Каб вытворчы цэх “Бераставіца” працаваў, як гадзіннік!

Лента новостей

IMG_4918Да нашай айчыннай харчовай прадукцыі, якая ідзе на экспарт, асаблівыя і вельмі жорсткія патрабаванні. Шмат разоў нам даводзілася быць сведкамі, як Расійская Федэрацыя адмаўлялася браць малочныя вырабы з розных прадпрыемстваў Беларусі. Прыемна адзначыць, аднак, што вытворчага цэха “Бераставіца” ні разу не датычыліся такія дакаранні. Санітарыі, строгаму захаванню тэхналогій тут надаецца вялікая ўвага. І значны ўклад у наладжаны вытворчы працэс уносяць людзі, праца якіх на першы погляд непрыкметная, але такая важная. Гаспадарчая служба, якую ўзначальвае вопытны работнік Аляксандр Гурын, утрымлівае ў належным парадку будынкі і памяшканні, тэрыторыю вытворчага цэха, займаецца пагрузкай сыроў, мыццём і рамонтам спецадзення. Рабочыя Валерый Цыбуль і Андрэй Кулевіч выконваюць дробны рамонт будынкаў і памяшканняў, сочаць за парадкам. Аляксандр Котаў, Яўген Пінчук, Уладзімір Чорны і Мікалай Станкевіч з дапамогай сучаснага маленькага імпартнага пагрузчыка могуць загрузіць у дзень дзве-тры фуры, колькі спатрэбіцца. Стараюцца рабочыя па мыццю і рамонту спецадзення Ірына Савіцкая і Вольга Баліцкая. У цэху ўстаноўлена вытворчая пральная машына. Спецвопратка ў працаўнікоў чыстая, ахайная. З самага лепшага боку паказваюць сябе і астатнія працаўнікі гаспадарчага звяна – прыбіральшчыкі Святлана Марулава, Ганна Шапавалава і Віктар Клімчук. Усе стараюцца, каб цэх працаваў, як гадзіннік. Няхай і ў Новым годзе спадарожнічаюць нашым землякам поспехі, удача, моцнае здароўе і добры настрой!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *