50 гадоў разам па жыцці

Лента новостей

IMG_4111 1У гэты суботні дзень залатое вяселле адзначаюць Ніна Анатольеўна і Віктар Іванавіч Мацейкі, жыхары вёскі Старынцы. Прыкметны след пакінула гэтая шлюбная пара ў жыцці роднай вёскі. Доўгія гады сённяшнія юбіляры працавалі разам на малочнатаварнай ферме, дамагаючыся нязменна добрых вынікаў. Разам яны выгадавалі і выхавалі чатырох дачок. Ніна Анатольеўна за працоўныя поспехі ў 1986 годзе ўзнагароджана ордэнам Працоўнай Славы III ступені. На працягу 20 гадоў выбіралася дэпутатам сельскага Савета, была членам праўлення калгаса, старшынёй таварыскага суда і па гэты дзень працягвае, як кажуць, несці грамадскую нагрузку. З 2007 года яна — стараста вёскі Старынцы. Віктара Іванавіча і сёння добра ведаюць людзі старэйшага ўзросту ў многіх навакольных вёсках як выдатнага гарманіста.

— У суботу праводзіў яе дадому пасля танцаў, у аўторак сустрэліся з бацькамі, у чацвер падалі заяву, а ў наступную суботу распісаліся і пражылі разам 50 гадоў, — кажа Віктар Іванавіч.
І тут мне міжволі прыгадалася рэпліка Фядоса Ходаса з папулярнага ўжо многія гады кінафільма «Белыя Росы»: « Я с вашей матерью не объяснялся, про любовь никакую там не говорил, а почти 50 годов вместе душа в душу. А вы… любовь-любовь, сюсю-ля-ля… и на развод…».
У нашых жа герояў сённяшняга апавядання гісторыя кахання, вядома, была, няхай і не такая працяглая. Пазнаёміліся яны ў Старым Дворцы на танцах у выхадны дзень. Спадабаліся адзін аднаму, Віктар Іванавіч праводзіў дзяўчыну дадому, і дамовіліся сустрэцца ў аўторак. Але так выйшла, што ён не змог прыйсці на спатканне, быў заняты на будаўніцтве дома. Падвёў, атрымліваецца будучую нявесту. А на наступныя выхадныя сустрэліся на танцах у Моцькаўцах. Толькі Ніна была ўжо не адна, а з іншым кавалерам. Паглядаў, вядома, Віктар у той бок скоса, але падысці не адважваўся. Мясцовая моладзь ведала яго як добрага гарманіста, і ён з задавальненнем пагадзіўся пайграць. А тут раптам Ніна знікла. Праз тыдзень Віктара папрасілі пайграць на танцах у Вярэйках. Там і адбылася іх затым лёсавызначальная сустрэча.
— У той час я працавала ў інтэрнаце ў Вярэйках, — працягвае гутарку Ніна Анатольеўна. — На трэці дзень пасля нашага роспісу прыехаў да мяне аграном са Старынцоў і папрасіў, каб я прыйшла на працу ў калгас вагаўшчыком. Я пагадзілася, звольнілася з інтэрната і пераехала жыць да свайго мужа. Жылі мы ў гэтым самым доме, са свякрухай разам. Крыху больш чым праз месяц згулялі вяселле. Потым, калі ў Старынцах адкрылі краму, я была першай там прадаўшчыцай. А неўзабаве нарадзілася і старэйшая дачка. Пасля дэкрэтнага водпуску прымала тару ў Вялікай Бераставіцы, працавала на масласырзаводзе.
Пасля нараджэння другой дачкі працоўная біяграфія Ніны Анатольеўны змянілася карэнным чынам. Спачатку яна дапамагала свякрусе даіць кароў, а потым і сама стала даяркай. І так прыкіпела да гэтай справы, што ўсе 30 гадоў заставалася вернай зробленаму выбару.
— На ферме і зараз нялёгка пра­цаваць, — заўважае Ніна Ана­тольеўна, — а ў той час … і казаць не прыходзіцца. У палове чацвёртага ўжо даводзілася ўставаць. Добра, што свякроў жыла разам з намі. За 30 гадоў мы ніколі не сварыліся, пражылі ў згодзе. Прыйду, бывала, з працы, а дзеці ў школу ўжо пайшлі. Адыходзіла рана, яны спалі, і ўвечары прыходзіла з працы — таксама ўжо спалі. Толькі ў абед і бачыліся. Цяжка было, але праца наша не заставалася незаўважанай. Кожны год нам прэміі давалі за выхад цялят. Дык вось, цяля ў падарунак было тады самай лепшай прэміяй. Трэба было дзецям дапамагаць. Усяго ў нас чатыры дачкі. Ужо ёсць сем унукаў і два праўнукі.
— Яна больш заслужаная, чым я, — смяецца Віктар Іванавіч. — Усё маё жыццё таксама звязана з калгасам. Пачынаў, праўда, у 1958 годзе загадчыкам клуба. А ў сярэдзіне 60-х гадоў пайшоў на працу ў калгас. Я сам сталяр, то падводы рабіў, рамантаваў іх, то іншыя заданні выконваў. І так да 1971 года. У той час якраз адкрываліся філіялы па навучанні трактарыстаў, і я запісаўся туды. У гэтым жа годзе скончыў курсы і працаваў на трактары да 1974 года. У гэты час якраз патрэбен быў чалавек на ферму, загадчыцай тады была Любоў Кіслейка. Яна захацела, каб я там працаваў, але старшыня спачатку ніяк не згаджаўся адпусціць мяне з трактарыстаў. У рэшце рэшт, пасля просьбы Ніны Анатольеўны, пагадзіўся: «Добра, — кажа, — абы­дземся без аднаго трактарыста». Вось з таго часу, як прыйшоў я на ферму, так і працаваў там да 2009 года. Вясной пасвіў кароў, а зімой падвозіў кармы. У 1999 годзе атрымаў пенсію і пасля гэтага яшчэ 10 гадоў працягваў працаваць, пакуль не перавялі ферму ў Стары Дворац.
Разам па жыцці Віктар Іванавіч крочыць і са сваёй другой вернай спадарожніцай — хромкай. Яна дапамагала яму пераадольваць цяжкасці і нягоды, стварала настрой, настройвала на аптымістычны лад.
Віктар Іванавіч бярэ ў рукі свой любімы гармонік і задорная мелодыя, вельмі папулярная ў часы яго маладосці, напаўняе ўвесь дом. У такт музыцы ён і сам падпявае: «Крутится, вертится шар голубой. Крутится, вертится над головой. Крутится, вертится, хочет упасть. Кавалер барышню хочет украсть…».
Неяк настальгічна стала на душы, адразу ўспомнілася дзяцінства. Я не спытаў, пра што думае музыкант, выконваючы ў каторы раз дарагія сэрцу і душы мелодыі. Але, думаю, за кожнай мелодыяй, за кожнай песняй хаваецца нейкая гісторыя з мінулага. Іграць на гармоніку Віктар навучыўся сам. Ужо ў 9 гадоў у трэцім класе ён іграў песню «Ой туманы мае, растуманы», а дзеці падпявалі яму.
Любоў да музыкі, мабыць, перадалася Віктару ад бацькі. А заўважыўшы музычныя задаткі ў сына, вырашыў той неяк замест хромкі купіць яму баян.
— Выйду я, бывала, іграць, — успамінае Віктар Іванавіч, — а маці стаіць і плача з папрокамі ў адрас бацькі: «Вось прадаў бычка, а цяпер баян раве замест яго». І вымушаны мы былі прадаць баян, каб зноў купіць бычка.
Сёння на бачным месцы ў доме музыканта стаяць тры інструменты. А ў маі свой гармонік Віктар Іванавіч узяў з сабой на вяселле ўнука ў Масты. Усю дарогу ў аўтобусе іграў, і на вяселлі знайшліся прыхільнікі яго таленту. А ў свой час давялося яму на сарака вяселлях іграць, прычым не толькі ў навакольных вёсках. Пад яго хромку нават у Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці на вяселлі танцавалі.
Хацелася б пажадаць залатым юбілярам здароўя на доўгія гады і надалей маладога запалу ў душы.
Сяргей Хілюта,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *