Малады спецыяліст СВП “АграМір”

Общество Сельское хозяйство

IMG_6260Зусім не дзіўна, што ў наш час усё больш маладых людзей звязваюць сваё жыццё з аграрным сектарам. Старыя фермы саступілі месца новым малочнатаварным комплексам, сучасныя тэхналогіі значна ўдасканалілі вытворчы працэс. Цяжкая ручная праца адышла ў нябыт. У вяскоўцаў ёсць цэлыя дынастыі, калі хлопцы і дзяўчаты набываюць сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю і вяртаюцца працаваць на сваю малую радзіму. Ёсць і іншыя выпадкі. Карэнныя гараджане таксама адкрываюць для сябе немалыя перавагі вёскі і працы ў сельскай гаспадарцы. Цікавая гутарка адбылася ў мяне нядаўна з маладым спецыялістам, лабарантам малочнатаварнай фермы “Галава” СВП “АграМір” Кацярынай Емяльянавай.
— Ніколі не думала, што буду працаваць у сельскай гаспадарцы, — шчыра сказала Каця і расказала, як яе лёс зрабіў такі кардынальны паварот.
Бацька дзяўчыны па прафесіі ваенны, мама – прадавец. Сям’я жыве ў Гродне, а дачка спачатку хацела паступаць у музычнае вучылішча, яна іграла на фартэпіяна і любіла музыку. Гэта шмат ёй дало. Але пасля дзевяці класаў школы паступаць дзяўчынцы нікуды не захацелася, і яна закончыла агульнаадукацыйную школу. А затым яе прывабіла адна са старэйшых вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі – Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія.
— А чаму Вы не па­с­ту­палі ў Гро­дзен­скі аграрны ўні­­версітэт? — цікаў­люся.
— Хацела жыць самастойным жыццём, асобна ад баць­коў. Паступіла на заа­тэх­нію.
— І як спадабалася акадэмія? – працягваем размову.
— Калі першы раз туды заехала, там было ціха, студэнтаў не было. А ўжо калі паступіла і прыехала вучыцца, стала вельмі цікава. І прадметы цікавыя былі – фізіялогія жывёлы, генетыка.
Генетыка перспек­тыў­ная навука, толькі даследаванні ў ёй вельмі дарагія. Мы пагутарылі з Кацяй, у прыватнасці, пра трансгенных козаў, выведзеных у нашай краіне, якія даюць лячэбнае малако, гэта сапраўдны цуд. А яшчэ мая маладая субяседніца ўжо пабачыла свет, пабывала ў Германіі на практыцы. Давялося ёй папрацаваць у фермера, які займаецца малочнай жывёлагадоўляй. Дойны статак на яго ферме 200 кароў, даільная зала невялікая. Працуе на жывёлагадоўчым аб’екце мала людзей, а ўсё малако – толькі найлепшай якасці. Каровы там сапраўдныя прыгажуні, на ферме чысціня.
Сакрэт поспеху там такі, як і ў нас. Гэта добры догляд і кармленне. А яшчэ запомнілася дзяўчыне, што ў цялят там вельмі смачны камбікорм. Не, яна не каштавала яго на смак, але кажа, што пах быў вельмі апетытны, цяляты ахвотна елі такую “смакату”.
У СВП “АграМір” і ў гарадскім пасёлку Вялікая Бераставіца Каці спадабалася. Работа лабаранта не цяжкая, але вельмі адказная. Малако правяраецца на саматычныя клеткі для вызначэння якасці, на антыбіётыкі. Калі карміцельку лячылі, вытрымліваецца пэўны тэрмін, перш чым малако ад яе зноў можна здаваць. Саматычных клетак у малацэ на гэтай ферме бывае да 300, а бывае і 200, 220, 210, што адпавядае выдатнай якасці.
Працоўны дзень лабаранта пачынаецца рана, устае дзяўчына трохі пазней за 5 гадзін раніцы. Рана прыходзіцца ёй і класціся спаць, але Каця гаворыць, што ўжо прывыкла.
І яшчэ адно адмысловае ўра­жанне вынесла я ад сустрэчы з маладым лабарантам. Каця – жыццярадасная дзяўчына, твар яе асвятляе цёплая прыемная ўсмешка. Можна сказаць, што яна аптыміст, і старт у самастойнае жыццё ў яе ўдалы. Сапраўды, ці часта мы сустракаем людзей, ад душы задаволеных жыццём? Здараецца, самі сабе часта і псуем настрой, не заўважаючы, колькі побач усяго цудоўнага. Гэта і маральнае задавальненне ад добра выкананай работы, і цікавая кніга, і пяшчотная ўсмешка дзіцяці… Давайце бачыць прыемнае вакол нас, радавацца жыццю, як непасрэдна гэта робіць наша маладзенькая гераіня!
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *