“Усё будзе добра. Ты будзеш жыць…” – сказаў жанчыне незнаёмец, паклаўшы далонь на яе галаву

Лента новостей

Напачатку — вялікі дзякуй за водгукі на публікуемае ў “Ракурсе”. Шмат удзячных званкоў выклікаў, у прыватнасці, расказ пра медсястру райпаліклінікі Назілю Шахбазаву. Гэта прыемна, да таго ж адкрыю “сакрэт”: якраз па просьбе чытачоў, якія былі пацыентамі гэтага медработніка, і напісаны матэрыял. Увогуле, я ўдзячна вам, шаноўныя, што зацікаўлена чытаеце, падказваеце самыя розныя тэмы.
Вось і сённяшні выпуск аўтарскага праекта – з вашай падачы. Жыхарка Вялікай Бераставіцы Р.М.Якушава прапанавала паглядзець на жыццё ў нечаканым, прызнаюся, ракурсе, але, выслухаўшы яе расказ, я палічыла магчымым падзяліцца пачутым з вамі. Можа, нехта палічыць усё гэта за містыку, нехта – за “гульню” чалавечай падсвядомасці. Але, калі да “самага донца” быць сумленным з самім сабой, то хіба ж не кожны рана ці позна прыходзіць да высновы, што ёсць нейкая сіла, якая нас аберагае, папярэджвае пра небяспеку, падказвае выйсце з самага складанага становішча. Інтуіцыя? Ангел — заступнік? Колькі напісана пра гэта, знята навуковых фільмаў! Для чалавека веруючага няма сумнення: “Усе мы ходзім пад Богам, у руках Усявышняга нашы лёсы”. Але ж і няверуючыя ў хвіліны найвялікшай трывогі таксама звяртаюцца да нейкай усявышняй сілы. Бо кожнаму хочацца верыць: ёсць нехта, хто думае і клапоціцца пра кожнага з нас і пры жыцці нашым на Зямлі, і пасля адыходу з яго. Інакш, рана ці позна, узнікне пытанне: навошта было ўсё гэта, навошта дадзена нам наша жыццё?…
Але – аб усім па парадку. Здарыўся гэты выпадак з сястрой нашай рэдакцыйнай госці, Янінай.
Рэгіна і Яніна родам з вёскі Вердамічы Свіслацкага раёна.
— Гэта проста цудоўная мясціна! – кажа мая субяседніца. – Парк, яшчэ панскі, па колькасці дрэў і разнастайнасці іх парод адзін з лепшых у Беларусі. Ліпавая алея, два ставы, рэчка… Бацькоўская хата – каля самага парку, і ў ім мы “прападалі” ў дзяцінстве, у юнацтве. Пасталелі, заснавалі свае сем’і – я ў Бераставіцы, Яня ў Гродне. Але ніколі і пытання не ўзнікала, дзе праводзіць водпуск або летнія выхадныя дні – вядома, у мамы. Родны дом для нас – гэта святое. Тата хварэў, памёр, мама жыла адна. І мы заўсёды спяшаліся да яе як на крылах.
Чатыры гады назад, у чэрвені, сёстры надумалі дабудаваць да бацькоўскай хаты верандачку. Сям’я Яніны расстаралася шалёўкі. І вось дамова: яна наймае суседа з “бусам”, грузіць дошчачкі і з нявесткай, Ірынай, — хацеў і ўнук ехаць, але чамусьці катэгарычна адмовіла – едзе ў Вердамічы. А заадно забярэ ў Бераставіцы і сястру з мужам.
— Яніна збіралася выехаць з Гродна падвечар, у пяць гадзін, — успамінае Рэгіна Мікалаеўна. – Без пяці хвілін пяць я тэлефаную ёй.
— Стаю перад іконай Божай Маці і Мікалая Цудатворцы, — кажа сястра. – Гавару малітву.
А Яніна, да слова сказаць, ні ў паездку, ні на работу, ні проста ў горад не выбіралася, не прачытаўшы малітвы. А вось пра гэтую, кароценькую, не забывалася ніколі, выпраўляючыся ў дарогу:
“ Я в пути – Бог впереди,
Ангелы по бокам,
Я в Божьих руках».
— Сястра – чалавек глыбокаверуючы, заўсёды мела пры сабе свянцоны хлеб, — заўважае мая субяседніца.
***
… Прайшла гадзіна. Нейкая невытлумачальная трывога, што ўзнікла чамусьці ў грудзях Рэгіны пасля званка сястры, нарастала. А калі “бус” не прыехаў і яшчэ праз гадзіну, жанчыну ахапіла паніка. Мабільнага тэлефона ў яе тады яшчэ не было, і ў скроні бухала адна думка: “Нешта здарылася!”
І тут падышоў муж:
— Паведамілі з бальніцы: Яня з Іркай у рэанімацыі. У цяжкім стане. Трапілі ў аварыю…
***
Як бегла ў бальніцу, Рэгіна Мікалаеўна не памятае. “Кім вам даводзяцца пацярпелыя?” – пыталіся ўрачы. А яна не магла патлумачыць… Ірына атрымала хай сабе і нялёгкі, але толькі ўдар. А ў Яніны аказаліся не толькі чэрапна –мазгавая траўма, пералом ключыцы, пацярпелі ўнутраныя органы, а і была атрымана асколачная траўма пазваночніка…
Як потым Рэгіна даведалася, машына каля Ярмолічаў зляцела з моста ўніз, ад удару дошкі выбілі заднюю дзверцу, вынесшы з сабою і яе сястру. У вадзіцеля, на шчасце, спрацавала падушка бяспекі, і ён не пацярпеў.
У рэанімацыі сястра ўсё пыталася, які ж гэта пажылы чалавек апынуўся пасля аварыі побач з ёю. У белай вопратцы. Прыемны твар, сівыя валасы, бародка і вусы.
— Спытайся ў вадзіцеля Дзімы, — прасіла сястру. – Ён павінен быў бачыць, бо быў побач.
Ды нікога не было, — даводзіў, нават кляўся, Дзіма. – Я адзін сядзеў каля цёткі Яні. Баяўся падымаць яе, бо ведаю: да прыезду ўрачоў гэтага нельга рабіць. Іра ляжала ўвогуле ўбаку. На мосце спыняліся машыны, стаялі людзі. Нехта выклікаў “хуткую дапамогу”, міліцыю. Паверце, ніякага там мужчыны, тым больш старога, не было і быць не магло.
— Быў. Я бачыла яго і чула тое, што ён казаў, — цвярдзіла сваё Яніна. – Паклаў мне руку на галаву і супакойваў: “У цябе многа пераломаў. Але не хвалюйся, будзеш жыць. Толькі цяпер не варушыся, ляжы роўна”.
Жанчына была ўпэўнена, што ведае гэтага чалавека, аднак чамусьці не можа ўспомніць, адкуль…
— Прынясі мне ікону Мікалая Цудатворцы, — папрасіла яна нечакана сястру.
— Яня, навошта табе цяпер ікона? Ачуняеш – тады…, — угаворвала тая.
— Прынясі!
… Глянуўшы на ікону, Яніна ўсклікнула: “Цяпер я ведаю, гэта быў Мікалай Цудатворца! І ўратаваў мяне ў тую хвіліну”.
***
У рэанімацыі жанчына ляжала адзінаццаць дзён.
— Мы вельмі ўдзячны мясцовым урачам. Яны зрабілі ўсё, што трэба, і зрабілі правільна, — кажа Рэгіна Мікалаеўна. – Гэта пацвярдзілі і ў Гродне, і ў інтстытуце траўматалогіі ў Мінску.
Траўма пазваночніка аказалася вельмі цяжкай. У Мінску Яніна ляжала на спіне тры месяцы. Яе стойкасць здзіўляла ўрачоў і пацыентаў. Адзін ваенны, высокага звання, сказаў: “У Маскве я раскажу сваім падначаленым, што такое сапраўдная мужнасць”. А жанчына памятала словы свяціцеля Мікалая Цудатворцы і спадзявалася ўстаць на ногі.
Так і атрымалася. Яніна ходзіць. Праўда, ёсць некаторыя абмежаванні, але гэта не перашкаджае жанчыне паўнацэнна жыць.
***
Такая вось гісторыя. Я размаўляла наконт яе з намеснікам галоўнага ўрача ЦРБ Я.Я.Скрундзеўскай, з благачынным Бераставіцкага благачыння, протаіерэем Сергіем Шэлестам.
— Добра памятаю пацярпеўшую ў той аварыі, з цяжкай траўмай пазваночніка. – сказала Яніна Янаўна. – Яна была ў прытомнасці. У яе быў шок. У такіх сітуацыях арганізм уключае рэзервовыя сілы, засцерагаючы найбольш важныя органы: мозг, сэрца, ныркі… І ўпраўляе ім не кара, а падкорка галаўнога мозга. А ўвогуле, шмат што ёсць у нашым жыцці, чаго нельга пакуль вытлумачыць з пункту гледжання традыцыйнай, доказнай медыцыны.
— Выпадкаў, падобных гэтаму, апісана вельмі многа, — сказаў протаіерэй Сергій Шэлест. – Такія факты цудаў пацвярджаюць быццё духоўнага свету. “У Бога няма мёртвых, у Бога ўсе жывыя”, — гаворыцца ў Свяшчэнным Пісанні. Чалавек не памірае, а з аднаго стану, зямнога, пераходзіць у іншы – нябесны, духоўны, дзе чалавек не будзе мець плоці. Вельмі важна, што мы можам маліцца нябесным заступнікам перад Богам, і Ён пасылае іх да нас, каб абвясціць Яго волю.
Марыя ДРАПЕЗА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *