Ганна Балашка -пераможца абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў сярод работнікаў жывёлагадоўлі

Сельское хозяйство Человек и его дело

IMG_4816На нядаўнім абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2015” пераможцай абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў сярод работнікаў жывёлагадоўлі была прызнана Ганна Балашка, аператар па абслугоўванні свінаматак з парасятамі СВК імя Варанецкага.
З 1999 года працуе Ганна Балашка на свінакомплексе ў роднай гаспадарцы. Пагалоўе і тады было вялікае, а работа значна цяжэйшая, успамінае аператар. Зараз тэхналогіі пайшлі наперад, вытворчасць мадэрнізавалася. Але нованаро­джаных парасят па-ранейшаму трэба даглядаць, як малых дзяцей. За імі патрэбна “вока і вока”. Да таго ж, як народзяцца, ім трэба трошкі “зрэзаць зубкі”, каб не паранілі маму пры іх кармленні. А з дзявятага дня пачынаецца падкормка парасят. Работу сваю Ганна ведае выдатна, у яе добрая захаванасць пагалоўя, прывагі маленькіх парасят. Вострае пільнае вока, чуйныя клапатлівыя рукі, спагада і любоў да жывёлы, працавітасць, дасціпнасць, спрадвечныя сялянскія карані вельмі дапамагаюць ёй. Зараз аператар прымае апаросы, калі трэба, аказвае кваліфікаваную дапамогу.

… Пабачыла свет у свой час Ганна і ўсяму ведае цану. А ўвогуле я нават не адразу паверыла сваім вачам, калі сустрэлася з нашай чарговай гераіняй публікацыі, нягледзячы на тое, што час і месца сустрэчы ў аграгарадку Вялікія Эйсманты былі намі загадзя вызначаны па тэлефоне. Сумняваючыся, што гэта менавіта яна, запыталася ў незнаёмкі, як яе імя і прозвішча. У думках працаўніца свінакомплексу прадстаўлялася мне звычайнай жанчынай сярэдніх гадоў, якая знешне нічым не вылучаецца сярод іншых, а перада мной стаяла стройная прыгажуня ў модным адзенні. Даведаўшыся пра яе ўзрост, які не буду прыводзіць тут, бо жанчыне трэба даваць столькі гадоў, на колькі яна выглядае, я таксама здзівілася. У Ганны Чаславаўны ёсць ужо ўнучка, але выглядае гэтая жанчына значна маладзей, чым адзначана ў яе пашпарце. Новае знаёмства аказалася неардынарным, а размова вельмі цікавай.
Дзяўчына з Вялікіх Эйсмантаў у гады існавання Савецкага Саюза закончыла хіміка-тэхналагічны тэхнікум у Гродне і паехала на практыку ў далёкі Валгаград на камбінат па вытворчасці сінтэтычнага валакна. Прагнымі да новых яскравых уражанняў вачамі глядзела яна на прасторы нашай вялікай Радзімы, а ў вялікім горадзе потым сустрэла сваё каханне. Дзяўчына выйшла замуж за маладога чалавека, бацькі якога, азербайджанцы, жылі ў Грузіі недалёка ад Тбілісі. Маляўнічая паўднёвая прырода, смачныя фрукты і агародніна, добрыя адносіны бацькоў мужа паспрыялі таму, каб сям’я вырашыла тут жыць. Але традыцыйныя звычаі ўсходніх людзей “напружвалі” нашу суайчынніцу, ёй было вельмі цяжка да іх прыстасавацца, і Ганна з маленькай дачкой праз некаторы час вырашыла вярнуцца дамоў. Муж не захацеў пераязджаць у Беларусь, таму прыйшлося з ім развітацца. У добра вядомым моцным калгасе імя Варанецкага Ганна стала працаваць аператарам машыннага даення на малочнатаварнай ферме. Ужо і тады тут была добра наладжана вытворчасць, надоі на той час былі высокія. Клапаціліся ў гаспадарцы і пра даярак, цяжкай ручной працы не было.
А праз некаторы час па аб’яве ў газеце маладая жанчына вырашыла паехаць на Далёкі Усход на рыбны завод. Туды паехала шмат моладзі, ехалі на цягніку 9 сутак, захапляліся экзатычнай прыгажосцю розных мясцін, асабліва Байкала, а затым на пароме іх павезлі на востраў непадалёку ад Японіі. Праца па прыгатаванні кансерваў была на заводзе наладжана сапраўдным “канвеерам”, кожны выконваў сваю частку работы. Ганна паніравала камбалу перад смажаннем.
— Рознай рыбы, морапрадуктаў наеліся мы тады, здаецца, на ўсё жыццё, — успамінае мая субяседніца. – Усё было вельмі смачнае. Прырода таксама была адметная, а аднойчы на ўзбярэжжы мы нават убачылі акальцаваную чарапаху, і што вельмі цікава – акальцавалі яе яшчэ ў 19-м стагоддзі. Зарплата была вельмі добрая на той час, але праз паўгода Ганне захацелася дамоў. Вярнулася яна ў Беларусь з хлопцам з Валожына, яны ажаніліся, у іх нарадзіўся сын.
Зараз Ганна сама сабе гаспадыня, дзеці яе ўжо дарослыя і жывуць ў Гродне. У вольны час гэтая працавітая жанчына любіць чытаць. Нядаўна перачытвала творы Тэкерэя, Драйзера. А яшчэ яе хобі – падарожжы, адпачынак. У апошнія гады пабывала яна на моры ў Балгарыі, Абхазіі. Гаворыць, што ў кожным месцы ёсць свая прыгажосць і адметнасць, напрыклад, у Балгарыі лепшы сервіс, а ў Абхазіі больш душэўныя прыязныя людзі.
Пагутарыць з гэтай жанчынай было вельмі цікава. Свой лёс яна стварае сваімі рукамі – чалавек вельмі самастойны і неардынарны.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *