Цяжкасці адаптацыі першакласнікаў

Лента новостей

4Першы год навучання ў школе – вельмі важны, пераломны перыяд у жыцці дзіцяці. На змену бесклапотным гульням прыходзяць штодзённыя вучэбныя заняткі. Яны патрабуюць ад дзіцяці напружанай разумовай працы, актывізацыі ўвагі, утрымання правільнай рабочай позы. Рухальная актыўнасць дзіцяці становіцца ў 2 разы меншай, а патрэба рухацца застаецца вялікай.

У гэты перыяд вельмі важнай з’яўляецца падтрымка дзіцяці з боку дарослых: бацькоў і настаўнікаў. Многім перша­класнікам, і асабліва шасцігодкам, цяжка выконваць школьны рэжым, засвойваць школьныя нормы паводзін, прызнаваць школьныя абавязкі. Першыя 2-3 месяцы вучобы з’яўляюцца самымі складанымі, дзіця прывыкае да новага вобразу жыцця, да школьных правілаў, да новага рэжыму дня. Сітуацыя навізны з’яўляецца для любога чалавека ў нейкай ступені трывожнай. Гэты стан можна назваць станам унутранага напружання. Такое псіхалагічнае напружанне,калі яно працяглае, можа прывесці да школьнай дэзадаптацыі.
Па статыстыцы палавіна дзя­­цей у класе адаптуецца за першае паўгоддзе. Для другой палавіны патрабуецца больш часу. Многае залежыць ад індывідуальных асаблівасцей дзіцяці, ад яго псіхалагічнай гатоўнасці да школьнага навучання, таксама гэта залежыць ад стану здароўя дзіцяці і ўзроўню яго фізіялагічнага развіцця.
Няўдачы ў вучобе, у зносінах могуць прывесці да фарміравання ўстойлівага комплексу, непаў­навартасці. Бацькі павінны заўважаць усе самыя маленькія дасягненні дзіцяці, ацэньваць не дзіця, а яго ўчынкі, падтрымліваць актыўнасць дзіцяці ў пераадоленні розных цяжкасцей. У гэты перыяд асабліва важна:
— дапамагчы дзіцяці ўжыцца ў пазіцыю школьніка. Для гэтага трэба гутарыць з ім аб тым, навошта трэба вучыцца, што такое школа, якія ў школе існуюць правілы. Для паспяховага навучання ў школе дзіця павінна быць упэўнена ў сваіх сілах, сваіх магчымасцях і здольнасцях;
— перастроіць рэжым школь­ніка з абгрунтаваннем яго па­слядоўнасці. Пасля школы першакласніку неабходна спачатку адпачыць. Для аслабленых дзяцей лепшым адпачынкам будзе паўтарачасовы сон. У мазгавой актыўнасці на працягу сутак маецца 2 пікі: 9-12 гадзін і 16-18 гадзін. Тады і трэба рабіць урокі. Дзецям 6-7 гадоў трэба спаць не менш 11 гадзін у суткі. Паспаўшы, першакласнік паспее зрабіць зарадку, паснедаць і канчаткова прачнуцца перад урокамі;
— развіваць у дзіцяці здольнасць упраўляць сваімі эмоцыямі. Школьнік павінен умець свядома падпарадкоўваць свае дзеянні правілам, уважліва слухаць і дакладна выконваць заданні;
— развіваць вучэбную матывацыю. Яна складваецца з пазнавальных і сацыяльных матываў навучання, а таксама матываў дасягнення;
— развіваць навыкі зносін. Навыкі зносін дазваляюць адэкватна дзейнічаць ва ўмовах калектыўнай вучэбнай дзейнасці.
Прыкметы паспяховай адаптацыі:
Па-першае, гэта задавальненне дзіцяці працэсам навучання. Яму падабаецца ў школе, ён не адчувае няўпэўненасці і страху.
Па-другое, наколькі лёгка дзіця спраўляецца з праграмай. Калі дзіця адчувае цяжкасці пры навучанні, неабходна падтрымаць яго ў цяжкі момант, не крытыкаваць за павольнасць, не параўноўваць з другімі дзецьмі. Усе дзеці розныя. Вельмі важна ўсяліць у школьніка ўпэўненасць у поспеху, не даваць яму паддавацца суму, маркоце.
Па-трэцяе, гэта ступень сама­стойнасці дзіцяці пры выкананні ім вучэбных заданняў, гатоўнасць звярнуцца за дапамогай да дарослага толькі пасля спроб выканаць заданне самому.
Але самай важнай прыкметай таго, што дзіця поўнасцю асвоілася ў школьным асяроддзі з’яўляецца яго задаволеннасць міжасобасныі адносінамі – з аднакласнікамі і настаўніцай.
Першая настаўніца – гэта важны чалавек у жыцці ўсёй сям’і першакласніка. Добра адразу ўстанавіць з ёй цесны кантакт, прыслухоўвацца да яе парад, прапаноўваць дапамогу ў арганізацыі свят і школьных спраў. Ваш сын ці дачка будуць ганарыцца вамі! Абавязкова ўзгадніце патрабаванні, каб дзіця не пакутавала ад вашых рознагалоссяў з педагогам. Сумесныя намаганні настаўнікаў і бацькоў здольны знізіць рызыку ўзнікнення ў дзіцяці школьнай дэзадаптацыі і цяжкасцей навучання.
Паважаныя бацькі! Не забывайце, што вашаму дзіцяці патрэбны ваша ўвага і падтрымка. Яно не лепшае і не горшае за іншых. Яно непаўторнае для самога сябе, бацькоў, сяброў, настаўнікаў. Помніце, што ў вас ёсць самы вялікі цуд у свеце. Гэты цуд – ваша дзіця!
Ірына Максімік,
настаўнік пачатковых класаў Масалянскага ясляў-сада-пачатковай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *