На Бераставіччыне прайшоў занальны этап ІІІ абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”

Актуально Культура

30 31 29 28 27 26 25 24 23 22 21 20 19 18 17 16 15 14 13 12 11 10 9 8 7 6 5 4 3 2 1Бераставіччына стала гаспадыняй занальнага этапу ІІІ абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”. На сцэне раённага Дома культуры асобныя выканаўцы фальклору і калектывы Бераставіччыны і Свіслаччыны дэманстравалі свае фальклорныя праграмы перад членамі журы, у склад якога ўвайшлі начальнік упраўлення мастацтва, культурна-асветніцкіх устаноў, народнай творчасці і навучальных устаноў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына Дземянчук, яе намеснік, загадчык аддзела традыцыйнай культуры Таццяна Грыгаран, загадчык аддзела аматарскай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Таццяна Капітан, а таксама вядучыя метадысты па вакальна-харавому жанру Ала Варабей і па выяўленчаму і дэкаратыўна-прыкладному мастацтвам Яніна Барысевіч.

Адкрылі конкурсную праграму бераставіцкія ўдзельнікі. Выступленне было падрыхтавана ў форме фальклорнага тэатралізаванага свята (аўтар сцэнарыя: метадыст па фальклору і этнаграфіі Марыя Юшкевіч), прысвечанага ручніку і яго мясцовым асаблівасцям. Такая тэма была абрана невыпадкова. На працягу апошніх некалькіх гадоў работнікамі раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці праводзіцца значная работа па даследаванні лакальных культур рэгіёна, у прыватнасці, падрабязна былі вывучаны асаблівасці ручнікоў. На падставе сабраных матэрыялаў і вырашана было падрыхтаваць конкурсную праграму “Повязь часоў – беларускі ручнік”.
Выступленне пачалося з муль­ты­медыйнай прэзентацыі, якая пазнаёміла з ручнікамі, распаўсюджанымі на тэрыторыі Бераставіччыны, а таксама з майстрыхамі, якія іх стваралі. Вядучыя – дырэктар Эйсмантаўскага ЦДК Рыта Каспшак і рэжысёр народнага тэатра “Магія ігры” РДК Марына Хамяня – расказалі аб ролі ручнікоў у народным побыце.
Вядома, ручнік – рэч глыбока сімвалічная, шматзначная. Вышываная, узорыста вытканая тканіна выклікае ў нас шмат пачуццяў і асацыяцый. Гэта і простае ўпрыгожванне сялянскага побыту, і, адначасова, сімвалічны напамін пра нябачныя сувязі, што знітоўваюць чалавека з Богам, з родам, з продкамі. Сваёй прысутнасцю ў хатнім чырвоным куце ці ў царкве на абразах, на прыдарожным ці надмагільным крыжы ручнік увасабляе тую прастору, у якой чалавек праз словы малітвы здольны ўзняцца да спасціжэння складаных сувязяў з Сусветам.
Пра тое, якім чынам выкарыстоў­валіся ручнікі ў сямейнай абрад­насці на Бераставіччыне, а дакладней, у Малой Бераставіцы, расказалі мясцовыя майстрыхі Галіна Сцяпанаўна Красоўская і Зінаіда Антонаўна Сягоднік. На прыкладзе сваіх работ яны прадэманстравалі характэрныя для нашага рэгіёну адметнасці арнаментаў, узораў, тэхнікі вышыўкі, колеру ручнікоў.
А далей былі паказаны тры эпізоды вясельнай абраднасці, у якіх шырока выкарыстоўваецца ручнік. Гэта заручыны, зборная субота і вяселле.
У тэатралізацыі былі задзейніча­ны работнікі амаль усіх клубных устаноў раёна і ўдзельнікі аматарскай творчасці Бераставіччыны рознага ўзросту і сацыяльнага становішча. Менавіта масавасць прадстаўлення, яго рознажанравасць (былі выкарыстаны песні, танцы, прыпеўкі, вершы, прыказкі, гульні), а таксама пераемнасць пакаленняў праз задзейнічанне ў праграме дзяцей і моладзі журы адзначыла як станоўчыя моманты праграмы.
Ролі галоўных герояў выконвалі: хлопец Янка (Антон Бажко), дзяўчына Алёнка (Аляксандра Міцкевіч), Маці (Валянціна Шыш), Бацька (Сяргей Касьян), Сват (Уладзімір Макар), Свацця (Алёна Бутрыла). У якасці Гасцей вяселля выступілі ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага гурту “Валошкі” Алекшыцкага ЦДК, дзіцячага фальклорнага гурту “Рамонкі” Пархімаўскага ДКіВЧ, народнага ансамбля польскай песні “Стокроткі” Макараўскага ДНК, фальклорнага гурту “Прамень” Пыхоўчыцкага ДСКП (салісткі Ала Ляшкевіч, Рэгіна Пальяноўская), фальклорнага гурту “Вясёлка” Малабераставіцкага ЦДК.
Музыканты – Яўген Раброў, Уладзімір Цыбулька, Сяргей Лазарчык.
У фае РДК дзейнічала выстава Бераставіцкага Дома рамёстваў з ручнікамі майстрых з Масалян, Бераставічан, Малой Бераставіцы, Пархімаўцаў і Старога Дворца.
***
Удзельнікі са Свіслачы – народны фальклорны гурт “Крынічанька” (мастацкі кіраўнік Ірына Ягорава)– выканалі беларускія песні са свайго рэпертуару. Асабліва пранікнёна аўтэнтычныя фальклорныя творы прагучалі ў выкананні 95-гадовай удзельніцы калектыву Вольгі Дарошынай.
Пасля завяршэння конкурсных аглядаў журы вызначыць лепшыя нумары для абласнога фестывалю, які пройдзе ў верасні ў Астраўцы.
Святлана ГАНЧАРОВА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *