Чарадзей слова, або Чытаючы Караткевіча

Лента новостей

У лістападзе гэтага года Уладзіміру Караткевічу магло б споўніцца 80 гадоў. На жаль, як кажуць у народзе, Бог нярэдка забірае да сябе годных і добрых людзей. Гэты таленавіты і адметны чалавек пакінуў нас у ліпені 1984 года, але ўдзячная памяць аб ім не згасае сярод нас.
Першае маё знаёмства з Караткевічам адбылося, калі я вучылася ў сёмым класе. У рукі мне трапіла аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”. У той час школьнікі захапляліся прыгодамі, і мяне таксама цікавілі Жуль Верн, Роберт Льюіс Стывенсан, а з беларускіх пісьменнікаў– Янка Маўр. І хаця ў кожнага з іх былі свае непаўторныя стыль і светаўспрыманне, у гэтай новай кнізе было нешта зусім іншае.
— Я ехаў з губернскага горада М. у самы глухі куток губерні на наёмным вазку, і мая экспедыцыя падыходзіла да канца, — пачынае свой нетаропкі аповед галоўны герой твора Андрэй Беларэцкі. – Заставалася яшчэ якія тыдні два начаваць у адрынах або проста ў вазку пад зорамі, піць з крыніц ваду, ад якой шчыміць лоб, слухаць працяглыя, як беларускае гора, песні баб на прызбах…
Сёння я трымаю ў руках гэтую аповесць зноў і пачынаю чытаць першыя яе старонкі. І яны вабяць мяне па-ранейшаму, але чым? Відаць тым, чым зачараваў Уладзімір Караткевіч многіх, знайшоўшы і ўзяўшы ў палон свайго чытача. І сакрэтаў у яго мноства, і адкрывае ён іх нам не адразу, і трымае ў напружанні пад абаяннем свайго таленту, і запрашае ў падарожжа, ад якога немагчыма адмовіцца. А даўжынёй яно–ва ўсё жыццё–яго і наша, таму што меў чалавек ласку Божую бачыць тое, што мы не бачым, і здолеў паказаць гэта нам. А праз гады кніга чытаецца ўжо зусім па-іншаму, па-новаму.
Самае першае ўражанне, кажуць, самае трапнае. Словы роднай мовы, самыя звычайныя, вядомыя ўсім нам, пад рукой Караткевіча ззяюць як зоркі з неба. Важкія, сакавітыя, выразныя–такія, што кранаюць душу і сэрца. Мову і стыль пісьменніка можна пазнаць сярод соцень іншых, таму што за імі асоба неардынарнага чалавека, творцы, гісторыка і мастака.
Востры сюжэт і таямніцы ў аповесці інтрыгуюць чытачоў. Але ёсць там побач з “закручаным” сюжэтам і тая галоўная вартасць, якая ўздымае твор да высокага мастацтва. Гэта праўда жыцця. Яна бывае жорсткай і нялітасцівай, але без яе нельга жыць. Інтэлігент Андрэй Беларэцкі, які вывучае народную творчасць і падарожнічае па вёсках у канцы васьмідзясятых гадоў пазамінулага ўжо стагоддзя, “бачыў гора народнае, бачыў брудных дзяцей, бачыў сляпых жабракоў, бачыў гора народа майго, даражэй за які – я зараз ведаю гэта – у мяне не было нічога на свеце… але найбольш бачыў я апошнюю бульбу ў місе, чорны, як зямля, хлеб…”
Янка Купала, Іван Мележ, Васіль Быкаў, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Караткевіч… Гэта тое сузор’е выдатных сыноў зямлі беларускай, творчасці якіх належыць годнае месца ў сусветнай мастацкай літаратуры. Мы можам стаць багацейшымі духоўна, калі будзем прыпадаць да іх чыстай крыніцы, адкрываць іх адметнасць сваім дзецям і ўнукам. Нельга праходзіць міма такіх імён, трэба радавацца і ганарыцца, што ёсць у нас такія суайчыннікі.
— Раман ад Бога, — гаварылі пра “Каласы пад сярпом тваім” тыя чытачы, якім выпала шчасце першымі пачытаць гэты шэдэўр Караткевіча.
— Пасля заканчэння ўніверсітэта я здаў кандыдацкі мінімум і пачаў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 года ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах, але прыйшлі іншыя інтарэсы: з’явілася задумка аб рамане, — напісаў у сваіх успамінах пра тое, што падштурхнула яго да гэтай яскравай творчай знаходкі, сам Караткевіч. Нацыянальную ідэю пісьменнік адчуў як глыбока чалавечную аснову. Раман пісаўся ў той жа час, што і раманы Івана Мележа “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”. Ён такі ж маштабны і нават у нечым пераклікаецца з імі. Пісьменнік здолеў адлюстраваць падзеі цэлай эпохі. Айчынная гісторыя літаральна “дыхае” са старонак рамана.
Нельга пераказаць сюжэты твораў. Кожны з іх–таямніца, а чытач–як першапраходца. Выкажу толькі сваё ўласнае меркаванне. Пра Караткевіча можна гаварыць шмат, такі цікавы гэта быў чалавек. Можна расказваць і расказваць, і інтрыга яго ўласнага жыцця і творчасці будзе трымаць нас у цікаўнасці і напружанні. Кожны твор адметны. Напрыклад, сэрца вярэдзіць расказаная Караткевічам дзіўная гісторыя пра звычайнага селяніна, але намаляваная так, што ён са сваімі радасцямі і горам быццам стаіць у вачах. А пакуль чытаеш, дык месцамі спыняешся, каб перадыхнуць і спыніць слёзы. Не кожнаму, далёка не кожнаму пісьменніку ўдаецца так уздзейнічаць на чытача…
Жыццё па вялікім рахунку, жыццё класіка — хочацца сказаць пра зорны шлях Уладзіміра Караткевіча.
— Не для сябе, а для маёй роднай краіны, для Беларусі, якой, калі дазволіць лёс, я паслужу, колькі будзе дадзена дзён, многа або мала, але да канца, — вызначыў некалі сваё крэда пісьменнік.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *