Лагер “Алімпіец”: адпачынак для актыўных і спартыўных

Здравоохранение Спорт

image-0-02-01-11fcb5f831fb070adfff330f44d5c046259938e48320e3ff3ac79f7dbe24f3dc-V OЗавяршыў сваю работу спартыўна-аздараўленчы лагер “Алімпіец”. Сто юных спарт­сменаў – навучэнцаў Бера­ста­віцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы – адпачылі, азда­равіліся, атрымалі загар­тоўку і яркія эмоцыі за дзве змены з 1 па 9 і з 10 па 18 ліпеня.
– Традыцыйна лагер размяш­чаўся на маляўнічым беразе водасховішча Воўпа, – расказвае яго дырэктар Ігар Пармонік. – Адпачынак на ўлонні прыроды, палаткі, касцёр, купанне ў рэчцы – усё гэта абавязковыя складаючыя нашага спартыўна-аздараўленчага лагера. Як і штодзённыя трэніроўкі, спаборніцтвы па падцягванні, ад­жыманні, дартсу, шашках, гульні ў валейбол і футбол. Дарэчы, пераможцы спаборніцтваў у індывідуальным заліку ўзнагаро­джваліся прызамі. Цікава прайшоў у лагеры Міжнародны Алімпійскі дзень, падчас якого адбылася сустрэча выхаванцаў школы з ветэранамі спорта раёна. Прыемным сюрпрызам для адпачываючых стаў прыезд работнікаў Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці з паслугамі батута і гульні лазертаг. А яшчэ нашы спонсары паклапаціліся пра тое, каб узнагародзіць навучэнцаў па выніках навучальнага года. Падарункі атрымалі пераможцы і прызёры абласных, рэспубліканскіх і міжнародных турніраў і чэмпіянатаў.
Спонсары, дарэчы, традыцыйна дапамагаюць лагеру і з прадуктамі харчавання. Так, ААТ “Малочны Мір”, птушкафабрыка, СВК “Цецяроўка” выдзелілі прадуктаў на суму 900 рублёў, а быткамбінат дапамог з транспартам для перавозкі палатак, прадуктаў і іншага абсталявання.
Індывідуальны прадпрымальнік Юрый Пятручак на час працы лагера «Алімпіец» прадаставіў для адпачываючых катамаран. А повары – вопытны майстар Валянціна Хакала і працуючая ўпершыню ў гэтым статусе Ганна Фёдарава – стараліся накарміць дзяцей па-хатняму смачна і карысна. І хоць надвор’е не заўсёды радавала гарачымі дзянькамі, юным спартсменам сумаваць не давялося. Яны цудоўна адпачылі, набраліся сіл і з карысцю правялі свой вольны час на свежым паветры ў коле сяброў.
***
На водасховішчы Воўпа была арганізавана таксама работа спартыўна-аздараўленчага лагера “Спартанец” раённай ДЮСШ прфсаюзаў.
Святлана Ганчарова, фота з архіву Бераставіцкай ДЮСШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *