“Баі на рацэ Свіслач ішлі жорсткія …” – успамінаюць відавочцы з вёскі Рудаўляны

Лента новостей

ParmonikJancewiczУ ліпені 1944-га па тэрыторыі нашага раёна праходзіла многа самых розных воінскіх падраздзяленняў. Нашы населеныя пункты ўпамінаюцца ў баявых данясеннях аж дзесяці стралковых дывізій. Вялікая і цана, якой заплачана за вызваленне бераставіцкай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як адзначаецца ў раённай кнізе “Памяць”, за ліпень толькі ў 250-й дывізіі страты асабовага саставу склалі: афіцэраў – 122, сяржантаў – 291, радавых чырвонаармейцаў – 780 чалавек. Многія з гэтых воінаў загінулі на нашай зямлі, каля нашых населеных пунктаў. У баях паблізу Малой Бераставіцы загінуў камандзір гэтай дывізіі палкоўнік Г.Н.Цітаішвілі, ад’ютант камандзіра дывізіі капітан Маставых. У баях за вёску Магіляны быў цяжка паранены камандзір 1287-га стралковага палка 110-й стралковай дывізіі падпалкоўнік Яцэнка.

Падзеі тых далёкіх ліпеньскіх дзён памятаюць старажылы нашых вёсак. Сярод іх На­дзея Іванаўна Пармонік і Марыя Сцяпанаўна Янцэвіч з аграгарадка Пагранічны. Абедзьве нарадзіліся і да замужжа жылі ў вёсцы Рудаўляны, паблізу якой працякае рака Свіслач – менавіта яе фашысты пры наступленні Чырвонай Арміі пераўтварылі ва ўмацаваны абарончы рубеж.
Надзея Сцяпанаўна з 1929 года нараджэння і напрыканцы вайны мела пятнаццаць гадоў. Да таго ж у 86-гадовай бабулі на дзіва добрая памяць. У адказ на маю просьбу ўспомніць тыя дні, калі немцы адступалі пад націскам нашых войск, яна расказала многае і канкрэтна пра гэты час, і пра вайну ўвогуле.
– Ад нашых Рудаўлян да Галынкі рукой падаць, – апавядае Надзея Іванаўна. – Там царква была, і бабуля вадзіла мяне туды на святы. У адной шарэнзе стаялі школа і гміна. У гміне да вайны жыў войт. А ў час нямецкай акупацыі ў ёй была камендатура, і немцы многа бяды натварылі ў Галынцы і ў нашай вёсцы.
Надзея Іванаўна ўспамінае і эпізоды з часу акупацыі. Адзін з іх – пра тое, як яе васемнаццацігадовага брата Аляксея і яго сяброў Сашу Кунца, Аляксея Гаспяровіча і яшчэ хлопцаў з Галынкі аднойчы немцы пагналі некуды. Як бацькі плакалі-галасілі, здагадаўшыся, што іх павялі расстрэльваць… Дамоў ні Аляксей, ні хто іншы з хлопцаў так і не вярнуліся.
– А ў ліпені 44-га, калі з усходу наблізіўся наш фронт, ішлі баі на рацэ Свіслач, – кажа бабуля. – І баі даволі моцныя.
…Заходні бераг Свіслачы на ўсім яе працягу ў Бераставіцкім раёне гітлераўцы пераўтварылі ў вельмі ўмацаваны абарончы рубеж. Ён меў тры лініі траншэй з адкрытымі кулямётнымі пляцоўкамі праз кожныя 50-60 метраў. На лініі абароны месцамі былі ўстаноўлены драцяныя загароды, а на магчымых подступах да перапраў і танканебяспечных напрамках – мінныя палі. Нямецка-фашысцкае камандаванне выкарыстоўвала ўсе сілы, каб затрымаць далейшы рух наперад нашай арміі. У пачатку другой палавіны ліпеня яму ўдалося прывесці ў парадак рэшткі сваіх адступаючых войскаў, падцягнуць з глыбокага тылу і з іншых участкаў фронту некалькі злучэнняў і часцей і арганізаваць абарону. Так, адступаючыя нямецкія войскі, якія замацаваліся за ракой Свіслач у нашым і суседнім раёнах, былі падмацаваны дзвюма паліцэйскімі дывізіямі, сюды ж была падцягнута яшчэ і вядомая дывізія “Мёртвая галава”. (З раённай кнігі “Памяць”).
– Рэчка працякае ў напрамку вёсак Коматаўцы і Баброўнікі зусім непадалёку, усяго з паўкіламетра, ад нашай вёскі, – працягвае свой расказ Надзея Іванаўна. – У ёй, помню, мы мылі посцілкі, ходнікі, ручнікі. Калі пачалася страляніна, паляцелі снарады і раздаліся выбухі, вяскоўцы баяліся заставацца ў сваіх хатах, хаваліся за вёскай у ямах для бульбы. Дзяцей ратавалі ад ліхой кулі ў навакольных вёсках.
Наша мама адвяла нас у Лепесы. З нядзелю жылі там у чужых людзей. Памятаю, як мы там начавалі, як нас кармілі. Мама, праўда, не раз хадзіла дахаты і потым расказвала, што робіцца ў нашых Рудаўлянах.
Праз усё жыццё не сціраецца з памяці Надзеі Іванаўны адзін эпізод:
— Каля нас жыла сям’я Гурыных. Дзяцей у ёй было многа, пяцёра братоў і дзве сястры. Аднаго з братоў за лёгкі і вясёлы характар, уменне выдатна іграць на гармоніку ўсе ў вёсцы ласкава называлі Ванькам. Ён меў ужо сваю сям’ю, дваіх маленькіх дзетак. На ўскрайку вёскі Іван пабудаваў сабе хату. Я выдатна ведала гэтую сям’ю, не раз няньчыла іх дзяцей. І вось якая трагедыя з ёю здарылася. За хатай Іван выкапаў яму. У ёй, калі ішлі баі за раку Свіслач, ён і хаваўся з сям’ёй. Але адзін са снарадаў трапіў якраз у той акоп. І Ваня, і яго жонка загінулі… Абодва хлопчыкі нейкім цудам уцалелі, толькі ў аднаго моцна пакалечыла пальчыкі на назе.
Дзеці не маглі вылезці з той ямы, плакалі, поўзаючы па мёртвых бацьках, пакуль іх не знайшла бабуля…
…У запісах журнала баявых дзеянняў 41-га стралковага корпуса за ліпень 1944-га года адзначаецца, што 17 ліпеня праціўнік, пакінуўшы свае ранейшыя рубяжы, адышоў на заходні бераг Свіслачы і, заняўшы там абарону, затрымаў агнём пяхоты і артылерыі далейшы рух нашых войскаў. У гэты ж дзень з 6 да 13 гадзін 41-ы корпус (камандзір генерал-маёр Урбановіч, начальнік штаба палкоўнік Пятрэнка) прайшоў наперад на 19-20 км, вызваліўшы да 40 населеных пунктаў, і выйшаў да ракі на рубяжы Спудзвілы-Дзіневічы-Непарожнеўцы-Рудаў­ляны.Працягваючы агнявы бой з праціўнікам, часці вялі разведку падыходаў да ракі і нарыхтоўвалі лесаматэрыял для яе фарсіравання. На зыходзе сутак дывізіі займалі абарону: на рубяжах: 283-я – Спудзвілы-Дзіневічы, 269-я – Непарожнеўцы-Галынка, 120-я гвардзейская дывізія – Рудаўляны-Мінчыкі. (З раённай кнігі “Памяць”).
–Я таксама добра памятаю тую страшную трагедыю, – кажа Марыя Сцяпанаўна Янцэвіч. – Дзеці Івана – мае пляменнкі, і былі яны тады зусім малыя: старэйшы ледзьве два гадкі меў, а меншаму было ўсяго восем месяцаў. Тое, што хлопчыкі выжылі, сапраўды цуд. Іх абодвух параніла. Гадавала потым дзяцей бабуля.
Марыя Сцяпанаўна многае памятае з таго часу, калі да роднага краю набліжалася вызваленне.
– Вайною ў нашых Рудаўлянах жыло многа, хіба некалькі дзясяткаў, чырвонаармейцаў, якія ў 41-м трапілі ў акружэнне, – расказвае. – Яны жылі ў вяскоўцаў, працавалі на зямлі. З такім становішчам не маглі змірыцца, збіралі зброю, наладзілі сувязь з партызанамі. І, наколькі я разумела,выконвалі розныя іх даручэнні. Перад прыходам нашай арміі мой бацька – а ён, трапіўшы ў палон у першую сусветную вайну, някепска аволодаў там нямецкай мовай – чуў з размовы немцаў між сабой, што вось-вось прыйдуць рускія. І папярэдзіў тых чырвонаармейцаў: лепш вам сыйсці, хлопцы, з вёскі. Помятаю, як на заходзе сонца яны гуськом падаліся праз мост цераз Свіслач на Коматаўцы, падымаліся на другім беразе на гару. За Коматаўцамі быў лес і, пэўна, хлопцы рушылі да партызанаў. А праз кароткі час пачула, як татка, запрагаючы каня, казаў маме: “Шкада хлопцаў, казалі, што амаль усіх іх немцы расстралялі. Было вяселле, і трэба ж ім было з’явіцца там на танцах – нехта ж заўдаў, што яны партызаны”.
Для вяскоўцаў такая навіна была проста трагічнай. А неўзабаве людзі сталі сведкамі яшчэ адной трагедыі. Адзін з чырвонаармейцаў не пайшоў тады разам з усімі ў бок Коматаўцаў. Ён ужо меў у нашай вёсцы сям’ю і меркаваў, мусіць, што яго не крануць. Але аднойчы бачым, як чатыры немцы вядуць па вёсцы гэтага хлопца і б’юць прыкладамі. Не застрэлілі каля рэчкі, дзе затрымалі, а знарок забівалі проста на вуліцы, каб усе бачылі, што пагражае тым, хто звязаны з партызанамі.
Чырвонаармейца пахавалі на рудаўлянскіх могілках. На тумбу была прымацавана зорачка, а мясцовы каваль выкаваў для магілкі агароджу.
– Свіслач тады была не такой, як цяпер, намнога шырэйшай і больш паўнаводнай. Баі за яе вяліся не дзень і не два, і вяскоўцы хаваліся ад снарадаў у выкапаных ямах або ў тых, дзе трымалі зімою бульбу, – працягвае Марыя Сцяпанаўна. – У нашай сям’і было шасцёра дзяцей. Помню, як нас, дваіх самых меншых, цётка адвязла ў Плюскалаўцы. Потым мы апынуліся чамусьці яшчэ далей, на нейкім хутары. Жылі там нядзелю, а можа і болей.
Яшчэ помню, што навокал нешта вухкала. У памяці таксама, як ляцелі самалёты. Адзін упаў у дуброву каля Рудавы – гэта былы панскі маёнтак. Людзі казалі, што на ім былі намаляваны чырвоныя зоркі. Вясковыя хлопцы потым бегалі глядзець на той самалёт. Мы з дзяўчатамі, калі пазней пайшлі па ягады, бачылі ўжо толькі глыбокую яму…
Вайна пакацілася на захад. Радасць вызвалення была бязмернай! Але страшнае рэха вайны яшчэ доўга раздавалася на беларускай зямлі, у тым ліку і на бераставіцкай. У Рудаўлянах яно ўварвалася ў дзве сям’і: хлапчукі, пасвячы кароў, знайшлі снарад і корпаліся ў ім. Снарад разарваўся: аднаго хлапчука забіла, другому адарвала пальцы…
У хатах, з якіх на фронт пайшлі мужы і сыны, каб гнаць ворага далей, пасялілася пакутлівая трывога. З досыць вялікай вёскі Рудаўляны ў 44-м салдатамі стала многа хлопцаў і мужчын. І вельмі многа не вярнулася дамоў. Іх прозвішчы выбіты на помніку ў аграгарадку Пагранічны, і ім землякі прыносяць жывыя кветкі.
Марыя Драпеза



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *