Заўтра – Вербніца

Лента новостей

IMG_2629У нядзелю, 20 сакавіка, Каталіцкі Касцёл адзначае Пальмовую, ці Вербную нядзелю — Урачыстасць Уваходу Пана ў Іерусалім. Яна распачынае апошнюю нядзелю перад Вялікаднем, у час якой мы перажываем цэнтральную таямніцу хрысціянскай веры — пасхальную таямніцу смерці і ўваскрэсення Езуса Хрыста.
У гэты дзень у літургіі Касцёла згадваецца ўрачысты ўваход Езуса Хрыста ў Іерусалім за пяць дзён да Яго ўкрыжавання. Як пішуць евангелісты, людзі з натоўпу, якія віталі Хрыста, слалі на дарозе свае вопраткі, а таксама аліўныя і пальмавыя галінкі, усклікаючы пры гэтым: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана».
На пачатку літургіі Пальмовай нядзелі чытаецца Евангелле пра трыумфальны ўваход Езуса Хрыста ў Іерусалім, пасля чаго святар асвячае галінкі вербаў і пальмаў, прынесеныя вернікамі, а потым адбываецца ўрачыстая працэсія. Пазней асвячоныя галінкі спаляць, а попелам, які ад іх застанецца, будуць пасыпаны галовы вернікаў у Папяльцовую сераду наступнага года.
— Гэта ўрачыстасць мае радасны характар, — гаворыць ксёндз-пробашч парафіі Перамянення Пана г.п.Вялікая Бераставіца а.Вальдэмар Слота, — бо з яе пачынаецца літургічны ўспамін падзей, у якіх здзейснілася збаўленне свету. І ў той жа час Пальмовая нядзеля прысвечана асабліваму разважанню пра муку Пана і непасрэдна рыхтуе нас да перажывання яе ў літургічных абрадах Вялікага тыдня.
Хрысціянскія таямніцы веры ўзаемна прасякаюць адна адну: хвала і радасць ствараюць непадзельную цэласнасць з цярпеннем, а яно, у сваю чаргу, прадвяшчае ўваскрэсенне і збаўленне. Удзел у літургіі Пальмовай нядзелі азначае згоду вернікаў прыняць крыж і цярпенне з Хрыстом. Згоду ісці да жыцця не іншым, а менавіта гэтым шляхам — шляхам, які паказаў нам Збаўца.
Таму па стаўшай ужо добрай традыцыі ў Вербную нядзелю ў Вялікай Бераставіцы адбудзецца інсцэніраваны Крыжовы шлях вуліцамі райцэнтра для вернікаў не толькі з мясцовай, але і з суседніх парафій. Распачнецца ён у 17 гадзін, я сардэчна запрашаю ўсіх далучыцца да набажэнства і прайсці гэты шлях разам з Хрыстом, каб глыбей зразумець сэнс цярпення Езуса, якое Ён ахвяраваў за нашы грахі.
Падрыхтавала Ірына Міклаш, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *