Тыдзень акцябрат у Канюхоўскай школе

Лента новостей

Традыцыйна ў студзені ў піянерскай дружыне імя Вольгі Соламавай Канюхоўскага дзіцячага сада – СШ праходзіць тыдзень акцябрат. Не стаў выключэннем і гэты год. У канцы студзеня акцябраты з вялікім задавальненнем удзельнічалі ў разнастайных мерапрыемствах,  падрыхтаваных для іх важатымі і педагогам-арганізатарам А.М.Кажанеўскай.
Як расказала Алена Мікалаеўна, на адкрыццё тыдня ў школу завітаў паштальён Печкін з тэлеграмай ад савета дружыны, якая змяшчала план мерапрыемстваў для малодшых школьнікаў. Але каб атрымаць гэтую тэлеграму, акцябратам прыйшлося нямала пастарацца, прадставіць візіткі сваіх атрадаў.
У наступны дзень маленькіх школьнікаў чакала “Падарожжа ў краіну Ветлівасці”. Праз удзел у разнастайных гульнях, інсцэніроўках, дэкламацыю вершаў акцябраты спасцігалі законы ветлівасці, вучыліся быць выхаванымі, правільна паводзіць сябе ў розных сітуацыях.
Яшчэ адзін дзень  тэматычнага тыдня быў прысвечаны правядзенню фальклорнай мазаікі “Чароўная кветка”, у час якой акцябрацкія атрады спаборнічалі ў веданні твораў вуснай народнай творчасці: спявалі калыханкі, пацешкі, адгадвалі загадкі, успаміналі прыказкі і прымаўкі.
Вельмі спадабалася акцябратам і спартландыя “Вясёлыя старты”, яна дала магчымасць малодшым школьнікам паказаць свае сілы, спрыт і моц у спартыўных конкурсах. Тут ужо не было роўных акцябрацкаму атраду “Дружныя рабяты”, які і стаў пераможцам.
На закрыццё тыдня для ўсіх яго ўдзельнікаў было арганізавана “Свята дружбы”, дзе  акцябраты весела спявалі песні пра дружбу, чыталі вершы, дзяліліся ўражаннямі ад мерапрыемстваў, у якіх прымалі ўдзел.
Акрамя гэтага, канюхоўскія акцябраты актыўна ўключыліся ў другі этап рэспубліканскай гульні “Пароль – акцябронак” і прынялі ўдзел у аперацыі “Кармушка”.  Малодшыя школьнікі зрабілі і развесілі каля школы 9 кармушак для птушак і штодзённа папаўняюць іх кормам, каб падтрымаць птушак у цяжкія для іх зімовыя дні.

Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *