Жывёлавод СВК “Алекшыцы” Пётр Цыдзік адчувае маральнае задавальненне ад сваёй справы

Сельское хозяйство Человек и его дело

IMG_5747Чвэрць стагоддзя аддаў нялёгкай працы ў жывёлагадоўлі СВК “Алекшыцы” Пётр Цыдзік. Пра яго мне давялося пачуць у гэтай гаспадарцы самыя добрыя словы.
Мама Пятра была даяркай, і хлопчык, як мог, стараўся ёй дапамагчы. І ў мамы сэрца радавалася, які добры, чуйны і клапатлівы расце ў яе сынок. Шмат цяжкай ручной работы ўскладвалася тады на аператараў машыннага даення, яны раздавалі ўручную кармы, даілі кароў у даільныя вёдры.
Уласны працоўны шлях юнак пачаў з таго, што ўжо добра ўмеў, — сам стаў доярам на малочнатаварнай ферме “Малыя Эйсманты”, дзе працавала раней яго мама.
— Пётр, а ці не ўзнікала ў Вас сумненняў, гэта ж не зусім “мужчынская прафесія”? – цікаўлюся ў майго субяседніка.
— Не, я не саромеўся, не слухаў таго, хто там нешта пра мяне скажа, — адказвае сённяшні даглядчык жывёлы малочнатаварнага комплексу “Алекшыцы” СВК “Алекшыцы” Пётр Цыдзік. – Проста стараўся добра ўсё рабіць, каб самому было прыемна.
Гэта вельмі важна – адчуваць маральнае задавальненне ад сваёй справы. Калі ўвялі ў эксплуатацыю новы малочнатаварны комплекс у гаспадарцы, мужчына стаў працаваць тут даглядчыкам жывёлы.
— Спачатку было вельмі нялёгка, зараз ужо прывык, — расказвае ён. — Трэба, каб хацелася рабіць… Комплекс у нас вялікі, жывёлы шмат. Абавязкі мае ўскладніліся. Але калектыў у нас дружны, мне тут падабаецца.
Упэўніцца, што Пётр – па-сапраўднаму гаспадарлівы чалавек, шчыра любіць жывёлу, можна было ўбачыўшы, як ён старанна падсоўвае кармы для карміцелек. Складваецца такое ўражанне, што кожную кароўку даглядчык ведае “ў твар”. Рагулі даверліва цягнуцца да жывёлавода, а ён для кожнай з іх ад душы пастараецца, каб есці ёй было зручна, бо столькі часу буйная рагатая жывёла праводзіць на нагах. “Спальныя месцы” для кароў таксама ў парадку, тут пульхная салома – матэрыял натуральны і прыемны. Ёсць розныя меркаванні вучоных наконт выкарыстання на сучасных комплексах гумавых дыванкоў і саломы. Але бясспрэчна адно – салома больш мяккая, цёплая, што вельмі важна для малочных карміцелек, ім так больш камфортна. Гэта дапамагае ім мінімізаваць стрэс, а яму падвержаны не толькі людзі, але і ўсё жывое. Напрыклад, вучоныя сцвярджаюць, што нават крык на карову можа паўплываць на тое, колькі яна ў гэты дзень дасць малака, а спакойны сон на мяккай утульнай падсцілцы наадварот паспрыяе паўнацэннаму адпачынку і павышэнню прадуктыўнасці. Калі дойны статак вялікі, трэба рабіць усё магчымае, каб яго добра даглядаць, каб вытворчы працэс быў аптымальна наладжаны. А ў Пятра, па словах яго калег па працы, проста выдатны характар – ён па-сялянску спакойны і разважлівы чалавек, і жывёла быццам адчувае гэта. Даглядчык адпраўляе кароў на дойку, глядзіць, каб не было “блытаніны” пры гэтым, на ім ляжыць вялікая адказнасць. Усё Пётр выконвае, як належыць, а яшчэ па начах прымае роды, выпойвае нованароджаным цяляткам малодзіва, што вельмі важна.
— Тэхналогіі зараз інтэнсіўныя, цяля адразу прыходзіцца забіраць. Як жа кароўкі пераносяць гэта? – задаю пытанне.
Мой субяседнік адказвае ахвотна і са спачуваннем:
— Яны ж маці, яны ўсё разумеюць. Ніхто ж не хоча аддаваць сваё дзіця. Здараецца, што якая-небудзь з каровак і сілай стараецца абараніць сваё толькі што аблізанае маленькае цялятка. Я гэта разумею, мне іх шкада…
На вадзяной лазні даглядчык размарожвае малодзіва, стараецца хутчэй выпаіць яго нованароджанаму. Так даецца ўдалы старт моцнай імуннай сістэме. Па аналізах крыві цялят на імунаглабуліны потым можна вызначыць, ці пастараліся на комплексе, каб цяляты ў далейшым менш хварэлі, а значыць, меншымі былі б і выдаткі на лекі.
Падзяліўся Пётр са мною і прыемнымі ўспамінамі. У мінулым годзе пабываў ён на вядомай выстаўцы “Бел­агра” з прыгажуняй-кароўкай па мянушцы Афрадыта. Яна не падвяла – заняла там 1 месца сярод племянных кароў малочнай пароды. А ствараў ёй добры настрой менавіта Пётр – сваім шчырым клопатам.
Зараз на малочнатаварным комплексе паўтары тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Дойны статак – 790 кароў. У перспектыве тут — далейшае раскрыццё генетычнага патэнцыялу жывёлы і вытворчасць малака “экстра”.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *