Прайшоў семінар-вучоба прафсаюзнага актыву Бераставіцкага раёна

Лента новостей

9 лютага гэтага года ў г. п. В.Бераставіца адбыўся  семінар-вучоба  прафсаюзнага актыву раёна. Удзел у ім прынялі старшыня і загадчык сацыяльна-эканамічнага аддзела Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў І.І.Гайдукевіч і У.Л.Жалкоўскі, загадчык сацыяльна-эканамічнага аддзела Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза аграпрамысловага комплексу І.Д.Арлоўскі, першы намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.У.Хелскі, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама У.В.Філон і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрымысловага комплексу У.А.Апон.
Пра работу па калектыўна-прававому рэгуляванні сацыяльна-працоўных адносін, паляпшэнні сацыяльнай абароненасці людзей у нашым раёне расказаў прысутным У.В.Філон. Адзначалася, што ў раёне  заключаны 52 калектыўныя дагаворы, адно раённае пагадненне і 3 галіновых. Філіялы кіруюцца ў сваёй рабоце калектыўнымі дагаворамі сваіх галаўных арганізацый. У раёне няма выпадкаў адмоў наймальнікаў у заключэнні калектыўных дагавораў. У такіх дакументах прадугледжваецца комплекс мер па рашэнні сацыяльна-эканамічных пытанняў.
На працягу мінулага года ў нашым раёне было зарэгістравана 25 калектыўных дагавораў. Такі дакумент – гэта асноўны нарматыўны акт, які рэгулюе працоўныя і сацыяльна-эканамічныя адносіны паміж наймальнікам і працаўнікамі. Ён адлюстроўвае ступень сацыяльнай абароненасці членаў працоўнага калектыву.
Уладзімір Вікенцьевіч завастрыў увагу на якасці калектыўных дагавораў. Нягледзячы на тое, што гэта важны дакумент, у некаторых арганізацыях у ім дапушчана шмат граматычных і стылістычных памылак, адсутнічаюць дадаткі. У той жа час няма прэтэнзій, напрыклад, да калектыўных дагавораў РУП ЖКГ, Бераставіцкага масласырзавода, аграфірмы “Стары Дворац” і іншых. Яны складзены правільна, ёсць неабходныя дадаткі.
Здараецца, што ўзнікаюць пытанні па несвоечасовай рэгістрацыі гэтых дакументаў. На жаль, у Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь не ўстаноўлены памежны тэрмін рэгістрацыі калектыўнага дагавора. Большасць рэгіструе яго на працягу двух тыдняў. Былі выпадкі, калі пасля падпісання яго рэгістравалі праз два месяцы.
Калектыўны дагавор можа адлюстроўваць розны ўзровень сацыяльных гарантый. Гэта залежыць ад фінансавага дабрабыту арганізацый. Пахваліць за клопат аб людзях можна СВК імя Варанецкага, “Алекшыцы”, “Цецяроўка”. Сярод сельгаскааператываў найбольш “скупым” на сацыяльныя гарантыі аказаўся СВК “Пархімаўцы”. Некаторыя з іх тут нават ніжэйшыя, чым тыя, што гарантуе Працоўны кодэкс. Напрыклад, працаўнікам, якія вярнуліся ў  гаспадарку пасля службы ў арміі, аказваецца матэрыяльная дапамога ў памеры 5 базавых велічынь (175 тысяч рублёў). А згодна з артыкулам 342 Працоўнага кодэкса павінна выплачвацца мінімальная заработная плата (460 тысяч рублёў). Мала гарантый прадстаўляецца пенсіянерам.
У 2010 годзе па пытаннях працоўнага заканадаўства ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама звярнуліся 130 чалавек, у сувязі з узнікненнем канфліктных сітуацый – 62, з іх 20 па пытаннях аплаты працы, у сувязі з прыёмам, пераводамі і звальненнем– 30, несвоечасовай выплатай разліку – 5 і па іншых праблемах– 7. Найбольшая колькасць абгрунтаваных скаргаў звязана парушэннем наймальнікамі заканадаўства аб працы пры пераводзе і звальненні.  Сярод арганізацый раёна “лідзіруе” райспажыўтаварыства. Там адбыліся 4 непажаданыя  выпадкі. Напрыклад, мелі месца дзве спробы незаконнага пераводу працаўнікоў на іншую работу.
Пракуратура Бераставіцкага раёна пераадрасавала па кампетэнцыі ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне пісьмовы калектыўны зварот часовых працаўнікоў філіяла ААТ “Малочны Мір” СВП “АграМір”. Пры разглядзе было ўстаноўлена, што дырэкцыя прадпрыемства дапусціла  шэраг парушэнняў працоўнага заканадаўства. Па выніках праверкі вынесена прадпісанне. Звольненым працаўнікам даплачаны грошы.
У большасці выпадкаў наймальнікі аператыўна выкаранялі выяўленыя парушэнні. Аднак мелі месца выпадкі, калі наймальнікі выкаранялі іх толькі пасля рашэння суда. Напрыклад, суд Бераставіцкага раёна задаволіў іскавую  заяву работніка аб незаконным скасаванні працоўнага дагавора ў Малабераставіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе і  іскавую заяву  работніка аб несвоечасовай выплаце сярэдняга заробку за час працоўнага адпачынку ў РУП ЖКГ. Пры садзейнічанні суда заключана міравое пагадненне паміж працаўніком і Бераставіцкай ЦРБ. Наймальнік не выканаў умову кантракта ў частцы прадстаўлення дадатковага адпачынку за ненармаваны працоўны дзень.
Аналіз зваротаў грамадзян паказвае, што прычынамі парушэнняў сталі няведанне асноў працоўнага заканадаўства асобнымі кіраўнікамі  і спецыялістамі, складаны фінансавы стан некаторых арганізацый, бяздзеянне камісій па працоўных спрэчках.
Прааналізавалі абстаноўку ў прафсаюзнай рабоце вобласці і акрэслілі задачы на гэты год Уладзімір Людвігавіч Жалкоўскі і Іосіф Іосіфавіч Гайдукевіч. За мінулы год у Гродзенскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў звярнуліся  пісьмова 879 чалавек, вусна – 7064. Кожны зварот быў уважліва разгледжаны, людзям аказана кваліфікаваная дапамога.  Змястоўная гутарка вялася аб адпаведнасці калектыўных дагавораў заканадаўству, прынцыпах сацыяльнай справядлівасці, папярэджанні злоўжыванняў з боку наймальнікаў, стварэнні спрыяльнай атмасферы ў працоўных калектывах. “Галоўнае – работа з людзьмі”, — адзначыў  старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. У той час, калі на пяцігодку пастаўлена важная задача – зрабіць магутны эканамічны рывок, кансалідацыя ў працоўных калектывах і супрацоўніцтва набываюць асаблівае значэнне.
Вынікі раённага семінара-вучобы падвёў і вызначыў шляхі работы на гэты год у прафсаюзных арганізацыях раёна Уладзімір Аляксандравіч Апон.  Сустрэча была цікавай і карыснай.
На здымку:  І.І. Гайдукевіч, У. Л.  Жалкоўскі і У. А. Апон.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *