Ноч у Музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы

Культура Лента новостей

IMG_5353 1 IMG_5394 130 мая ўсе жадаючыя мелі магчымасць прыняць удзел у свяце “Ноч у Музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы”. Такое мерапрыемства тут праводзілася ўпершыню, таму выклікала вялікую зацікаўленасць у жыхароў пасёлка.
Супрацоўнікі ўстановы пад­рыхтавалі праграму, якая па сваёй сутнасці перадавала значэнне і ролю музеяў у цяперашні час. У арганізатараў свята была мэта паказаць, што музей не толькі збірае і дэманструе экспанаты, а яшчэ з’яўляецца пляцоўкай для адпачынку, новых знаёмстваў.
Пачалася “Ноч у музеі” з выступлення ўзорнага духавога ансамбля “TUTTI” Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Яны прапанавалі слухачам творы ў розных жанрах: джаз, эстрадныя кампазіцыі і г.д., якія былі прадстаўлены і ў сольным выкананні. “TUTTI” стварыў святочную атмасферу, што панавала на працягу ўсяго мерапрыемтсва.
Супрацоўнікі ўстановы расказалі пра “кухню музея”: як ён ствараўся, як апрацоўваюцца музейныя прадметы, якія кірункі дзейнасці мае музей. На свяце прысутнічала ўнучка графа Касакоўскага Марысь Лубенска (Касакоўская), якая таксама прывітала ўсіх прысутных.
Далей праграму працягнулі выканаўцы з Вялікай Бераставіцы: Андрэй Аруткін з песняй “Княжна” і Сяргей Хілюта з аўтарскай песняй “Радзіма”, а таксама кампазіцыяй на словы Янкі Купалы “Гэй, наперад!” пад акампанемент гітары. Ілья Худзякоў прадставіў заходнееўрапейскія шэдэўры, напісаныя для класічнай гітары і паланэз “Развітанне з Радзімай” М.К. Агінскага. Пасля заканчэння першай музычнай часткі наведвальнікам былі прапанаваны конкурсы на веданне экспазіцыі музея, пераможцы атрымлівалі на памяць сувеніры. Гледачы актыўна адказвалі на ўсе пытанні, што сведчыць пра ўважлівы прагляд экспазіцыі.
На завяршэнне музычнай часткі праграмы выступілі госці з Гродна. Аўтар і кампазітар, лаўрэат і прызёр беларускіх і замежных фестываляў Таццяна Салаўёва выканала беларускія народныя песні ва ўласнай аранжароўцы і свае кампазіцыі. Яна прыемна здзівіла меладычнасцю і душэўнасцю свайго спеву і тэкстаў. Уразіла гледачоў і выступленне гурта “AVITRIO”. А гучаў беларускі фальклор. Па словах Ігара Адасіка, аднаго з удзельнікаў гурта, ім давялося ўпершыню выступаць на такім свяце.
Падчас свята мастак музея Наталля Галавач праводзіла май­с­тар-клас па вырабу драўляных сувеніраў з выявай вавёркі. У дворыку жадаючыя мелі магчымасць сфатаграфавацца з музейнымі экспанатамі. А ў самым пачатку мерапрыемства наведвальнікі музея пісалі пажаданні, якія прымацоўваліся да шышак дрэва, устаноўленага на ўваходзе. Былі арганізаваны таксама рухомыя гульні, пераможцаў чакалі салодкія прызы.
Менавіта прысутныя на свяце з’яўляліся ўдзельнікамі ў галасаванні па выбары эмблемы музея. Ёй стаў “Глобус Бераставіцы” з выявай будынка музея, гістарычных помнікаў Вялікай Бераставіцы па крузе і вавёркі ў цэнтры.
Свята закончылася праглядам кінафільма “Лісты з Бераставіцы” з цыкла “Зямля беларуская”, які па-мастацку інтэрпрэтуе гісторыю Бераставіччыны, і маляўнічым феерверкам.

Анастасія Весялуха-Волкава,
галоўны захавальнік фондаў Музея Вавёркі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *