая зараз стаіць перад іх прадпрыемствам, гэта павышэнне эканамічнай эфектыўнасці, зніжэнне выдаткаў, умацаванне агульнага дабрабыту. Мінулы год парадаваў тым, што ўдалося добра зарабіць на перавозцы цукровых буракоў ад гаспадарак на буракапрыёмны пункт і загрузцы іх у вагоны. Добра спрацаваў дылерскі цэнтр і іншыя ўчасткі. Калектыў імкнецца, каб і гэты год прынёс новыя здабыткі ў агульную скарбонку.
А галоўны бухгалтар сельгастэхнікі Людміла Кузьма – мясцовая жыхарка. Яна таксама закончыла аграрны ўніверсітэт. Работа яе патрабуе вялікай адказнасці. Працаваць з “сухімі лічбамі” ёй не сумна, таму што гэтыя лічбы – як зладжаныя элементы цэласнай карціны, за якой стаяць лёс прадпрыемства і кожнага працаўніка. Людзі стараюцца працаваць, таму што ад кожнага з іх на сваім месцы залежыць далейшае развіццё арганізацыі і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
Дзве гэтыя абаяльныя жанчыны – добрыя гаспадыні і мамы. Іх аб’ядноўвае адна выдатная рыса характару – аптымізм. Аптымізм дапамагае жыць, таму што чалавек засяроджваецца не на перажываннях нечага непрыемнага, а на рашэнні канкрэтных задач для паляпшэння сітуацыі. А псіхолагі сцвярджаюць, што аптымісты ў сярэднім жывуць на 10 гадоў больш у параўнанні з песімістамі. Так што стаўка на аптымізм апраўданая. Радуйцеся жыццю, гэта лепшы рэцэпт!
Са святам вас, уся прыгожая палова Бераставіцкай сельгастэхнікі! Моцнага ўсім здароўя, шчасця, дабрабыту, удачы, кахання, якое асвятляе жыццё!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *