Айцец Вальдэмар Слота: 10 гадоў служэння ў Вялікай Бераставіцы

Лента новостей

IMG_2813У кожнага чалавека свой шлях, свая жыццёвая дарога. Напэўна, не памылюся, калі скажу, што многія людзі мараць аб прэстыжных прафесіях, з высокімі заробкамі, статусам, уплывам. І часта не разумеюць тых, што ад усяго гэтага адракаецца, хто аддае ўсяго сябе Богу і выбірае шлях святарскага служэння. Аб таямніцы паклікання, аб прыняцці Божай волі ў сваім жыцці, аб пастырскім служэнні на бераставіцкай зямлі мы размаўляем сёння з дэканам Бераставіцкага дэканата, ксёндзам-пробашчам парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы айцом Вальдэмарам Слотам.

— Айцец Вальдэмар, скажыце, калі ласка, у якіх сем’ях нараджаюцца святары? Што патрэбна, каб чалавек адчуў Божае пакліканне і адгукнуўся на яго? У якой сям’і нарадзіліся і выраслі Вы?

— Наколькі я ведаю, святар можа нарадзіцца ў любой сям’і. Гэта прызванне, Божы дар, і мы часта не можам зразумець, чаму менавіта таго ці іншага чалавека Бог выбірае. Я думаю, кожны з прарокаў і святароў ставіў гэта пытанне: чаму я? Некаторыя нават спрабавалі ўцякаць ад свайго паклікання, але Бог так складваў сітуацыю іх жыцця, што яны вярталіся на гэтую дарогу. Святарства — гэта вялікая таямніца, якую людзі зразумець не могуць.

Што датычыць асабіста мяне, то я нарадзіўся і вырас у традыцыйнай каталіцкай сям’і, мае бацькі былі набожнымі людзьмі, не было таго дня, каб мы разам не маліліся, у нядзелю заўсёды хадзілі ў касцёл, вялікі ўплыў на маё духоўнае развіццё і выхаванне аказалі бабуля з дзядулем. Я нарадзіўся ў Польшчы, недалёка ад Кракава. Мае бацькі — сяляне, у нас было многа зямлі, на якой мы ўсе разам працавалі. У сям’і было трое дзяцей: я і двое малодшых братоў. Цяпер адзін брат застаўся жыць з бацькамі, а другі жыве ў Францыі, у Парыжы, у іх свае сем’і, па трое дзяцей.

— Калі Вы адчулі святарскае пакліканне, як яно нараджалася і выспявала?

— Я ўцякаў ад яго, як мог. Але калі сур’ёзна, то Бог вёў мяне добрай дарогай. Я пайшоў у манастыр, калі мне быў 21 год, можна сказаць, што быў ужо дарослым і свядомым чалавекам.

Да гэтага я закончыў тэхнікум, атрымаў цэлых тры спецыяльнасці: тэхнік-механік, будаўнік і інжынер. Вучыцца я паехаў, калі мне споўнілася 14 гадоў, жыў за 40 кіламетраў ад дому ў інтэрнаце. У Польшчы гэта былі якраз часы так званай “Салідарнасці”, калі вялася актыўная прапаганда, што Бога няма, што трэба верыць у партыю, у камунізм.

Але чым больш мне гаварылі аб гэтым, тым больш мой розум і сэрца супраціўляліся. Я збягаў з інтэрната, каб часта быць у касцёле на святой Імшы, там я сустрэў шмат цікавых людзей, у тым ліку, і высока адукаваных. Размовы з імі шмат чаму мяне навучылі. У час вучобы я таксама спаткаў аднаго чалавека, які казаў, што змарнаваў сваё жыццё, бо яго Бог прызваў да святарства, але ён не пайшоў гэтай дарогай і потым вельмі шкадаваў аб гэтым. Усё гэта таксама паўплывала на мяне.

Быў такі момант, калі я закончыў вучобу, атрымаў дыплом і на цэлы месяц застаўся адзін, ні з кім не сустракаўся, маліўся, усё абдумаў і вырашыў, што іду ў манастыр.

— Як сям’я прыняла Ваш выбар?

— Адразу бацькі нават не маглі паверыць у гэта. Што адметна, бацька перастаў курыць з гэтага моманту, а мама сказала, што я заўсёды магу вярнуцца дамоў, мяне будуць тут чакаць. Але паколькі гэта маё жыццё, то яны ўшануюць мой выбар.

Выбар гэты устаў перада мной яшчэ раз: як толькі я пайшоў у манастыр і вырашыў паступаць у семінарыю, я атрымаў павестку ў армію. Прычым, нас прыйшло ў той год сорак чалавек у манастыр, і толькі я адзін атрымаў павестку. Бог даў мне магчымасць яшчэ раз пацвердзіць свой выбар, і я выбраў манастыр.

Я вучыўся ў семінарыі ў Тухаве з 1987 года, два гады вывучаў філасофію, а потым быў год сціслага манастырскага жыцця, калі нікога не бачыш, толькі ты і Бог, ну і людзі, якія ідуць з табой гэтай дарогай. Потым яшчэ чатыры гады вывучаў тэалогію, закончыў семінарыю са званнем магістр тэалогіі і пачаў святарскую працу.

— Вы належыце да ордэна рэдамптарыстаў, чаму выбралі менавіта яго?

-Гэта місійны ордэн, які працуе па ўсім свеце. Спачатку я вельмі хацеў працаваць у Афрыцы, там, дзе вельмі патрэбна любая дапамога. Але Бог прызначыў мне іншую місію. Яшчэ калі я вучыўся ў семінарыі, я першы раз прыехаў у Беларусь разам з місійнай групай “Усход”. Гэта быў час, калі толькі пачалі адчыняцца касцёлы, людзі імкнуліся да Бога, да веры, мы бачылі, што яны патрабуюць духоўнай падтрымкі. Мы прыязджалі ў час летніх і зімовых канікулаў, за час вучобы я кожны год бываў 2-3 разы ў Беларусі. І калі мне прапанавалі ехаць працаваць у Беларусь, я адразу згадзіўся.

— Вы прыехалі працаваць у Беларусь адразу пасля заканчэння семінарыі?

— Не, не адразу. Калі закончыў вучобу, год адпрацаваў у вялікай парафіі ў Глівіцах у Польшчы. Парафія налічвала 18 тысяч чалавек, у школе, дзе я праводзіў катэхізацыю, вучылася 3 тысячы дзяцей. Гэта была вельмі добрая загартоўка для маладога святара: 30 гадзін катэхезы ў тыдзень, па 7-8 урокаў у дзень, прычым, у школе вучыліся дзеці ваенных, гэта даволі складаная катэгорыя, але мы пасябравалі з імі.

А ў Беларусь я прыехаў у 1995 годзе, мяне накіравалі ў Гродна, на Дзевятоўку. Там была толькі маленькая каплічка, за час канікулаў мы з дзецьмі пабудавалі невялікі домік, дзе праводзілі катэхезу. Мне даручылі пабудаваць там касцёл. Калі я сказаў аб гэтым, то многія людзі браліся за галовы: як мы, бедныя людзі, пабудуем касцёл? Але за 11 гадоў мы з Божай дапамогай яго пабудавалі. Касцёл вельмі цікавы не столькі знешне, колькі ўнутры, там ёсць усё, што неабходна, каб давесці людзей да веры. І нават у самыя складаныя часы мы мелі там 200-300 дзяцей да Першай Камуніі.

— Калі адбылося першае знаёмства з Бераставіцай, якое ўражанне яна пакінула?

— Я прыехаў у Вялікую Бераставіцу ў 2006 годзе. Мяне вельмі ўразіла, што тут два касцёлы, і тое, што адзін з іх разбураны. З аднаго боку, таксама ўразіла прыгажосць гэтага мястэчка, а з другога – тое, што тут шмат людзей, якія яшчэ далёка ад Бога, а гэта значыць, ёсць для каго працаваць. У той час не было яшчэ катэхетычнай залы, касцёл патрабаваў рамонту. Таму прыйшлося адразу брацца за працу. Парафія – гэта сям’я, і ёй патрэбны ўмовы, каб развівацца. Для мяне вельмі важным з’яўляецца стан касцёла, бо ён паказвае стан усёй парафіі. Я заўсёды кажу, што калі ў касцёле чорныя сцены і не гараць усе лямпачкі, то і з парафіяй штосьці не так.

Я спрабаваў спачатку сам нешта рабіць, дапамагала і тое, што маю будаўнічую спецыяльнасць, а цяпер парафіяне таксама стараюцца падтрымліваць парадак у святыні і вакол яе, шмат моладзі прыязджае з вучобы ў суботу і прыходзяць, прапаноўваюць сваю дапамогу.

— Калі акінуць вокам вось гэтыя 10 гадоў, на працягу якіх Вы ўжо служыце ў Бераставіцы, што лічыце сваім найбольшым дасягненнем як пробашча парафіі?

-Тое, што я бачу, як развіваецца духоўнасць людзей, асабліва ў дзяцей і моладзі. Гэта ўжо не пустыя людзі, яны маюць моцны духоўны стрыжань, могуць за сябе пастаяць, гэта радуе сэрца.

Кранае за душу і тое, што людзі ўжо ўспрымаюць касцёл як нашу агульную святыню, а не кажуць, што гэта толькі мой храм. Ды і выгляд могілкаў, калі параўнаць, якімі яны былі 10 гадоў таму і цяпер, таксама аб многім кажа. Гэта святая зямля і важна, каб могілкі выглядалі адпаведна, я рады, што людзі гэта зразумелі.

Ужо некалькі гадоў мы арганізуем пры касцёле “Канікулы з Богам”, важна, што летам дзеці не бадзяюцца самі па сабе, ёсць ім што прапанаваць, цяпер і сёстры-манашкі, якія прыязджаюць з Ваўкавыска, дапамагаюць весці дзяцей Божай дарогай.

Сваім дасягненнем лічу і тое, што адразу па прыездзе ў Бераставіцу ў касцёле кожны дзень пачаў служыць дзве святыя Імшы: раніцай і вечарам. Спачатку людзі прыходзілі і гаварылі: навошта? Хопіць і аднаго разу на дзень, а раніцай усё роўна ніхто не будзе прыходзіць на службу. Але я прыводзіў прыклад: паглядзіце: раніцай нават маленькія дзеці ідуць у дзіцячы сад, у школу, а чаму я павінен спаць? Я павінен маліцца за іх, за нашы сем’і, за парафію. І ведаеце, яшчэ не было таго дня, каб раніцай не прыйшло на Імшу хаця б чалавек сем-дзесяць, а то і дваццаць.

Напачатку мне ўсё па службе даводзілася рабіць самому. А цяпер ёсць дзве арганісткі, ёсць каму чытаць Божае слова, штодзённа ідзе Ружанцовая малітва, ёсць цудоўны музычны ансамбль, які славіць Бога сваімі песнямі. Я вельмі ўдзячны міністрантам, якія служаць пры Алтары, гэта годныя хлопцы, якія ўносяць шмат радасці ў нашу супольнасць, на працягу гэтых 10 гадоў яны заваявалі шмат узнагарод для нашай парафіі ў разнастайных спаборніцтвах.

Вельмі важным для мяне з’яўляецца і створанае пры нашым касцёле душпастырства сям’і, дзе парафіяне сустракаюцца на малітве і разважаннях Слова Божага. Ужо тры гады моліцца група Апостальства дапамогі душам чыстцовым, дзейнічаюць 12 руж жывога Ружанца.

Кожны месяц мы з айцом Анджэем адведваем хворых. Спачатку бабулькі таксама казалі: а навошта? Трэба рыхтавацца, каб ксяндза прыняць. А я ім адказваю: не мяне прымаеце, а Пана Езуса. У нас у парафіі многа людзей, якія ўжо не дойдуць да касцёла, амаль не выходзяць з дому, часта ніхто іх не праведвае. Толькі я адведваю больш за 30 хворых у кожную першую пятніцу месяца, а яшчэ і айцец Анджэй прыкладна столькі ж. Прыйдзеш да чалавека, паспавядаеш, удзеліш сакрамэнт, потым ён кажа: “Як добра на душы, не забудзьце у наступным месяцы наведаць мяне”. Гэта вельмі важна – помніць пра хворых парафіян.

Шмат чаго робіцца ў духоўным плане, каб людзі зразумелі, што Бог даў нам шмат сваіх дароў, якія нам трэба раскрыць. Я таксама імкнуся паказваць гэта сваім прыкладам, закончыў універсітэт імя кардынала Стэфана Вышыньскага ў Варшаве, адкрыў доктарскую дысертацыю і як будзе час, то буду пісаць.

— А што яшчэ ў будучых планах?

-Планаў многа, шмат яшчэ што трэба зрабіць. Але, у першую чаргу, трэба зразумець і адкрыцца на Божы план, бо без гэтага нашы планы могуць так і застацца толькі планамі. Так што гаварыць пра іх, бадай, і не варта.

Мая мара – каб касцёл у Бераставіцы быў заўсёды адчынены і даступны ўсім людзям. Але, на жаль, пакуль што гэта немагчыма, бо ўсё яшчэ сустракаюцца выпадкі, калі абкрадаюць храмы і нішчаць іх.

— А з якімі духоўнымі праблемамі прыходзіцца Вам сутыкацца як пробашчу парафіі?

-Духоўныя праблемы ў нас такія ж, і ва ўсім свеце. У нас моцна раз’яднаныя сем’і, гэта вялікі боль. І гэта дзяленне не ў плане таго, што адзін католік, а другі праваслаўны, гэта якраз- такі не праблема, бо Бог адзін для ўсіх. Праблема ў тым, што няма духоўнасці ў сям’і. Балюча, калі бацька не прыходзіць на такія ўрачыстасці дзіцяці, напрыклад, як Першая Камунія ці Бежмаванне або наогул не ходзіць у касцёл.

Я спадзяюся, што з нашай моладзі вырасце новае пакаленне людзей духоўна развітых. У мяне ўжо ёсць вопыт з Дзевятоўкі, тыя дзеці, з якімі я працаваў, ужо сталі дарослымі, у іх свае сем’і. І ў мяне кожны раз радуецца сэрца, калі яны прыязджаюць да мяне, у іх цудоўныя сем’і, яны жывуць другім жыццём, вядома, у іх таксама ёсць свае праблемы, але яны маюць цвёрды духоўны фундамент, яны не загубяцца ў гэтым свеце.

У Бераставіцы яшчэ адна праблема ў тым, што дзеці тут затрымліваюцца толькі да заканчэння школы, а потым з’язджаюць у іншыя гарады, і трэба паспець ім даць такую апору, каб яны пайшлі ў вялікі свет, і гэты свет іх не знішчыў. А дапаможа гэта зрабіць толькі моцны фундамент духоўных каштоўнасцей.

Я стараюся запрашаць на катэхезы, на духоўныя сустрэчы сем’і, якія пражылі добрае жыццё і маюць станоўчы вопыт, каб яны давалі сваё сведчанне, бо сёння патрэбны не столькі словы, колькі прыклады. Папа Павел VI казаў: «Свет сёння патрабуе больш сведкаў, чым настаўнікаў”. І заданне Касцёла і бацькоў – даваць сведчанне веры, паказваць дарогу з Езусам Хрыстом. Ведаеце, калі мама скажа дзіцяці: ідзі ў касцёл, а сама не пойдзе, то можа дзіця і сходзіць у храм адзін раз, але не болей, бо ўспрыме яе словы як несапраўдныя, не пацверджаныя прыкладам.

— Айцец Вальдэмар, як Вы лічыце, што самае важнае ў Вашым святарскім служэнні?

— Верна служыць Богу і людзям, бо служэнне Богу лепш за ўсё праяўляецца праз служэнне людзям. Мне важна, што людзі прыходзяць да мяне, пытаюць, раяцца ў сваіх справах, прапаноўваюць сваю дапамогу, падтрымліваюць, і ў фінансавым плане таксама, бо яны бачаць, што нешта робіцца для іх дзетак, для парафіі.

Я ўдзячны Богу за ўсе гады майго жыцця, за тое, што пражыў іх у святарстве і на гэтым месцы, у Беларусі. Столькі цікавых, духоўна багатых людзей сустракаеш вакол, яны адкрываюць вочы на тое, што сам часта не бачыш. Я лічу гэта галоўным сваім багаццем.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *