Студэнцкія гады цудоўныя!

Лента новостей

Прайшло зусім нямнога часу, як я стала навучэнкай 1 курса факультэта “Турызм і гасціннасць” Ваўкавыскага педкаледжа, але ўжо з радасцю чакаю 25 студзеня, каб адзначыць Таццянін дзень – свята ўсіх студэнтаў.
Пасля заканчэння 9 класаў гімназіі п.Пагранічны перада мной паўстала пытанне: працягваць вучобу ў гімназіі або паступаць у іншую навучальную ўстанову, каб атрымаць у далейшым спецыяльнасць. Пераважыла другое. І гэтаму ёсць свае прычыны. У нашай гімназіі вялікая ўвага ўдзялялася вывучэнню роднага краю, яго гісторыі. Ужо пачынаючы з першага класа, настаўнікі, класны кіраўнік не толькі знаёмілі нас на пазакласных мерапрыемствах з цікавымі старонкамі нашай гісторыі, цудоўнымі мясцінамі, прыгажосцю прыроды, але кожны год арганізоўвалі для нас экскурсіі. Мы наведалі за гады вучобы амаль усе славутыя, гістарычна вядомыя мясціны Беларусі, пабывалі і за яе межамі, напрыклад, у Польшчы. І заўсёды з намі былі эрудзіраваныя, тактоўныя экскурсаводы. Вось ужо тады ў мяне зарадзілася жаданне набыць прафесію, звязаную з гэтай сферай дзейнасці. Таму ў школе асаблівую ўвагу ўдзяляла вывучэнню геаграфіі, гісторыі, а настаўнікі Л.А.Турок, В.В.Сахнова, ведаючы маю мару стаць экскурсаводам, дапамаглі мне ў вывучэнні гэтых прадметаў. Асабліва вялікую ролю ў выбары прафесіі адыграў факультатыў “Выбар прафесіі”, які вяла псіхолаг Ж.К.Грыбок, экскурсіі і кансультацыі ў Гродзенскім цэнтры прафесійнага самавызначэння. У многім дзякуючы ім я і выбрала сваю спецыяльнасць.
Быць вучнем адказна, а студэнтам – удвайне. Я гэта адчула, правучыўшыся ў каледжы 4 месяцы. Гэта, у першую чаргу, адказнасць за сябе, за свае паводзіны. Дома заўсёды побач былі бацькі, настаўнікі, якія ў любы момант маглі даць параду, папярэдзіць няправільны ўчынак. Цяпер трэба ў большасці выпадкаў разлічваць толькі на сябе. Намнога большай стала і адказнасць за вучобу. Ад таго, які ў цябе сярэдні бал, залежыць памер стыпендыі і паступленне ў далейшым у ВНУ. Ад вучобы кожнага студэнта залежыць рэйтынг групы ў каледжы. Таму трэба старацца не падвесці таварышаў.
Але не падумайце, што студэнцкае жыццё – гэта толькі будні вучобы. Гэта і новыя знаёмствы, новыя сябры, новыя ідэі, якія мы можам ажыццявіць у поўнай меры, гэта і святы, цікавыя мерапрыемствы, магчымасць удасканаліць, развіваць свае здольнасці на занятках гурткоў, праз удзел у разна-стайных конкурсах, спаборніцтвах, экскурсіях. Вечары адпачынку, дыскатэкі – неад’емная частка жыцця студэнтаў. А праявіць сваю грамадскую актыўнасць можна ў студэнцкіх маладзёжных арганізацыях, такіх як БРСМ, студсавет і іншыя.
І ўжо сёння я ўпэўнена, што шлях, які мною абраны, правільны, бо быць студэнтам цікава, адказна і прэстыжна.
Ганна Галавач, навучэнка
Ваўкавыскага педкаледжа



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *