Самыя актыўныя чытачы атрымалі ў падарунак кнігі

Лента новостей

58Падчас школьных канікулаў у філіяле “Дзіцячая бібліятэка” Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М. Кавалеўскага традыцыйна дзейнічала конкурсная праграма “Кніжныя прыгоды летняга чытання”. Удзельнікам праграмы неабходна было на працягу лета наведаць дзіцячую бібліятэку не менш 10 разоў, прачытаць як мінімум 15 кніг, напісаць водгук на твор, які найбольш спадабаўся, адрамантаваць 4-5 бібліятэчных кніжак, зрабіць цікавыя фотаздымкі на тэму “Лета і кніга”, стварыць сваімі рукамі выраб з дэкаратыўна-прыкладных матэрыялаў, адказаць на пытанні віктарыны. У панядзелак, 31 жніўня, у дзіцячай бібліятэцы адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу летняга чытання і ўзнагароджанне найбольш актыўных чытачоў.

– Трэба адзначыць, што гэтым летам школьнікі, асабліва малодшыя, наведвалі дзіцячую бібліятэку як ніколі часта, – гаворыць яе загадчыца Аксана Кумпель. – Бралі кнігі па школьнай праграме, і не толькі. Гэты факт, безумоўна, парадаваў. Шмат пачаткоўцаў і нават дашкалят прыходзіла да нас разам з мамай ці татам, што сведчыць пра нераўнадушныя адносіны бацькоў да выхавання сваіх дзяцей, і, у прыватнасці, да чытання. І мерапрыемстваў было праве­дзена нямала. Словам, летнія школьныя канікулы прайшлі для дзіцячай бібліятэкі, яе супрацоўнікаў і чытачоў досыць актыўна.
Што датычыцца непасрэдна конкурснай праграмы “Кніжныя прыгоды летняга чытання”, то прыняць у ёй удзел пажадала нямала юных прыхільнікаў чытання, аднак найлепшыя вынікі прадэманстравалі Арсеній Сідаркевіч (8“В” клас), Ірына Лабовіч (3“В” клас), Раман Касураў (3“В” клас), Ксенія Кар­чэўская (4“Г” клас) і Аляксандра Краўчук (9“Б” клас). Менавіта гэтыя чытачы праявілі найбольшае старанне пры выкананні ўмоў конкурсу. Актыўныя ўдзельнікі праграмы летняга чытання ўзнагароджаны граматамі. У падарунак ад бібліятэкі школьнікі атрымалі кніжкі.
Святлана Ганчарова, фота аўтара

На здымку: Арсеній Сідар­кевіч, Ірына Лабовіч і Раман Касураў разам с загадчыцай філіяла “Дзіцячая бібліятэка” Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага Аксанай Кумпель падчас падвядзення вынікаў конкурсу летняга чытання.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *