Культура земляробства. Як яе павысіць?

Лента новостей Сельское хозяйство

IMG_5703Павышэнне культуры земляробства сёння ў полі зроку земляробаў усяго свету. Над гэтым працуюць тэарэтыкі-вучоныя і практыкі-аграномы. На Бераставіччыне зроблены пэўныя поспехі ў павышэнні культуры земляробства, наш раён займае дастойнае месца сярод іншых у вобласці і рэспубліцы. На гэту тэму мы гутарым сёння з начальнікам аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама Аляксандрам Курылам.

— Аляксандр Васільевіч, у сілу сваёй прафесіі Вы непасрэдна зацікаўлены, каб аграрная вытворчасць на Бераставіччыне дынамічна развівалася. Давайце, калі ласка, пачнём з тэорыі. На “слыху” ў сродках масавай інфармацыі і ў непасрэднай сувязі з інтэнсіўнымі палявымі работамі ў краіне зараз набывае асаблівую актуальнасць такое паняцце, як “культура земляробства”. Чытачам было б цікава даведацца больш падрабязна, што гэта такое?
— Усё жывое на зямлі звязана з зялёнымі раслінамі. Без іх мы сапраўды не ўяўляем свайго жыцця. Здаўна земляробы імкнуліся падняць прадуктыўнасць раслін, стварыць для іх найбольш спрыяльныя ўмовы, каб атрымаць добрую аддачу. Над гэтай складанай задачай і сёння працуюць вучоныя, аграномы і іншыя спецыялісты сельскай гаспадаркі. Зараз існуе стройная сістэма агранамічных ведаў, якая “валодае сакрэтам”, як атрымаць высокі ўраджай. Важнейшыя фактары жыцця раслін — святло, цяпло, вада, спажыўныя рэчывы. Усе састаўныя часткі гэтага аднолькава важныя. Напрыклад, нельга замяніць азот фосфарам або каліем, а вада не заменіць спажыўныя рэчывы. Расліна – гэта жывы арганізм, і калі хочаш, каб яна аддзячыла чалавеку, трэба адносіцца да яе з любоўю і клопатам, мець на ўзбраенні здабыткі навукі і практыкі. Як і ўсё жывое, расліны могуць прыстасоўвацца, але магчымасці нават лепшых сучасных гатункаў абмежаваныя. Таму агранамічная навука і практыка робіць стаўку на культуру земляробства – валоданне эфектыўнымі прыёмамі стварэння аптымальных умоў для развіцця сельскагаскультур, пры якіх мінімізуюцца разнастайныя перашкоды.
— А на што іменна робіцца акцэнт?
— Расліны бесперапынна адчуваюць уплыў цэлага комплексу фактараў. З гэтага вынікае, што атрымаць высокі ўраджай можна толькі тады, калі адпаведна і рэагаваць – паслядоўна ператвараць у жыццё ўвесь комплекс сучасных агратэхнічных мер, планамерна павышаць урадлівасць глебы. Напрыклад, калі не ўнесці ў глебу дастаткова арганічных і мінеральных угнаенняў, дрэнна яе апрацоўваць, не весці барацьбу з пустазеллем, а значыць, будзе нізкая культура земляробства, дык нельга і разлічваць на высокі ўраджай. Таму павышэнне культуры земляробства вельмі важнае для ўсіх нас. Жывёлагадоўля таксама залежыць ад яго.
— Як абстаяць справы на Бераставіччыне?
— У нашым раёне шмат зроблена. У гаспадарках працуюць дасведчаныя спецыялісты, мы аказваем ім неабходныя кансультацыі. Да таго ж у век Інтэрнэту ўжо не трэба шукаць падручнікі, яны ёсць у электронным варыянце, і можна таксама знайсці нямала новай карыснай інфармацыі. Спецыялісты павышаюць свой узровень на курсах, назапашваюць практычны вопыт. Зараз у раёне гарачая пара – сяўба. Безумоўна, такая работа ніколі не была простай. У гаспадарках надавалася ўвага ўнясенню арганічных і мінеральных угнаенняў, правядзенню перадпасяўной апрацоўкі глебы, захаванню тэхналогій сяўбы. Вызначаюцца стараннем спецыялісты і працаўнікі СВК імя Варанецкага, “Алекшыцы”, РУСП “Масаляны”. Гэтыя гаспадаркі амаль кожны год пры правядзенні раённага агляду пасеваў знаходзяцца ў тройцы лідараў. Яны паказваюць прыклад эфектыўнай работы, стараюцца павышаць культуру земляробства. Сяўба на Бераставіччыне праходзіць у звычайным рэжыме, што сведчыць пра добрую падрыхтоўку да яе, а яравыя культуры будуць пасеяны ў аптымальны тэрмін з захаваннем усіх належных агратэхнічных прыёмаў.
— Дзякуй Вам за цікавую і змястоўную гутарку, Аляксандр Васільевіч. А нашым землякам хочацца пажадаць новага шчодрага ўраджаю!
Гутарыла Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *