Да Дня вызвалення Бераставіччыны

Лента новостей

 

1123 чэрвеня 1944 года пачалася Беларуская наступальная аперацыя пад кодавай назвай “Баграціён”. У ходзе яе ўся тэрыторыя нашай рэспублікі, у тым ліку і Бераставіччына, была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пераадольваючы моцнае супраціўленне праціўніка і адбіваючы яго ярасныя контратакі, воіны 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі 15 ліпеня сходу фарсіравалі раку Рось і, пераадолеўшы за суткі звыш 30 кіламетраў, падышлі да Вялікай Бераставіцы.

Баі за Бераставіцу…
Авалодаць адразу гарадскім пасёлкам байцы не змаглі. Гітлераўцы падцягнулі рэзервы і ўпарта абараняліся.
… Некалькі разоў савецкія воіны кідаліся ў атаку і кожны раз вымушаны былі адыходзіць пад моцным агнём праціўніка, несучы вялікія страты. У крытычны момант бою ва ўвесь рост падняўся маёр Лебядзінскі і павёў за сабой гвардзейцаў, якія ў жорсткай атацы 16 ліпеня выбілі гітлераўцаў з гарадскога пасёлка. Лебядзінскі ў тым баю загінуў смерцю героя, ён пахаваны ў брацкай магіле ў Вялікай Бераставіцы ( з раённай кнігі “Памяць”).

…І на рацэ Свіслач
У тыя ліпеньскія дні па тэрыторыі нашага раёна праходзіла многа самых розных воінскіх падраздзяленняў. Вызваліўшы большую частку тэрыторыі Бераставіччыны, яны выйшлі на ўсходні бераг Свіслачы. І гэтая рака стала наступным рубяжом, дзе разгарнуліся моцныя баі. Нямецка-фашысцкае камандаванне рабіла ўсё магчымае, каб затрымаць наступленне нашай арміі. Прывёўшы ў парадак рэшткі сваіх адступаючых войскаў і падцягнуўшы з глыбокага тылу некалькі злучэнняў і часцей, яно арганізавала на рацэ досыць моцную абарону. Як сведчаць архіўныя дакументы, тут знаходзіліся дзве паліцэйскія дывізіі і вядомая дывізія “Мёртвая галава”.
У журнале баявых дзеянняў войскаў 2-га Беларускага фронту, якія вызвалялі Бераставіччыну, 17 ліпеня 1944 г. запісана, што 3-я армія, праследуючы і знішчаючы праціўніка, выйшла на ўсходні бераг р. Свіслач. К 18 гадзінам 323-я стралковая дывізія 35-га стралковага корпуса захапіла плацдармы на заходнім беразе ракі ў раёне вёсак Грайна, Казлы, Канюхі і Одла (з раённай кнігі “Памяць”).
У гэты ж дзень, 17 ліпеня, з 6 да 13 гадзін 41-ы корпус (камандзір генерал-маёр Урбановіч), начальнік штаба палкоўнік Пятрэнка) прайшоў наперад на 19-20 кіламетраў, вызваліўшы да 40 населеных пунктаў, і выйшаў да ракі на рубяжы Спудзвілы–Дзіневічы–Непарожнеўцы–Рудаўляны.
Працягваючы агнявы бой з праціўнікам, часці вялі разведку падыходаў да ракі і нарыхтоўвалі лесаматэрыял для яе фарсіравання. На зыходзе сутак дывізіі займалі абарону на рубяжах: 283-я – Спудзвілы –Дзіневічы, 269-я – Непарожнеўцы – Галынка, 120-я гвардзейская дывізія – Рудаўляны – Мінчыкі (з раённай кнігі “Памяць”).
Байцы 250-й стралковай дывізіі 35-га стралковага корпуса наступалі праз нашы вёскі Данілкі – Даўбянкі і Карпаўцы – Малая Бераставіца – Кавалі – Калеснікі – Малыя Эйсманты –Яліна – Спудзвілы – Дзіневічы. Увогуле, нашы населеныя пункты ўпамінаюцца ў баявых данясеннях аж дзесяці стралковых дывізій. Як сведчыць усё тая ж раённая кніга “Памяць”, за ліпень толькі ў 250-й дывізіі страты асабовага саставу склалі: афіцэраў – 122, сяржантаў – 291, радавых чырвона­армейцаў – 780. Многія з іх загінулі на нашай зямлі. У баях паблізу Малой Бераставіцы загінуў камандзір гэтай 250-й дывізіі палкоўнік Г.Н.Цітаішвілі, а таксама яго ад’ютант капітан Маставых. На месцы гібелі Геронція Несцеравіча Цітаішвілі быў устаноўлены мемарыяльны знак. Цяжка паранены быў у баях за вёску Магіляны камандзір 1287-га стралковага палка 110-й стралковай дывізіі падпалкоўнік Яцэнка… А ўсяго паха­ванымі ў магілах на бераставіцкай зямлі значыцца 796 чырво­на­­армейцаў. Яны загі­нулі пры абароне і вызваленні нашага раёна. І амаль усе пахаваны ў брацкіх магілах у Вялікай Бераставіцы.
Пры вызваленні Бе­раста­віччыны быў цяжка ранены і радавы Аляксей Кузняцоў. Ён памёр у медсанбаце, які размяшчаўся ў вёсцы Краснікі.
Загінуў на нашай зямлі і радавы Усевалад Галаўко. Быў моцна ранены пры вызваленні раёна радавы Даніла Крыніцкі, 23 чэрвеня 44-га баец памёр ад ран у Бераставіцкім шпіталі. На жаль, імёны большасці байцоў, якія аддалі свае жыцці за вызваленне нашай роднай Бераставіччыны, застаюцца пакуль невя­домымі…
Вось адзін эпізод з тых нялёгкіх баёў на рацэ Свіслач, які занатаваны ў кнізе “Памяць”:
“ У 11 гадзін 922-гі полк адным стралковым узводам фарсі­раваў р.Свіслач у раёне в.Спудзвілы, а ў 14 гадзін 30 хвілін фарсіравала р. Свіслач 2-я стралковая рота 922-га палка, заняла першую абарончую траншэю праціўніка і авалодала в. Ямашы. Да 23 гадзін пераправіліся цераз раку апошнія падраздзяленні палка. Асабліва вызначылася ў гэтых баях 6-я стралковая рота 2-га стралковага батальёна… Камандзір роты – Заўялаў. Рота ў рашучым рыўку, знянацку для праціўніка, апынулася каля пераправы і фарсіравала р.Свіслач, захапіўшы плацдарм на заходнім беразе. Першымі там апынуліся чырвонаармейцы Багранёвых, Маладцоў і Лебедзеў. Камандаваннем яны прадстаўлены да ўрадавай узнагароды – ордэна Чырвонага Сцяга”.

Атрад “Звязда” злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі
Вось што ўспамінае пра гэты незабыўны дзень начальнік разведкі партызанскага атрада “Звязда” М.В. Сьянаў (урывак з раённай кнігі “Памяць”):
“… Мы звязаліся па рацыі з камандаваннем фронту, назвалі яму сваё месцазнаходжанне. Дамовіліся аб сумесных дзеяннях.
Ніколі не забудзецца гэты дзень. Напярэдадні вызвалення Бераставіцы ад нямецка-фашыскіх захопнікаў я з групай партызан знаходзіўся ў лясным масіве, які раскінуўся ад яе на паўднёвым захадзе. Партызанская група налічвала 38 чалавек. У асноўным гэта былі разведчыкі.
Перад тым, як злучыцца з байцамі Чырвонай Арміі, мы вытрымалі жорсткі бой з адступаючымі гітлераўцамі… 22 фашысты былі ўзяты ў палон нашай партызанскай групай. Асаблівай мужнасцю вызначыліся ў гэтай сутычцы з фашыстамі камандзір партызанскага атрада “Звязда” Іван Пупко, камісар Самуіл Шварцман, партызаны-разведчыкі Іван Асташоў, Рыгор Недапёкін, Сахі Гібадулін, Яфім Ігнацьеў, Марыя і Іван Бурневічы і іншыя.
Назаўтра мы злучыліся з воінамі 129-й дывізіі. Са слязамі радасці на вачах партызаны моцна абдымаліся з салдатамі.
…Многім нашым партызанам было даручана застацца на месцы. Яны сталі ў раёне першымі арганізатарамі па аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі, па наладжванні мірнага жыцця.
…Больш як тры гады знаходзіўся наш край пад акупацыяй. І мы, партызаны, адчувалі актыўную дапамогу мясцовага насельніцтва, якое забяспечвала нас зброяй, харчамі, адзеннем, медыкаментамі. У мясцовых людзей знаходзілі прытулак і лячыліся раненыя партызаны.
Так прыйшло ў наш родны і любы край доўгачаканае вызваленне. І ўдзячнасць тым, хто цаною ўласнага жыцця падарыў нам мірнае неба над галавой, павінна заўжды жыць у нашаых сэрцах.
Падрыхтавала
Марыя Драпеза



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *