Цікавыя знаходкі

Из истории земли Берестовицкой

Цяжка ўявіць сабе, але зыходзячы з гістарычных даследаванняў навукоўцаў, можна канстатаваць, што гэтай каменнай сякеры (на здымку) не менш трох тысяч год. А знайшла яе на бульбяным полі за птушкафабрыкай каля ляснога ўрочышча Галава жыхарка райцэнтра А.А.Чэкель.
Пару тыдняў назад паехала яна разам са сваімі суседзямі А.У.Тамашэўскім і яго жонкай паглядзець, як апрацавана бульба. Прайшліся па полю з канца ў канец, і ўжо, калі збіраліся ехаць дамоў, паведаміла Аляксандру Уладзіміравічу, што знайшла ў баразне нейкі незвычайны каменны прадмет, нібыта сякеру. Заўважыўшы адсутнасць гэтага прадмета ў руках суседкі, ён адразу здагадаўся: “мабыць, выкінула”. Так яно і выйшла. Больш за гадзіну яны хадзілі потым у пошуках рарытэтнага прадмета, але ўсё ж такі пашчасціла, на гэты раз А.У.Тамашэўскаму, зноў знайсці яго. Як відаць на здымку, каменная сякера цалкам не захавалася. З аднаго боку ў яе адламана верхняя частка, ці дакладней, тое месца, куды ўстаўляецца тапарышча. Цікава, што на ўцалеўшай частцы дзірка пад тапарышча выглядае адшліфаванай і, акрамя таго, мае не круглую, а паўавальную форму.
Аляксандр Уладзіміравіч расказаў таксама, што недалёка ад таго месца, каля Мянькоў, гадоў 5-7 таму назад была знойдзена жыхаром райцэнтра падобная каменная сякера.
А цяпер зробім невялікі экскурс у гісторыю. Першабытную гісторыю чалавецтва археолагі дзеляць на каменны, бронзавы і жалезны вякі, у залежнасці ад таго матэрыялу, з якога пераважна вырабля-ліся прылады працы. Каменны век, які характарызаваўся галоўным чынам крэмніевымі прыладамі працы, працягваўся на тэрыторыі Беларусі прыкладна з 100-га да 3-га тысячагоддзя да н.э. Гэта быў самы працяглы перыяд у гісторыі чалавецтва ў цэлым і ў Беларусі ў тым ліку.
На рубяжы 3-2-га тысячагоддзя да н.э. у Еўропе пачынаюць выкарыстоўваць больш прадуктыўныя, чым каменныя, — медныя і бронзавыя прылады працы, што і сведчыць пра пераход да бронзавага веку. Аднак выкапняў медзі, волава, а таксама іншых матэрыялаў для выплаўкі бронзы на нашай тэрыторыі не выяўлена. Гэта дае падставы гаварыць аб тым, што бронзу сюды завозілі з іншых месцаў і яна была дарагая. Таму выкарыстоўвалі яе пераважна для прадметаў упрыгожвання, для дарагой зброі, наканечнікаў стрэлаў. А каменныя прылады працы надалей выкарыстоўваліся нашымі старажытнымі продкамі. З цягам часу яны больш удасканальваліся, стала выкарыстоўвацца тэхніка свідравання і шліфоўкі.
Менавіта ў бронзавым веку ўзнікаюць пэўныя доказы эканамічных сувязей насельніцтва тэрыторыі Беларусі як з суседнімі, так і з аддаленымі рэгіёнамі. Як гэта ні дзіўна, але важнейшым экспартным прадуктам таго часу быў якасны крэмень. Самымі вядомымі з’яўляюцца крэмніевыя шахты каля пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна. Іх вывучэннем ар-хеолагі пачалі займацца ў 1962 годзе. Шахты дасягалі 1,5 м у дыяметры і 2-8 метраў у глыбіню. У рэгіёне было некалькі тысяч шахтаў. Яны ўваходзяць у лік найбольш вядомых і добра захаваўшыхся ў Еўропе. Шахты і звязаныя з імі майстэрні па апрацоўцы здабытага каменя ўяўлялі сабой унікальны гаспадарчы комплекс, які функцыянаваў на працягу амаль 1000 год. Тут вырабляліся ў асноўным крэмніевыя сякеры, якія потым шляхам абмена распаўсюджваліся па тэрыторыі Беларусі і нават далёка за яе межамі. З Прыбалтыкі ў абмен на крэмень прывозілі бурштын, з Прычарнамор’я і Каўказа – упрыгожванні са шклападобнай масы і бронзавыя вырабы. Бронзавыя рэчы пападалі на тэрыторыю Беларусі таксама з сучасных тэрыторый Украіны, Расіі, Цэнтральнай Еўропы, Скандынавіі. А бурштын, які вельмі цаніўся ў старажытныя часы, з Балтыйскага ўзбярэжжа праз Беларусь распаўсюджваўся далей на паўднёвыя тэрыторыі.
Адкуль жа ўзялася гэта сякера, што на здымку? Хто ёю валодаў? Для чаго яе выкарыстоўвалі? У апошнім выпадку маецца на ўвазе адносна невялікі памер сякеры, што, вядома, не дазваляла прыстасоўваць яе для палявання на якога-небудзь магутнага звера. На жаль, аб гэтым мы цяпер дакладна ніколі не даведаемся. Можна толькі меркаваць, што калі амаль у адным і тым жа самым месцы знойдзены два аднолькавых прадметы,–значыць, недзе там знаходзілася старажытнае паселішча нашых продкаў. А можа акурат там пралягаў шлях, па якім каменныя вырабы, як апісвалася вышэй, вывозіліся ў абмен на нейкія іншыя рэчы і проста былі згублены? Або тыя, хто іх вёз, падвергліся нападу рабаўнікоў? Пытанні, на якія сёння ніхто не адкажа з упэўненасцю.
Аб адным толькі хацелася б папрасіць нашых чытачоў: калі хто-небудзь знойдзе нейкую незвычайную рэч, не спяшайцеся яе выкідваць. Разглядзіце яе больш уважліва. А можа яна прадстаўляе гістарычную каштоўнасць? У раёне арганізуецца музей, і не выключана, што ваш рарытэтны прадмет зойме пачэснае месца сярод яго экспанатаў.
Сяргей ХІЛЮТА,фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *