“Лепшы прыклад – уласны прыклад”

Человек и его дело

IMG_9565Кожны чалавек выбірае сваю жыццёвую дарогу, зыходзячы са сваіх інтарэсаў і здольнасцей. Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы Люцына Рукша ўжо з самага дзяцінства праяўляла настойлівую цягу да заняткаў спортам і лічыла гэта сваім прызваннем.
З 5 класа яна пачала прымаць актыўны ўдзел у разнастайных спартыўных спаборніцтвах, і гэта настолькі добра ў яе атрымлівалася, што сумненняў кім быць і куды пайсці вучыцца нават не ўзнікала. Таму пасля заканчэння 8 класа яна паступіла ў Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры, а як спецыялізацыю выбрала для сябе лёгкую атлетыку.
І вось ужо 28 гадоў яна працуе ў роднай школе, у якой некалі вучылася сама. У 1994 годзе Люцына Казіміраўна закончыла Брэсцкі інстытут фізічнай культуры, у яе вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя, з 2009 года яна з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя.
А пачыналася ўсё ў далёкім 1987 го­дзе, калі пасля заканчэння тэхнікума 17-гадовай дзяўчынай прыехала працаваць у Канюхоўскую школу. Вядома, адразу было нялёгка ў тым плане, што прыйшлося быць настаўнікам у сваіх амаль што равеснікаў, Люцына Казіміраўна ўспамінае, што нават давялося вучыць сваю сяброўку. Але педагагічны калектыў аказаў усю неабходную падтрымку маладой настаўніцы, і яна актыўна ўзялася прывіваць любоў да спорту сваім вучням.
І вось ужо на працягу многіх гадоў канюхоўскія школьнікі паказваюць добрыя вынікі ў разнастайных спартыўных спаборніцтвах не толькі раённага, але і абласнога ўзроўню, а вучань Люцыны Казіміраўны Павел Капіца нават з’яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскіх спаборніцтваў па мнагабор’ю “Здароўе”. Безумоўна, вялікая заслуга ў гэтым настаўніцы фізічнай культуры і здароўя, якая ўмее знайсці патрэбны падыход да сваіх вучняў і зацікавіць іх заняткамі фізкультуры.
Паколькі Канюхоўская школа невялікая, то асаблівага выбару дзяцей у добрай фізічнай форме няма, і на спаборніцтвы трэба рыхтаваць тых школьнікаў, якія ёсць. Таму з пачатковых класаў настаўніца звяртае асаблівую ўвагу на вучняў, якія маюць пэўныя спартыўныя здольнасці і пачынае іх мэтанакіравана рыхтаваць.
Вучні Канюхоўскага ясляў-сада-СШ заўсёды паказваюць добрыя вынікі на спаборніцтвах “Абаронца Айчыны”, і Люцына Казіміраўна прызнаецца, што калі даводзіцца весці каманду раёна на абласныя спаборніцтвы, хлопчыкі з іншых школ спачатку з недаверам адносяцца да жанчыны-настаўніка фізкультуры, але яна ўмее хутка знайсці з імі агульную мову і, што самае галоўнае, даць добрую параду і навучыць, як дасягнуць найлепшых вынікаў.
Люцына Казіміраўна гаворыць, што яе дэвізам як настаўніка фізічнай культуры і здароўя з’яўляюцца словы “Лепшы прыклад – уласны прыклад”. Таму яна стараецца падтрымліваць сваю спартыўную форму, каб на ўроках паказаць дзецям выкананне таго ці іншага спартыўнага элемента, які яна сама ад іх патрабуе.
— Вось праходзім па праграме мы скачкі ў вышыню, — прыводзіць прыклад Люцына Казіміраўна, — і я сама паказваю дзецям, як правільна іх зрабіць. Вядома, дзеці даволі часта здзіўляюцца, што немаладая ўжо настаўніца можа выканаць такія элементы, але і іх павага да мяне як настаўніка адразу ўзрастае. А калі ў некага не атрымліваецца той самы скачок, я супакойваю, запрашаю прыйсці пасля ўрокаў, каб спакойна патрэніравацца адзін на адзін са мной, без прысутнасці аднакласнікаў. Стараюся прывіць інтарэс да здаровага ладу жыцця, да заняткаў фізічнай культурай, тлумачу, што дзвюх гадзін на тыдзень фізкультуры мала, каб нечага дасягнуць, таму запрашаю сваіх вучняў наведваць спартыўныя секцыі пасля заняткаў, па вечарах.
Акрамя ўрокаў фізкультуры Люцына Рукша вядзе і дапрызыўную падрыхтоўку, секцыі па валейболу і футболу для старэйшых вучняў і “Рухомыя гульні” — для малодшых школьнікаў.
Люцына Казіміраўна імкнецца, каб яе ўрокі былі цікавымі і карыснымі для вучняў, выкарыстоўвае розныя тэхналогіі, у тым ліку і паказ прэзентацый, у час якіх дэманструе на экране ў запаволеным тэмпе, як правільна зрабіць кідок па карзіне, перадачу мяча і іншыя спартыўныя элементы, а таксама паказвае відэафільмы пра вядомых спартсменаў.
Ну а тых вучняў, якія вызвалены ад заняткаў фізічнай культурай, настаўніца стараецца таксама не пакідаць па-за ўвагай, запрашае іх дапамагаць пры арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў.
Дзяўчынкам яна пастаянна тлумачыць, для чаго ім, як будучым мамам, трэба ўмацоўваць прэс, рабіць падняцці тулава. А хлопчыкам, у сваю чаргу, гаварыць, як важна ўмець падцягвацца, наколькі ім потым будзе прасцей у арміі.
Да заняткаў фізічнай культурай Люцына Казіміраўна заахвоціла і ўсю сваю сям’ю.
— Захапленне спортам – наша сямейная справа, — расказвае мая субяседніца. – У вольны час прыходзім у спартзал усёй сям’ёй, каб пагуляць у валейбол, разам ездзім на рыбалку, на футбольныя матчы, у басейн у Гродна.
У Люцыны Рукша і яе мужа Мікалая, які працуе механізатарам у СВК “Макараўцы”, дзве дачкі. Старэйшая, Наталля, з мамай ужо калегі: пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы таксама вярнулася ў родную школу, спачатку працавала настаўнікам-дэфектолагам, а цяпер – намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.
Малодшая, Гражына, заканчвае 5 курс Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта.
На працягу 10 гадоў Люцына Казіміраўна была старшынёй прафкама школы, узнагароджана Граматай Міністэрства адукацыі за добрую арганізацыю прафсаюзнай работы, яна мае шматлікія ўзнагароды і як настаўнік фізічнай культуры і здароўя.
Але самыя дарагія ўзнагароды для яе – гэты перамогі і дасягненні яе вучняў, якіх яна сваім прыкладам вучыць любіць фізічную актыўнасць і праз заняткі спортам умацоўваць сваё здароўе.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *