Юныя мастакі з Бераставіччыны прынялі ўдзел у выставе да 150-годдзя Льва Бакста ў Гродне

Культура Лента новостей

1-%d0%b1%d0%b0%d0%ba%d1%81%d1%82 1-%d0%b1%d0%b0%d0%ba%d1%81%d1%82%d0%b0У суботу, 8 кастрычніка, у Гродзенскім абласным драмтэатры адкрылася мастацкая выстава дзіцячых работ, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння Льва Бакста, – знакамітага тэатральнага мастака родам з Гродна.
Выстава падрыхтавана галоў­ным упраўленнем ідэала­гічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама. Экспанаты яе – творчыя работы навучэнцаў мастацкіх школ і дзіцячых школ мастацтваў, а таксама Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, якія ўдзельнічалі ў абласным конкурсе і былі прызнаны лепшымі.
Тэматыка конкурсу – тэатральнае мастацтва і творчая спадчына Льва Бакста. Удзельнічалі ў ім і выпускнікі мастацкага аддзялення Бераставіцкай ДШМ Валерый Цярэшка і Аляксандра Крэйза, а таксама і вучань 4-га класа Ілля Матысік. На абласную выставу трапілі два малюнка – “Танец добрай Феі” (А.Крэйза) і “Тэатральны касцюм палкаводца Радамеса для оперы “Аіда” Вердзі” (В.Цярэшка). Выкананыя на высокім узроўні яркія работы нашых юных мастакоў – адметныя на выставе. Яны сапраўды з’яўляюцца яе ўпрыгожаннем.
Несумненна, дзіцячы поспех пачынаецца з якаснай адукацыі. Настаўнік удзельнікаў конкурсу Андрэй Втарушын паспрыяў як у выбары тэмы, так і ў стварэнні тэатральнай атмасферы, якая панавала пры напісанні работ. Юныя мастакі пад кіраўніцтвам свайго настаўніка вывучалі гісторыю беларускага тэатральнага жанру і сцэнічных касцюмаў, разглядалі адпаведныя тканіны, а яшчэ знаёміліся з творчай спадчынай Льва Бакста, яго малюнкамі і ілюстрацыямі.
Творы юных мастакоў убачаць і ў Парыжы. Яны будуць экспанавацца ў штаб-кватэры ЮНЭСКА, рашэннем Генеральнай канферэнцыі якой 2016 год быў аб’яўлены годам Бакста.

Для даведкі
img10329Леў Бакст (Лейб-Хаім Ізраілевіч Розенберг) нарадзіўся ў 1866 го­дзе ў г.Гродна. Пасля вучобы ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў і парыжскіх мастацкіх школах Леў Бакст стаў адным з заснавальнікаў легендарнага аб’яднання «Свет мастацтва» і аднайменнага часопіса. Ён быў выдатным партрэтыстам, ілюстратарам, дэкаратарам і мадэльерам свайго часу. Сусветна вядомым мастак стаў у выніку супрацоўніцтва з балетным імпрэсарыа Сяргеем Дзягілевым, па запрашэнні якога бліскуча аформіў шэраг пастановак «Рускіх сезонаў» у Парыжы, такіх як «Клеапатра» (1909), «Шахеразада» (1910), «Жар-Птушка» (1910), «Нарцыс» (1911), «Дафніс і Хлоя» (1912). З 1910 года жыў у Парыжы, дзе і памер у 1924 годзе.
Выставы работ Льва Бакста праводзяцца ў самых прэстыжных музеях свету. Цэны на яго творы б’юць рэкорды продажу на сусветных аўкцыёнах. У 2012 годзе на аўкцыёне «Christie’s» у Лондане тэатральны эскіз «Жёлтая султанша» Бакста быў прададзены больш чым за 1 мільён еўра.
Святлана Ганчарова,
фота Андрэя Втарушына



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *