25 студзеня — Таццянін дзень

Лента новостей

Цяпер гэты дзень для яе, мінулагодняй выпускніцы Малабераставіцкай сярэдняй школы, а зараз студэнткі 1-га курса юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Таццяны Болбат – двайное свята. 25 студзеня, як дзень пакутніцы Таццяны з другой паловы 19 стагоддзя стаў яшчэ і своеасаблівым “прафесійным” святам студэнтаў. Менавіта ў гэты дзень у 1755 годзе імператрыца Елізавета падпісала ўказ аб заснаванні Маскоўскага ўніверсітэта. З таго часу святая Таццяна лічыцца заступніцай студэнтаў. Нягледзячы на тое, што гісторыя свята свае карані мае ў далёкім мінулым, традыцыя адзначаць яго шумна і весела ў студэнцкім асяродку захавалася да цяперашняга часу.
Студэнцкія гады… Няма, здаецца, больш шчаслівай, больш радаснай і прыгожай пары ў жыцці чалавека. Адным, на жаль, толькі застаецца з настальгіяй успамінаць пра іх, а для тых, хто яшчэ зусім нядаўна стаў на гэты шлях, знаёмства з усімі нюансамі студэнцкага жыцця толькі пачалося. Лекцыі і семінарскія заняткі, рэфераты і кантрольныя заданні – усё гэта неяк раптам абвальваецца на галаву ўчарашняга школьніка і паглынае ўвесь яго вольны час, але мала-памалу ён прыходзіць у сябе і пачынае разумець, што першыя радкі з студэнцкага гімна “Gaudeamus igitur, Juvenes dum sumus!” (будзем весяліцца, пакуль маладыя) – гэта таксама неад’емны атрыбут студэнцкай пары.
Наша сённяшняя гераіня пакуль яшчэ можа і не зусім прызвычаілася да свайго новага статусу, але Дзень студэнта – гэта ўжо яе свята. Хоць, здараецца, часам сумуе крыху па ўчарашнім школьным жыцці.
-Таццяна – чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, яна заўсёды была на віду, — так ахарактарызавалі мне яе дырэктар Малабераставіцкай школы В.Р.Кісялеўская і настаўніца гісторыі, кіраўнік школьнага музея Т.І.Эйсмант.
Ад іх я даведаўся, што Таццяна была вядучай многіх канцэртных праграм у школе. Да таго ж яна і сама добра спявае. А яшчэ гэта прыгожая дзяўчына была выдатным экскурсаводам у школьным музеі. Яна заўсёды з вялікай зацікаўленасцю расказвала сваім аднакашнікам і гасцям аб удзеле землякоў у баявых дзеяннях на франтах Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў. Па свайму раздзелу экспазіцыі музея нават напісала даследчую работу.
Была ў Таццяны мара паступіць у Акадэмію МУС. Перашкодзілі, праўда, некаторыя акалічнасці. Аднак яна ніколькі не шкадуе, што стала студэнткай універсітэта. Тым больш, што вывучэнне юрыс-прудэнцыі патрэбна і там, і тут, а пры жаданні, у будучым можна перакваліфікавацца.
Пажадаем Таццяне, усім студэнтам, сённяшнім і ўчарашнім, каб “гаўдэамус ігітур” назаўсёды заставаўся ў іх сэрцах і заўсёды дапамагаў адчуваць сябе маладымі.
Сяргей ХІЛЮТА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *