У Музей Вавёркі завіталі батлеечнікі

Лента новостей

1Пад эгідай культурна-асветніцкага цэнтра імя Еўфрасінні Полацкай аг.Пагранічны на мінулым тыдні ў Музеі Вавёркі адбылася пастаноўка старадаўняга лялечнага тэатра батлейкі. Юныя батлеечнікі – выхаванцы нядзельнай школы храма Святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай аг.Пагранічны – паказалі сваім аднагодкам з Вялікабераставіцкай сярэдняй школы калядную казку “Калабок”, прэм’ера якой, дарэчы, адбылася ў Пагранічным філіяле Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў на свята Нараджэння Хрыстова.

2 3 4 5 6Юных артыстаў і гасцей установы прывітаў навуковы супрацоўнік ДУК “Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы” Мікалай Пацэнка. Ён пазнаёміў чацвёртакласнікаў з гісторыяй узнікнення батлейкі – гэтага народнага і па-свойму прыцягальнага жанра тэатральнага мастацтва.
Батлейка на Беларусі існавала з XVI стагоддзя. У даўніну на Каляды разам з калядоўшчыкамі і звездарамі па вёсках і мястэчках вандраваў незвычайны лялечны тэатр. На Украіне яго называлі “вяртэп”, у Польшчы — “шопка”, а ў нас на Беларусі — “батлейка”. Назва «батлейка» ўзнікла ад польскага слова «Бэтлеем» — назвы горада Віфлеема, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос. У той даўні час дзякуючы самаробным лялькам людзі маглі ўбачыць Хрыстова нараджэнне, жорсткага цара Ірада, які хацеў забіць маленькага Сына Божага, іншыя рэлігійныя персанажы. Паступова батлейку ўзбагацілі бытавымі, жартоўнымі сцэнамі – інтэрмедыямі. Батлеечнікі вандравалі па ўсёй кpaiнe. Ix сустракалі як самых дарагіх гасцей. Асабліва радаваліся дзеці. Бо ў лялечным тэатры было столькі таямнічага i непаўторнага. У XVIІ стагоддзі тэатр існаваў i ў школах. Напрыклад, у горадзе Полацку пры адным з манастыроў манах-настаўнік Сімяон стварыў школьны тэатр.
У пачатку станаўлення бат­лейкі адзін з батлеечнікаў іграў на скрыпачцы, а другі адчыняў дзверы чароўнай скрынкі-хаткі і праз шчыліны, зробленыя ў яе падлозе на кожным паверсе, кіраваў кіёчкамі з лялькамі. Ён жа агучваў герояў рознымі галасамі, сыпаў дасціпнымі прыказкамі, спяваў батлейкавыя песні. З цягам часу акцёраў-лялечнікаў, задзейнічаных у пастаноўцы, стала больш. Лялькі рабіліся з дрэва, паперы, тканіны, нават гліны. Яны замацоўваліся на пруце з дрэва або з дроту. Былі батлейкі з лялькамі-марыянеткамі на нітках, з пальчыкавымі лялькамі. Скрыні вырабляліся адна-, двух- ці нават трохпавярховыя. Дарэчы, цікавая і вельмі змястоўная калекцыя беларускай батлейкi, вяртэпа i калядных зорак, а таксама лялек сёння знаходзiцца ў Музеi старажытна-бела­рускай культуры Інстыту­та мастацтвазнаўства, этна­­графii i фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусi.
Батлейка за час свайго існавання перажывала і часы росквіту, і часы забыцця. Аднак цікавасць да гэтага віда мастацтва засталася. І на розных узроўнях – у прафесійных і самадзейных тэатрах, у гуртках і аматарскіх аб’яднаннях – батлейка працягвае сваё жыццё.
Да гэтага жанру мастацтва звярнуліся і выхаванцы нядзельнай школы храма Святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай аг.Пагранічны разам са сваім кіраўніком, настаўніцай гімназіі Людмілай Турок і бібліятэкарам філіяла “Пагранічная сельская бібліятэка” Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага Святланай Грыбанавай. Дапамагала ў гэтай справе і загадчыца філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг.Пагранічны Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Жук.
– У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці мы папрасілі драўляную скрыню і лялькі (спроба аднавіць батлейку ўжо была некалі зроблена ў Кватарах), зрабілі некалькі новых лялек, – расказвае кіраўнік нядзельнай школы Людміла Турок. – У сцэнарый увялі яшчэ пару казачных персанажаў пад патрэбную нам колькасць удзельнікаў і пачалі рэпетыраваць. Дзяцей хутка захапіў гэты творчы працэс. Батлейка ім прыйшлася даспадобы.
Пастаноўка спадабалася і юным гледачам. Падсветленая агеньчыкамі скрыня, дзе “чаравалі” батлеечнікі, цікавы, месцамі вясёлы змест, незвычайныя лялькі пакінулі ў іх яркія ўражанні і прыемнае здзіўленне. Многія школьнікі ўпершыню бачылі пастаноўку батлейкі і толькі тут, у музеі, даведаліся пра гэты старадаўні від беларускага мастацтва.
Дырэктар ДУК “Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы” Аляксандр Галавач выказаў юным артыстам падзяку і надзею на тое, што яны разам са сваім кіраўніком і далей будуць развіваць батлейку на Бераставіччыне.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *