Мой любы край – Бераставіччына

Лента новостей

IMG_4964Менавіта такога меркавання пра наш раён прытрымліваецца малады спецыяліст, аграном па ахове раслін СВК “Пархімаўцы” Аляксандра Яроцкая, якая прыехала сюды працаваць, як спадзяецца, назаўсёды.
Яна закончыла Пагранічную гімназію, а затым факультэт аховы раслін Гро­дзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Прафесію дзяўчына выбрала па прызванні, са школьных гадоў любіла біялогію і родную прыроду. І хаця ў юнацтве Аляксандру ўсё ж больш цікавілі прыгожыя пакаёвыя кветкі, чым рэкордны ўраджай на бацькоўскім прысядзібным участку, зацікавіла яе менавіта сур’ёзная і грунтоўная агранамічная навука, якая зараз здольная тварыць сапраўдныя цуды. Мы пагаварылі з Аляксандрай не толькі пра работу ў гаспадарцы, але і пра тое, што цікавіла нас, як людзей, што любяць працаваць на зямлі, вырошчваць бульбу, агародніну, пладовыя дрэвы і кустоўе. Малады спецыяліст запэўніла мяне, што зараз зусім неабавязкова прыкладваць столькі намаганняў, як раней, каб вырасціць уласную прадукцыю. Памятаю, менавіта такая працаёмкасць часта “адварочвала” моладзь ад вёскі. Калі хто палоў шмат пасадак бульбы, вялікі агарод у дадатак, а праз некалькі дзён пасля добрага дожджыка ўсё гэта спраўна зарастала маладзенькім пустазеллем ізноў, зразумее мяне. А нас з бабуляй, да якой мяне адвозілі на школьныя канікулы, чакалі кожнае лета яшчэ дзялкі калгасных буракоў да самага гарызонту… Дзед з хворымі нагамі, як мог, дапамагаў нам на прысядзібным участку, спачуваючы, падтрымліваючы маральна, і рыдлёўкай выкопваў доўгае ўчэпістае карэнне пырніку і адуванчыкаў. Дык вось, Аляксандра адразу дала карысную параду – зараз ёсць “разумная хімія” — гліфасаты, ад якіх пустазелле проста жаўцее і засыхае, але выкарыстоўваць іх трэба па навуцы. А наконт “плантацый” адуванчыкаў і яна развяла рукамі – надта ж жывучая і панадлівая гэтая расліна. Лёгкія белыя парасончыкі яе тысячамі разносяцца ветрам, ствараюць сапраўднае пастаяннае нашэсце, а карэнне адуванчыка вельмі доўгае, таму вывесці непажаданага госця праблематычна. Эфектыўным застаецца ўсё ж “дзедаўскі спосаб” – выкараняць, не даваць укараніцца маленькім шкодным раслінам. Частая праполка дапаможа захаваць участак у чысціні. Па падрабязнай нераўнадушнай кансультацыі маладога спецыяліста па непасрэднай спецыяльнасці – ахове раслін, можна было ўбачыць, што Аляксандра любіць сваю справу, што радуе. А затым наша гутарка плаўна перайшла на яе надзённы занятак.
— Зімой жа няма зялёных палеткаў, хлебнай нівы, а значыць, і такіх клопатаў, – канстатую. – А што робяць аграномы зімой, у прыватнасці Вы?
— Работы хапае, — адказвала мая маладзенькая і прыгожая субяседніца. – Падмяняю тых людзей, хто ў спакойны зімовы час узяў водпуск, выконваю абавязкі кладаўшчыка. Мне ў СВК “Пархімаўцы” вельмі падабаецца. Тут дружны калектыў, добразычлівыя людзі, з імі цікава працаваць.
Я з паўслова разумею Аляксандру, яна прыйшла не на “цаліну”, як вобразна называюць аграрыі слабыя гаспадаркі, дзе пануе заняпад. У нашым раёне такіх увогуле няма, хаця ў рэспубліцы па-ранейшаму ўсё ж хапае. Пра такія сельгаскааператывы можна нярэдка ўбачыць вострыя крытычныя матэрыялы ў галоўнай газеце працаўнікоў сельскай гаспадаркі – былой “Белорусской ниве”, а зараз “Сельскай газеце”, якая вярнула сабе ранейшую назву. Ва ўмовах рынку ім раяць проста змяніць спецыялізацыю, калі надвор’е і глеба ім не “дагаджаюць” з зайздросным пастаянствам. І нямала прыкладаў, што амаль побач у аднолькавых умовах у добрых гаспадароў зусім іншыя паказчыкі. А ў СВК “Пархімаўцы” земляробства вядзецца на дастойным узроўні. Агранамічная служба тут моцная, Аляксандра трапіла ў сапраўдную зладжаную каманду. Стаўка ў гэтым сельгаскааператыве зроблена на перспектыўныя гатункі культур і сучасныя эфектыўныя тэхналогіі. Клопат пра новы ўраджай пачынаецца адразу пасля таго, як магутныя грузавікі адвезлі залатое збожжа з хлебных ніў.
Безумоўна, ячмень імпартнай селекцыі Травелер не даў бы 78 цэнтнераў з гектара ў гэтай гаспадарцы ў мінулым годзе без намаганняў спецыялістаў і працаўнікоў. Толькі “дыктатура тэхналогій” і добры догляд дапамаглі раскрыць багаты патэнцыял гэтай запатрабаванай культуры. Парадавалі нашых землякоў таксама авёс Юбіляр айчыннай селекцыі – 55 цэнтнераў з гектара, азімая пшаніца Ядвіся – 80 цэнтнераў з гектара, трыцікале Вітон імпартнай селекцыі – 75 цэнтнераў з гектара. Клапатлівыя чулыя рукі аграрыяў, іх трывалыя веды служаць сапраўдным залогам далейшых здабыткаў. Аляксандры ёсць з кім параіцца, у каго пераняць перадавы вопыт. Таму і настрой у маладога спецыяліста добры, бадзёры. А як часта бывае, што нядаўнія студэнты, на навучанне якіх дзяржава выдаткавала столькі грошай, стараюцца ўцячы з вёскі хутчэй зноў у вялікі горад. І сваю лепту ў гэта часта ўносяць і старэйшыя калегі, якія належным чынам не сустрэлі маладога спецыяліста, не сагрэлі яму душу добрым словам, не падтрымалі ў цяжкую хвіліну, калі нешта не атрымліваецца. Вось і нядаўна ў рэспубліканскім друку прайшла цікавая публікацыя, як дзяўчыне, што прыехала па размеркаванні ў аграгарадок, прадставілі закінутае жыллё … без дзвярэй. Няцяжка ўявіць, які настрой быў пасля гэтага ў маладога спецыяліста, які стымул аддана працаваць. А Аляксандры далі пакой у добраўпарадкаванай кватэры, а калі створыць сям’ю, прадставяць асобнае жыллё. Добрыя прыязныя адносіны – гэта своеасаблівая інвестыцыя ў будучае, яна акупіцца выніковай працай. І тое, што на Бераставіччыне жадаюць працаваць маладыя, гэта “высокі бал” і для гаспадарак, і для людзей.
Пройдзе зусім мала часу, прыгрэе веснавое сонейка, абудзіцца маці-зямелька пасля працяглага зімовага сну, выйдуць на ворыва трактары, зарунее поле, з’явіцца прастора для работы і маладога агранома па ахове раслін.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *