Працэсія Божага Цела ў даваеннай Бераставіцы

Из истории земли Берестовицкой Культура

2012-09-28-%d0%be%d0%b1%d1%802Божае Цела – адно з галоўных і найбольш шануемых святаў у каталіцкім календары. Дакладная яго назва – Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Прыпадае свята на чацвер, 60-ты дзень пасля Вялікадня. Святкаванне звязана з літургічнай працэсіяй вернікаў, якія ідуць калонай па вуліцах мястэчка, затрымліваючыся па чарзе каля кожнага з чатырох загадзя ўсталяваных часовых алтароў (станцый). У даваеннай Польшчы гэты святочны дзень быў вольным ад працы. Жыхары Вялікай Бераставіцы тых часоў адзначалі свята наступным чынам.
Усё пачыналася каля парафіяльнага касцёла Перамянення Пана. Калона для працэсіі фарміравалася менавіта тут. У касцёльнай закрысціі захоўваўся ўвесь неабходны для працэсіі інвентар – харугвы, штандары, фератроны (перанасныя абразы) і інш.
У вызначаны час калона пачынала свой рух вуліцай Гродзенскай (Леніна) у бок Рынкавай плошчы. На чале калоны ішлі вернікі з харугвамі, за імі дзеці ў белым камунійным адзенні і пробашч з манстранцыяй у руках. Дзяўчынкі пад наглядам дарослых сыпалі пад ногі ксяндза, які нёс Найсвяцейшы Сакрамэнт – Цела Хрыста, пялёсткі кветак, а над яго галавой чатыры мужчыны ў белых комжах трымалі балдахім. Сыпанне кветак сімвалізуе любоў вернікаў да Збаўцы і ўдзячнасць яму за атрыманыя ласкі. Далей за святаром ішла асноўная маса ўдзельнікаў мерапрыемтва.
Леваруч мінаючы рынак, перад будынкам „абэржы” (ратушы) калона паварочвала ўлева, накіроўваючыся далей вуліцай Свентаяньскай (Чырвонаармейскай) да свайго першага прыпынку. Пры развіліне з вуліцай Свіслацкай стаяла абсаджаная акацыяй прыдарожная каплічка Св. Яна Непамука, якая лічылася першай станцыяй працэсіі. Трэба адзначыць, што згодна з касцёльнай традыцыяй, такіх прыпынкаў у працэсіі было чатыры, што адпавядае колькасці евангелістаў (Мацвей, Марк, Лука і Ян), стваральнікаў чатырох Евангелляў. Напярэдадні свята алтары-станцыі старанна ўпрыгожваліся мясцовымі жанчынамі і дзецьмі. На іх чаплялі зялёныя бярозавыя альбо ліпавыя галінкі, розныя кветкі, нацягвалі доўгія каляровыя стужкі.
Пасля чытання кароткага ўрыўка з Евангелля святар благаслаўляў удзельнікаў урачыстасці, і калона,славячы песнямі Бога, працягвала шэсце вызначаным маршрутам.
Другі алтар быў на вуліцы Свіслацкай побач з домам бераставіцкага мешчаніна Марціна Жука. Пры крутым павароце дарогі ўправа ў атачэнні ліпаў стаяў высокі прыдарожны крыж. Пасля літургічных абрадаў у гэтым месцы працэсія пераходзіла да чарговай станцыі на скрыжаванні вуліц Свіслацкай і Прабашчоўскай (Чкалава). Тут знаходзіўся яшчэ адзін абсаджаны дрэвамі крыж – трэці прыпынак працэсіі.
Далей калона вуліцай Прабашчоўскай вярталася на Рынкавую плошчу і далей да старога касцёла, які на той час спаўняў ролю чацвёртай, апошняй станцыі. У касцёле адбывалася святочная Імша, пасля якой увесь інвентар, што выкарыстоўваўся ў шэсці, пакідалі тут да наступнай працэсіі.
На працягу тыдня, які яшчэ называецца актавай Божага Цела, парафіяне штодня пад вечар збіраліся ў старым касцёле на Імшу. Падчас яе працэсія выходзіла ў двор і з малітвай абыходзіла навокал будынак касцёла.
Апошні дзень актавы лічыўся заканчэннем свята. Па традыцыі ў гэты дзень пробашч асвячаў вянкі з палявых кветак альбо галінкі бярозы, якія жыхары мястэчка прыносілі з сабой на Імшу. Потым неслі іх дадому, чаплялі ў сенях над дзвярыма і вокнамі, закладвалі за абразы. Лічылася, што асвечаныя зёлкі абараняюць сям’ю, хату і ўсю гаспадарку ад пажараў, навальніцаў і розных хваробаў.
Пасля завяршальнай Імшы ўдзельнікі працэсіі вярталі ў новы касцёл усе харугвы і штандары. У бераставіцкіх касцёлах у гэты дзень білі званы, нагадваючы ўсяму наваколлю аб заканчэнні вялікай урачыстасці.

Сяргей ЛУШЧЫК, г. Гродна

Аўтар выказвае ўдзячнасць за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула жыхару Вялікай Бераставіцы Мар’яну Баеру



2 комментария по теме “Працэсія Божага Цела ў даваеннай Бераставіцы

  1. Здымак 30-х гг., прадстаўлены Алексам Мінейкам — пляменнікам апошняга ўладальніка Вялікай Бераставіцы Станіслава Касакоўскага

  2. Очень интересный довоенный снимок. Как я понимаю в кадр попала мельница. Видно, что хорошие каменщики делали это здание из кирпича. И ещё столбы электролинии . Интересно какого года снимок.?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *