Матылёк

Лента новостей

Яе называць Валя, Валянціна. Але яшчэ ў дзяцінстве чамусьці прыліпла да малой мянушка Матылёк. Можа, таму, што была яна да кволасці танклявай, лёгкай і хутканогай непаседай. І пырхала, бы той матылёк, па вуліцы, па лузе сярод высокай травы і кветак, насілася сцяжынкай цераз жытнёвае поле да блізкага – рукой падаць – узлеску. І характар мела таксама лёгкі, вясёлы, а вочы свяціліся такім даверам да ўсіх. Мянушка так моцна прыстала да дзяўчынкі, што ўжо і мама, і татка клікалі яе так, як і дзеці, як і многія дарослыя. І ні яна сама, і ніхто другі не бачылі ў гэтым нічога благога. Адна толькі бабуля Валечкіна не-не ды і ўздыхне цяжка, прамовіць: “Нічога няма ў гэтым жыцці выпадковага, і імя не проста так даецца, і нават мянушка… Ах, дзіця маё мілае, не дай табе Бог апячы сваю душу, бы той матылёк свае крылцы, летучы на яркі агонь”.
Дзяўчынка не разумела, пра што кажа бабуля. Тыя яе словы ўспомніла многа пазней, калі расцвіла дзявочая краса.
…Андрэй быў прыезджым: артыстам з вобласці, якога ў раёне з нецярпеннем чакалі на гастролі. Малады прыгожы спявак выступіў у райцэнтры і на нейкі час заглянуў да сваей цёткі, Валінай суседкі. Дзяўчына і раней, у дзяцінстве, ведала Андрэя, неаднойчы нават гуляла з ім на суседскім падворку. А потым хлопец некуды знік. Можа, вучыўся, служыў у войску – хто ж яго ведае? Валя не цікавілася ім, не ўспамінала.
А тут такая неспадзяваная сустрэча! Андрэй стаяў каля веснічак, глядзеў на дзяўчыну і – усміхаўся. Аднак было ў яго ўсмешцы штосьці крышачку паблажлівае, пагардлівае – дзяўчына сэрцам адчувала гэта. Але які ж прыгажун! Вачэй не адвесці.
У сэрцы Валі пасялілася салодкая трывога. А потым Андрэй прыехаў да цёткі ў водпуск.
Яны з Валяй гулялі па вёсцы, па старым калгасным садзе і поплаве, над якім так рамантычна слаўся лёгкі туман і плыў месяц – саюзнік усіх закаханых. Да дзяўчыны прыйшло яе першае пачуццё.
Андрэй быў такі мілы, такі родны – ён прадугадваў усе яе жаданні і дагаджаў, як мог. Яна бегла на спатканні, баючыся спазніцца хоць на хвілінку. Яна гатова была аддаць Андрэю і сваё сэрца, і сваё жыццё.
— Дачушка, не пара ты яму, — адгаворвала маці. – Ён артыст, у яго ў горадзе хапае дзяўчат. Ты ж звычайная, вясковая.
Але Валянціна не магла ўжо пражыць без Андрэя ні дня, ні нават хвіліны. Ёй так добра, так спакойна было побач з ім. І зусім забылася тая халодная паблажлівая пагардлівасць у яго вачах пры першай сустрэчы. Аднойчы дзяўчына прызналася юнаку, што кахае яго. Андрэй ціха прашаптаў, што і ён яе кахае таксама…
Іх любоў бачылі зоры. І лёгкі ветрык, які атульваў пяшчотнай прахалодай. Ім спяваў свае песні салоўка, а дурманячы пах дарылі лугавыя травы…
Закончыўся Андрэеў водпуск, і ён паехаў у горад. Дамовіліся тэлефанаваць адно аднаму, юнак абяцаў хутка прыехаць.
Валянціна неўзабаве зразумела, што… цяжарная. Матулі гаварыць пра гэта баялася. Набірала хатні нумар Андрэя, каб узрадаваць, пачуць ад яго словы кахання. Але тэлефон або маўчаў, або жаночы голас казаў, што Андрэй на гастролях.
Валянціна плакала да адчаю. Урэшце, наважылася і, узяўшы ў суседкі адрас яе плямянніка, паехала ў горад.
…Дзверы адчыніў Андрэй. З-за яго спіны выглядвала прыгожая і напаўраспранутая дзяўчына.
— Ты?!! – здзівіўся Андрэй пачырванеўшы. – Чаго ты прыехала?!
…Прайшоў год. Валя любавалася маленькай дачушкай і думала, успамінаючы словы бабулі: “Якім жа будзе твой лёс? Не абпалі крылы, як я”.
Марыя ДРАПЕЗА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *