Бібліятэкар Святлана Грыбанава адчувае цягу да прыгожага

Человек и его дело

1“Сваё натхненне  я знаходжу ў людзях”  – гаворыць бібліятэкар філіяла “Пагранічная сельская бібліятэка” ДУК “Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В.М.Кавалеўскага” Святлана Грыбанава. Пачаўшы працаваць на гэтай пасадзе ўсяго каля трох гадоў таму, яна сёння – у самым цэнтры культурнага жыцця аграгарадка Пагранічны, бо не апошнюю ролю ў ім, вядома, адыгрываюць бібліятэка і яе супрацоўнікі, а таксама і найбольш актыўныя наведвальнікі. Жанчына зразумела: менавіта цяпер яе душа, якая заўсёды адчувала цягу да прыгожага, атрымала шырокія магчымасці для творчай рэалізацыі.

Філолаг па адукацыі, Святлана Сямёнаўна толькі чатыры гады працавала па спецыяльнасці – настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Старадарожскім раёне Мінскай вобласці. Тым не менш пераканалася: працаваць з дзецьмі ёй падабаецца, кантакт з вучнямі знаходзіцца хутка. Творчы энтузіязм маладой настаўніцы дапамагаў школьнікам ставіцца да яе прадмета са значна большай цікавасцю…
23 4 5 6 7Невядома як склаўся б далейшы настаўніцкі шлях жанчыны, каб не жыццёвыя абставіны, якія прымусілі яе карэнным чынам змяніць прафесію. Бясспрэчна, яна была б выдатным педагогам. Аднак сямнаццаць з паловай гадоў жанчына адпрацавала ў сферы транспарту – спачатку ў ДП «Інтэраўтатранс», а потым у Транспартнай інспекцыі на пагранпераходзе “Бераставіца”. Нельга сказаць, што жанчыне там не падабалася. Яе прафесійная дзейнасць прадугледжвала працу з самымі рознымі людзьмі. А гэта, вядома, заўсёды цікава. Да таго ж, Святлане Сямёнаўне імпанавала моўная практыка. У свой час ва ўніверсітэце яна вывучала польскую мову, нават ездзіла ў Польшчу на практыку, і работа на мяжы стала добрай магчымасцю ўдасканаліць атрыманыя веды.
…Прафесія бібліятэкара бліз­кая для філолага. Святлана Сямёнаўна ўвогуле шмат чытала, сачыла за літаратурнымі навінкамі. Тым не менш, уладкоўваючыся ў Пагранічную сельскую бібліятэку, і не падазравала, наколькі творчым і вірлівым можа быць жыццё ў гэтай установе. Зазначу, бібліятэкі ў сваіх функцыях ужо даўно выйшлі па-за межы толькі кніжнага абслугоўвання. Сёння гэта сапраўдныя асяродкі культуры, дзе нароўні з прапагандай чытання, вядзецца работа і па арганізацыі вольнага часу насельніцтва. Ажыццяўляецца гэта праз аматарскія аб’яднанні па інтарэсах, супрацоўнітцва з клубнымі ўстановамі, агульна­адукацыйнымі школамі і філіяламі школы мастацтваў, а таксама праз узаемадзеянне з органамі мясцовай улады і іншымі зацікаўленымі структурамі. А што датычыцца аграгарадка Пагранічны – то яшчэ і праз дзейнасць культурна-асветніцкага цэнтра імя Еўфрасінні Полацкай і ня­дзельнай школы пры мясцовым храме.
Назіраючы напачатку за сустрэ­чамі, якія арга­нізоўвала загадчыца філіяла На­дзея Кобрынец з дарослымі ўдзельнікамі аматарскага аб’яднання “ДІВО”, Святлана Сямёнаў­на здзіўлялася, якія ж энергічныя, ініцыятыўныя, творчыя, лёгкія на ўздым людзі жывуць у аграгарадку. Іх настрой, іх энтузіязм і сталі своеасаблівым штуршком і для яе ўласнага творчага запалу.
Жанчына з натхненнем пры­ступіла да заняткаў з юнымі ўдзельнікамі дзіцячага аматарскага аб’яднання “Дамавічок”, якое, дарэчы, дзейнічае пры бібліятэцы ўжо амаль дзесяць гадоў. Аб’яднанне знаёміць малодшых школьнікаў з бібліятэкай і з кнігай праз развіваючыя гульні, віктарыны, літаратурныя агляды. А яшчэ … праз заняткі дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, што дазваляе раскрыць творчыя здольнасці пачаткоўцоў, развіць іх эстэтычны густ. Тут і спатрэбіліся Святлане Сямёнаўне яе навыкі ў вязанні кручком і педагагічная практыка.
Каб прапанаваць дзецям цікавы занятак, бібліятэкар сама асвойвала новыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І зрабіла адкрыццё: справа гэтая па-сапраўднаму захоплівае яе. А яшчэ больш грэе душу сумесная работа з дзецьмі, атмасфера творчасці і ўзаемаразумення.
Пад кіраўніцтвам Святланы Сямёнаўны юныя ўдзельнікі аматарскага аб’яднання плятуць вырабы з газет, вывязваюць кручком розныя аплікацыі, пальчыкавыя і іншыя цацкі. А ўласны твор бібліятэкара – самаробная кніга з падобнымі аплікацыямі – удзельнічала ў выставе на свяце беларускага пісьменства ў Шчучыне. І, між іншым, сярод работ, дасланых на конкурс абласной бібліятэкі, была па-свойму адметнай. Святлана Сямёнаўна звязала і некалькі цацак для батлейкі, пастаноўка якой адбылася на Каляды. І гэта далёка не ўвесь пералік створаных ёю вязаных і дэкаратыўных вырабаў.
Плынь духоўнага і культурнага жыцця аграгарадка падхапіла жанчыну, і яна вельмі рада гэтаму. Сёння Святлана Сямёнаўна спявае ў царкоўным хоры, і, каб развіць свае пеўчыя навыкі, нават з’ездзіла ў Мінск на трэнінг па адраджэнні прыроднага голасу. Удзельнічае ў вакальнай групе пры мясцовай клубнай установе. Спрабуе сябе ў ролі вядучай культурна-масавых мерапрыемстваў, што праходзяць у Пагранічным. Яе цікавіць музычнае мастацтва, і таму жанчына стараецца не прапускаць канцэрты спевакоў і музыкантаў – як прыезджых, так і мясцовых. А яшчэ яна наведвае ў райбібліятэцы творчыя сустрэчы з аматарамі мастацкага слова…
Чым адрозніваюцца творчыя асобы? Ім уласцівы фантазія, дапытлівасць, ініцыятыўнасць, хуткі старт да захопленасці і здольнасць да генерацыі ідэй. Яны цалкам паглыбляюцца ў рабочы працэс і імкнуцца даводзіць вынікі працы да ўзроўню дасканаласці. Яны адкрыты ўсяму новаму, не баяц­ца змен, набываюць вопыт і як губкі ўбіраюць у сябе ўсё, што іх акружае.
Усе гэта можна сказаць і пра Святлану Грыбанаву. Яна ж лічыць, што ёй пашчасціла на творчых людзей побач, пашанцавала “рэзаніраваць” з імі, быць на адной хвалі.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *