Дзед Мароз і Снягурка

Лента новостей

Ідуць па вуліцы бабуля з праўнучкай. І гамоняць:
— Што табе, мая харошая, Дзед Мароз падорыць? – пытаецца старая.
— Не ведаю, — адказвае малая, па ўсім відаць, яшчэ першакласніца. – Я тры разы ўжо пісала яму пісьмы. Нічога з таго, што прасіла, не падарыў. Пад елкай толькі цукеркі знаходзіла і яшчэ дробязь усялякую.
Бабуля аж спынілася:
— Якая гэта такая дробязь?! Я сама бачыла, што Дзед Мароз прыносіў табе фарбы для малявання, кніжку з прыгожымі карцінкамі. А ў тым годзе сукенку і альбом для фотаздымкаў – вачэй не адвесці. Каб мне ў твае гады хоць адну цукерачку паклаў – я скакала б ад радасці! Яблык ці арэхі шчасцем было знайсці пад ёлачкай, а цукерак нават на галінках яе не было. А ты – дробязь!
— Бабулечка, ты нічога не разумееш. Цяпер Дзед Мароз такія падарункі носіць – ого! Першы раз я прасіла ў яго мужа для маёй Барбі, называецца ён Кенам. А ў другі раз – мабільнік ці, калі можа, то і камп’ютар. Ва ўсіх у нашым класе кампы ёсць, а ў нас няма.
— То пішы пісьмо, прасі, яшчэ не позна, — уражаная праўнучкінымі “апетытамі”, усё ж раіць ёй старая.
— Ага! – злуецца раптам тая. – Раней я малая была, а цяпер – не абдурыш. Дзед Мароз наш хто? Дзядзька Ваня! А ў яго вечна грошай няма.
— А Божухна, адкуль ты ўзяла такое?
— Чула, як мама крычала на тату, каб не пазычаў яму больш. Інакш і сам пойдзе “з посахам па хатах”.
— А-ё-ёй! – хапаецца за голаву бабуля. – Гэта што ж за размовы пры дзіцяці!
— Ды ты не хвалюйся, усё проста цудоўна! – “супакойвае” малая. – А тата сказаў маме: “Калі пайду, то цябе вазьму Снягуркаю!” Ура, бабулечка! І праўда напішу ім пісьмо, папрашу і мабільнік, і камп’ютар!

Марыя Драпеза



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *