Праваслаўны фестываль “Кладзезь” у Вялікай Бераставіцы

Лента новостей

17 20 16 15 14 13 12 11 10 9 8Урачыстае адкрыццё фестывалю праваслаўнай культуры “Кладзезь” адбылося 5 мая на цэнтральнай плошчы г.п.В.Бераставіца. Магчымасць дакрануцца да праваслаўнай духоўнай скарбніцы і культуры прадаставілі жыхарам Бераставіччыны сёстры Свята-Елісавецінскага манастыра з Мінска. Упершыню яны завіталі да нас з дабрачынным кірмашом і вялікай духоўна-асветніцкай праграмай.

Хрэсным ходам ад храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы да плошчы гарпасёлка распачалося свята радасці і дабрыні. Фестываль будзе праходзіць у Вялікай Бераставіцы з 5 па 13 мая па бласлаўленні архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія і пры падтрымцы органаў мясцовай улады. У храме Свяціцеля Мікалая Цудатворцы ўвесь гэты час будзе знаходзіцца ікона з часціцамі мошчаў святога велікамучаніка і лекара Панцеляймона – заступніка хворых і ўрачоў. Усе жадаючыя змогуць памаліцца гэтаму святому ў мясцовай царкве.

Настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы айцец Віталій павітаў усіх бераставічан, якія сабраліся на плошчы гарпасёлка, арганізатараў і ўдзельнікаў фестывалю, а потым адслужыў малебен на пачатак добрых спраў і запрасіў усіх непасрэдна ў храм, дзе планавалася прачытаць акафіст святому велікамучаніку і лекару Панцеляймону.

Урачыстае адкрыццё фестывалю ўпрыгожылі музычныя нумары царкоўнага хору храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы і работнікаў Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Аб мэтах і задачах фестывалю “Кладзезь” расказала адна з яго арганізатараў, старшая сястра Надзея.

Яна адзначыла, што фестываль праводзіцца ў Беларусі з 2008 года. Гэта 5царкоўна-грамадскае мерапрыемства, якое спрыяе ўмацаванню ўзаемасувязі паміж царкоўнай і дзяржаўнай палітыкай шляхам дзейнасці ў адным прыярытэтным для ўсіх кірунку – маральна-духоўным выхаванні дзяцей і моладзі. Фестываль – гэта паспяховая новая форма пачатковай катэхізацыі моладзі, якой сёння яшчэ складана пераступіць парог Царквы. Дзякуючы фестывалю, які ўключае шэраг праектаў, Царква сама прыходзіць да моладзі.

І сапраўды, арганізатары не абмежаваліся толькі выставай-кірмашом, разгорнутай на плошчы гарпасёлка, якую жыхары райцэнтра ўжо змаглі ацаніць. 5 мая, у Бераставіцкай дзіцячай школе мастацтваў, прайшоў канцэрт паэтэсы, пісьменніцы, аўтара і выканаўцы песень Таццяны Дашкевіч. А 6 мая, у рамках праекта “Жывое слова”, адбылася гутарка педагога, інакіні Ніны Загорскай з пяцікласнікамі Вялікабераставіцкай СШ аб актуальных і хвалюючых падлеткаў праблемах. У гэты ж дзень, у рамках праекта “Педагогіка і праваслаўе”, Ніна Загорская сустрэлася з настаўнікамі ўстаноў адукацыі для абмеркавання духоўна-маральных аспектаў прафесіі настаўніка. Адбылася таксама сустрэча з дзецьмі-інвалідамі і іх бацькамі ў рамках праекта “Пераадоленне”.

79-10 мая самых маленькіх жыхароў райцэнтра чакаюць прадстаўленні лялечнага тэатра “Батлейка”.

Насычанымі мерапрыемствамі і сустрэчамі з цікавымі людзьмі будуць дні і пасля выхадных. Падрыхтаваная арганізатарамі духоўна-асветніцкая праграма досыць разнастайная. У яе ўваходзіць рэалізацыя каля дзесяці праектаў ва ўстановах адукацыі, культуры і прафесійных калектывах.

Пэўную цікавасць вызывае выстава- кірмаш, на якой прадстаўлена прадукцыя майстэрняў Свята-Елісавецінскага манастыра. Тут можна набыць прыгожыя іконы, вытанчаную кераміку ручнога вырабу. Шырокі выбар тавараў прадстаўлены ў раздзеле духоўнай музыкі і літаратуры. А ў манастырскай аптэцы нямала разнастайных лекавых траў, бальзамаў і касметалагічных сродкаў. Ёсць нават мёд і манастырскі хлеб – вельмі смачны, у чым паспела ўжо ўпэўніцца аўтар гэтых радкоў.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *