Акцэнт на гаспадарлівасць робіцца ў СВК “Цецяроўка”

Лента новостей Сельское хозяйство

IMG_4621Каб магутныя камбайны не падвялі ў гарачую пару на жніве ў наступным годзе, пра іх трэба загадзя паклапаціцца. Такі клопат пачынаецца адразу пасля ўборкі, а потым тэхніка ставіцца на захаванне. Ва ўсіх гаспадарках раёна да вытворчай тэхнікі адносяцца беражліва. Рамонт аграрыі стараюцца рабіць сваімі сіламі. Сярод нашых механізатараў шмат сапраўдных умельцаў, якія любяць тэхніку, добра яе даглядаюць, своечасова рамантуюць, каб доўга служыла.
У СВК “Цецяроўка” прыкладваюць усе намаганні, каб у іх вытворчай тэхнікі быў “доўгі век”. Купіць новы камбайн, напрыклад, каштуе вельмі дорага. Таму тут берагуць тое, што маюць. У мехмайстэрні “Цецяроўка” захоўваюцца пяць камбайнаў – два імпартных “Джон Дзіры” і тры “Палессе”. Механізатары тут – сапраўднае “моцнае звяно”. Анатолій Жыдок (на здымку) – малады работнік, але ўжо заслужыў добрую рэпутацыю ў калектыве. Ён мясцовы, закончыў Бераставіцкі ліцэй. Прафесійнай адукацыяй зацікавіўся нездарма – з дзяцінства вельмі любіў тэхніку. За гады працы ў гаспадарцы Анатолій назапасіў ужо і пэўны вопыт. З самага лепшага боку гэты камбайнер паказаў сябе на жніве, на ўборцы кукурузы. За штурвалам сучаснай эфектыўнай уборачнай тэхнікі ён адчувае сябе ўпэўнена, якасць работы яго бездакорная. А зараз магутны “жалезны конь” стаіць на захаванні. Анатолій паказаў мне яго з гонарам. Камбайн “Палессе-1218” – сучасная айчынная мадэль зернеўборачнай тэхнікі. Ён прыдатны для нашых сельгаскааператываў, бо разлічаны на ўраджайнасць збожжавых 60-70 цэнтнераў з гектара. Жняярка камбайна роўна, як пад лінейку, зрэзвае злакі, калоссе добра абмалочваецца, зерне ачышчаецца і перамяшчаецца ў бункер, а затым адгружаецца. Працэс кантралюецца спецыяльным сучасным абсталяваннем, ды і пра камбайнера вытворцы паклапаціліся. Умовы працы яго камфортныя. Такія энергаэфектыўныя камбайны вытворчасці ААТ “Гомсельмаш” ідуць на экспарт, іх можна сустрэць на палях далёкіх краін. Працуюць яны добра, ды і цана на іх ніжэйшая, чым на аналагічную тэхніку вядомых заходніх фірм.
Анатолій Жыдок свой камбайн да захавання падрыхтаваў вельмі добра. Прыемна было бачыць, што ён у яго дагледжаны, спраўны, пачышчаны, пафарбаваны. На такую работу – люба глянуць.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *