Чым запомніўся год адыходзячы?

Лента новостей

Адыходзіць у гісторыю 2010 год, які быў надзвычай багаты на падзеі і для многіх стаў запамінальным. Яшчэ пройдзе некалькі гадзін і мы будзем сустракаць новы 2011 год, а разам з тым, загадваць запаветныя жаданні на будучае. Сёння ж мы папрасілі нашых чытачоў успомніць і падзяліцца, чым запомніўся ім год адыходзячы? Ці спраўдзіліся іх чаканні і надзеі?
Людміла Кіган, фельчар-валеолаг цэнтральнай раённай бальніцы:
—Год быў някепскім, запомніцца прыемнымі падзеямі. Ну, напрыклад, мужа павысілі ў званні—ён цяпер капітан мілі-цыі. Добры настрой падарылі і дачушкі, шасцікласніца Даша і трэцякласніца Маша—і першую, і другую чвэрці закончылі паспяхова.
Задавальненне атрымлівала і ад работы. Запомніўся абласны конкурс на лепшы наглядны матэрыял па фарміраванні здаровага ладу жыцця. Ён меў такія намінацыі, як “лістоўка”, “плакат”, “відэаролік”. Удзел у конкурсе прымала і наша ЦРБ, разам з загадчыкам рэнтгенкабінета С.В.Сакам мы падрыхтавалі плакат на тэму “Стань свабодным ад тытуню”. Прыемна, што ў сваёй намінацыі наша работа заняла першае месца ў вобласці. Выява плаката ёсць на каляндарыках, выпушчаных абласным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі.
Былі вельмі рады, што і ў рэспубліцы наш плакат стаў адным з лепшых і надрукаваны ў газеце “Медыцынскі веснік”.

Сяргей Уладзіміравіч Гішман, раённы ваенны камісар:
–Год адыходзячы быў для мяне, у цэлым, удалым, хоць і даволі напружаным. Ён прынёс мне прызначэнне на новую пасаду, пераезд на новае месца жыхарства. Вядома, рух наперад па кар’ернай лесвіцы – падзея прыемная, але 10-ы ўжо па ліку пераезд і пошук кватэры даставілі нямала клопатаў маёй сям’і. Спадзяюся, што ў будучым годзе мы закончым будаўніцтва сваёй ўласнай кватэры.
2011 год будзе вельмі адказным для мяне і ўсіх супрацоўнікаў райваенкамата: у маі чакаецца комплексная праверка нашай работы Галоўным арганізацыйна — мабілізацыйным упраўленнем Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, мы павінны да яе сур’ёзна падрыхтавацца. А яшчэ ў планах на наступны год – рамонт прызыўнога пункта, грошы на яго ўжо выдзелены.

Дар’я Галавач, вучаніца 11 класа Вялікабераставіцкай школы:
— Гэты год праляцеў для меня надзвычай хутка: здаецца, яшчэ ўчора я была ў дзясятым класе, і вось ужо зусім мала засталося часу да апошняга школьнага званка. Год адметны для мяне тым, што я вызначылася са сваёй будучай прафесіяй — буду паступаць на факультэт журналістыкі. Менавіта зараз я раблю свае першыя пробныя крокі: друкуюся ў “раёнцы”, актыўна ўдзельнічаю ў падрыхтоўцы школьнай сценгазеты “Першая ластаўка” (дарэчы, у гэтым годзе я і мае аднакласнікі падрыхтавалі першы відэавыпуск “Першай ластаўкі”). Акрамя таго, пачала надаваць больш увагі вучобе, асабліва — тым прадметам, па якіх буду здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне.

Ніна Піліпаўна Марцуль, пенсіянерка, г.п.В.Бераставіца:
— Якім мог быць адыходзячы год для чалавека пенсійнага ўзросту? Мне здаецца так: чалавек пражыў яго – і дзякуй Богу. Самае галоўнае багацце ў сталым узросце – гэта здароўе. Ёсць яно, тады і ўсяго астатняга хапае. Тым больш, што ў матэрыяльным плане большасць пенсіянераў забяспечана нядрэнна. Асабліва, калі чалавек жыве на зямлі і мае яшчэ сякі-такі прыбытак ад уласнай гаспадаркі. Хоць і спякота была моцная летам, але ж агуркі, памідоры, іншая гародніна ўрадзілі добра. І гэта было прыемна. Радавала, калі ў дзяцей і ўнукаў усё складвалася добра. Хацелася б, каб год надыходзячы быў для ўсіх надзвычай спрыяльным ва ўсіх адносінах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *