Год культуры: у Старым Дворцы адбылося свята фальклору “Сёмуха”

Лента новостей

19 18 16 15 14 13 12 11 9 8 7 6 5 4 3 2У Год культуры на Бераставіччыне вялікая ўвага надаецца  адраджэнню і захаванню народных абрадаў  і традыцый. Адным з крокаў па папулярызацыі  абрадавай фальклорнай спадчыны стала свята фальклору “Сёмуха”, якое адбылося  ў мінулую нядзелю, 19 чэрвеня,  у дзень Святой Троіцы па праваслаўнаму календару.

Сёмуха — адно з самых любімых у народзе святаў, бо менавіта ў гэты час наступае сапраўднае лета, з сонцам, з цяплом, з новымі спадзяваннямі, з зелянінай, з водарам свежага сена і недаспелага яшчэ жыта. У народнай традыцыі Троіца — гэта перш за ўсё свята зеляніны. У даўнія часы людзі  ўпрыгожвалі сваі  хаты і падворкі  бярозавымі галінкамі, падлогу ў хаце засцілалі свежым аерам. Зеляніну таксама асвячалі  ў храмах. Часта на Сёмуху спраўлялі вяселлі. А яшчэ дзяўчаты варажылі: плялі вянкі, “завівалі” іх на бярозах, спускалі па рацэ. Вадзілі карагоды, “куміліся” — цалаваліся, давалі абяцанне быць вернымі сяброўкамі.

Падчас свята фальклору работнікі філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг.Стары Дворац Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Аляксандр і Алена Бутрыла  з дапамогай юных удзельніц  мясцовай аматарскай творчасці Надзеі Лазарчык і  Кацярыны Калінкінай у тэатралізаванай форме пазнаёмілі жыхароў аграгарадка  з элементамі абрада “Сёмуха”, са святочнымі павер’ямі і прыкметамі. Гучала шмат народных песень. Іх спявалі старадварэцкі фальклорны гурт “Вечарына”,  асобныя выканаўцы Паліна Пучок, Вераніка Кавальчук, Дар’я Гудач і Алена Альховік са Старога Дворца, Ангеліна Сак і Кацярына Мармыш з Кватараў, народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” і госці з Ваўкавыскага раёна – фальклорны калектыў “Згода” і сямейны ансамбль “Вясельнік”  Вярэйкаўскага цэнтра культуры і адпачынку, а таксама ўдзельнікі аматарскай творчасці з Вярэек Елізавета Жук і Валерыя Талочка. Усіх уразіла выступленне  юнага акардэаніста Алеся Талочкі. А загадчык філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг.Вялікія Эйсманты Рыта Каспшак прапанавала мясцовым жыхарам, якія прыйшлі на свята, паўдзельнічаць у гульнях і конкурсах.

У самых маленькіх жыхароў аграгарадка папулярнасцю карысталіся горка і батут Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, а таксама салодкая вата. На свяце можна было набыць прыгожыя дэкаратыўныя вырабы работнікаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.

Мерапрыемства паказала, што ў мясцовага насельніцтва жыве цікавасць да народнай фальклорнай спадчыны. Арганізатары ж свята ўдзячны кіраўніцтву аграфірмы “Стары Дворац” за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *