Удзельнікі экспедыцыі “Дарога да Святыняў” правялі сустрэчы ў Бераставіцы

Лента новостей

03“Каго любіш? — Люблю Беларусь! — То ўзаемна!” – пра гэты знакаміты дэвіз паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ўзгадаў васьмікласнікам Вялікабераставіцкай СШ вядомы беларускі пісьменнік і даследчык айчыннай гісторыі Анатоль Бутэвіч падчас сустрэчы ў Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М. Кавалеўскага, якая адбылася ў пятніцу, 4 верасня. Анатоль Іванавіч падкрэсліў, што гэтыя словы павінны быць у душы кожнага з нас. Трэба любіць і шанаваць сваю Радзіму, ведаць гісторыю сваёй краіны і ні ў якім разе не саромецца беларускай мовы. Гэта, дарэчы, адна з ідэй, якую прапагандуюць і даносяць да розуму і сэрцаў людзей удзельнікі Беларускай рэспубліканскай культурна-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да Святыняў”, якая штогод праводзіцца напярэдадні Дня беларускага пісьменства. Анатоль Бутэвіч – яе ўдзельнік, таксама як і паэт Міхась Башлакоў, і народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Сваімі думкамі наконт захавання еднасці хрысціянскіх асноў і духоўных каштоўнасцяў, якія павінны сёння выхоўваць мастацтва і літаратура, госці падзяліліся з бераставіцкімі юнымі чытачамі.

Гэта сустрэча як, дарэчы, і сам прыезд у Вялікую Бераставіцу экспедыцыі “Дарога да Святыняў” з Благадатным агнём ад Труны 01Гасподняй, безумоўна, стала значнай падзеяй у духоўным і культурным жыцці Бераставіччыны. Сталічныя паэты, пісьменнікі, артысты, іншыя дзеячы культуры – у нас госці рэдкія. А таму вучні з вялікай уважлівасцю лавілі кожнае слова знакамітасцяў, тым больш, што з іх вуснаў лілася прыгожая мілагучная беларуская мова.
Распачаў сустрэчу паэт Міхась Башлакоў. Ён расказаў крыху пра сябе і сваю творчасць, а потым прачытаў некалькі сваіх вершаў. Прычым вершы ў аўтарскім выкананні прагучалі асабліва шчымліва і пранізліва, арганічна – менавіта так, як іх адчувае сам паэт. Пачуць гэта, згадзіцеся, дарагога каштуе.
Пісьменнік Анатоль Бутэвіч даступна і зразумела патлумачыў мэты экспедыцыі, расказаў пра адну з загадак праваслаўнага хрысціянства – Благадатны агонь ад Труны Гасподняй, які цудоўным чынам з’яўляецца напярэдадні Уваскрэсення Хрыстова. Цяпер, у адрозненне ад былых часоў, за яго з’яўленнем могуць сачыць не толькі паломнікі, якія знаходзяцца ў храме Уваскрэсення Хрыстова ў Ерусаліме, але і тэлегледачы ва ўсім свеце.
Анатоль Іванавіч расказаў школьнікам пра свайго любімага паэта Максіма Багдановіча, у прыватнасці, пра яго моцную любоў да Беларусі, дзе жыць паэту амаль не давялося, усяго толькі першыя пяць гадоў. Багдановічу лёс адмераў толькі дваццаць пяць вёсен і зім. І за гэты кароткі жыццёвы шлях ён паспеў напісаць «Вянок» – споведзь яго душы. Пасля смерці маці ён быў аддзелены ад гэтай зямлі тысячамі вёрст: жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце. Беларусь паэт уяўляў толькі па легендах, народных павер’ях і паданнях. Аднак любоў да яе была самым трапяткім, самым гарачым пачуццём Багдановіча. Яна можа служыць прыкладам сыноўняй любові да Радзімы для кожнага з нас.
02Нямала спрэчак выклікае сёння роля Радзівілаў.
– На жаль, яшчэ можна сустрэць крытычныя адносіны да гэтага роду, маўляў, навошта іх гераізаваць, яны – прыгнятальнікі народа, – падкрэсліў Анатоль Іванавіч. – Аднак, гэта той са шматлікіх родаў, які для нашай зямлі зрабіў вельмі і вельмі шмат. Яны і будавалі, і кніжкі выдавалі, і карціны збіралі — усё дзеля беларускай зямлі, дзеля беларускіх людзей, дзеля іх узвышэння. І, скажам, тая ж Магдалена Радзівіл спрыяла таму, каб вый­шла адзіная кніжачка Максіма Багдановіча “Вянок”. Яна дала на гэта свае грошы. І давала сродкі на іншыя карысныя справы, на адкрыццё беларускіх школ. Радзівілы стваралі тэатры, фундавалі вытворчасць слуцкіх паясоў, арганізавалі знакамітую Смаргонскую акадэмію…
Шмат што яшчэ ціка­вага расказаў юным чытачам Анатоль Бутэ­віч, аднак галоўная думка, якую ён хацеў данесці да дзяцей, гэта тое, што быць беларусам – ганарова, а ведаць і любіць беларускую мову – вельмі важна, бо без мовы няма і народа.
Як прыгожа і мілагучна можа гучаць наша мова, матчына мова, прадэманстравала вучням народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Яна прачытала шэраг вершаў Анатоля Вярцінскага, у прыватнасці пра маці і пра вайну. Гэта было кранальна да слёз, і, як мне здалося, прымусіла падлеткаў задумацца, што ж на самай справе з’яўляецца галоўным у жыцці.
Напрыканцы сустрэчы госці падзяліліся з удзельнікамі творчага вечара свечкамі, запаленымі ад Благадатнага агню і іконкамі. Міхась 05Башлакоў і Анатоль Бутэвіч пакінулі аўтографы на сваіх кнігах, якія ёсць у райбібліятэцы.
***
Удзельнікі экспедыцыі выступілі таксама і ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе перад вучнямі 3-4-х класаў.

Святлана Ганчарова,  фота аўтара

 

Для даведкі

Міхась Захаравіч Башлакоў
Нарадзіўся ў 1951 годзе ў пасёлку Станцыя Церуха (цяпер Баштан) Гомельскага раёна ў сям’і чыгуначніка. У 1967 годзе скончыў Грабаўскую сярэднюю школу і паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы (1973) працаваў настаўнікам у школах. З 1985 па 1990 гады працаваў карэспандэнтам-арганізатарам бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі па Гомельскай вобласці. З 1991 года — у Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь, дзе займаўся падрыхтоўкай і выданнем гісторыка-дакументальных хронік «Памяць». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1988 гола. Аўтар кніг паэзіі «Касавіца» (1979), «Начны паром» (1987), «Дні мае залатыя», «Як слёзы горкія Айчыны…», «Матчыны грыбы перабіраю», «Пяро зязюлі падніму», «Нетры», «Палын» і інш. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2009).

Анатоль Іванавіч Бутэвіч
Нарадзіўся ў 1948 годзе на хутары Язавец Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Сноўскую сярэднюю школу Нясвіжскага раёна (1966). Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Працаваў рэдактарам Беларускага тэлеграфнага агенцтва, намеснікам рэдактара газеты «Чырвоная змена», дырэктарам рэспубліканскага выдавецтва «Мастацкая літаратура», у ЦК ЛКСМБ і ЦК КПБ. Быў старшынёй Дзяржаўнага камітэта па друку, міністрам інфармацыі, міністрам культуры і друку Рэспублікі Беларусь, Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у Гданьску, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Румыніі, саветнікам старшыні Банка міжнароднага гандлю і інвестыцый, галоўным спецыялістам упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Анатоль Іванавіч — аўтар шматлікіх кніг гістарычнай прозы і гісторыка-дакументальнай літаратуры, у тым ліку рамана “Каралева не здраджвала каралю” пра каханне 17-гадовай Соф’і Гальшанскай і 70-гадовага караля польскага і вялікага князя літоўскага Ягайлы, “Таямніцы Мірскага замка. Падарожжы па сівых мурах з Адамам Міцкевічам”, “Раскіданае гняздо крывіцкай славы”, серыі “Сем цудаў Беларусі” і інш., кніжак для дзяцей, перакладаў.

Марыя Георгіеўна Захарэвіч
Нарадзілася ў 1936 годзе ў в. Навасёлкі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Актрыса тэатра, тэатральны рэжысёр, народная артыстка Беларусі. Скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1957). Пасля заканчэння вучобы была залічана ў трупу тэатра імя Янкі Купалы. За амаль 50 гадоў служэння першай сцэне рэспублікі Марыя Захарэвіч стварыла больш за 60 разнастайных роляў – цэлую галерэю яркіх жаночых вобразаў, якія можна лічыць залатым фондам тэатра. Лепшыя ролі Марыі Георгіеўны: Ганна («Людзі на балоце» І. Мележа), Наталля Фадзееўна («І змоўклі птушкі» І. Шамякіна), Ганна («Плач перапёлкі» І. Чыгрынава), Паліна Іванаўна («Апошні шанц» В. Быкава), Алена («Дзеці сонца» М. Горкага), Гурмыжскіх («Лес» А. Астроўскага) і многія іншыя. Працяглы час з’яўляецца педагогам сцэнічнай мовы ў Беларускім універсітэце культуры. Многія гады на радыё гучыць лірычны дзівосны голас Марыі Георгіеўны, які адрозніваецца сардэчнасцю, паэтычнай усхваляванасцю, і не выпадкова яе называюць «каралевай радыё».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *