Бераставіцкі раён – у ліку пераможцаў

Лента новостей

foto-01Пераможцаў рэспубліканскіх спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў эфектыўнасці работы ў галіне сельскай гаспадаркі за 2014 год узнагародзілі 5 чэрвеня ў Мінску. Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў рамках аграпрамысловага тыдня.
Віншуючы пераможцаў і лаўрэатаў, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц адзначыў, што сялянская праца ніколі не была простай, але яна заўсёды была патрэбна для краіны, грамадства. «Адзін чалавек вёскі дае работу васьмі работнікам прамысловасці, забяспечвае прадуктамі харчавання 20 жыхароў нашай дзяржавы», — канстатаваў кіраўнік ведамства. Акрамя задавальнення патрэбнасці ўнутранага рынку аграпрамысловы комплекс забяспечвае і даволі нядрэнны экспарт. Так, у 2014 годзе на знешнія рынкі пастаўлена сельгаспрадукцыі на $5,6 млрд.
Аднак, нягледзячы на нядрэнныя вынікі, збаўляць тэмпы нельга. «Мы жывём не ў ізаляцыі, а сярод моцных канкурэнтаў, якія пастаўляюць аднайменную прадукцыю на рынкі Расіі, Блізкага Усходу, Сярэдняй Азіі і г.д.», — сказаў міністр. За кожны кг рэалізаванай на экспарт прадукцыі сёння даводзіцца змагацца. «Таму каб дабіцца высокай канкурэнтаздольнасці прадукцыі, наша галоўная задача — на аснове навукова-тэхнічнага прагрэсу пабудаваць работу так, каб мінімізаваць выдаткі на адзінку прадукцыі», — падкрэсліў Леанід Заяц.
На заканчэнне міністр выказаў удзячнасць за нялёгкую карпатлівую працу не толькі пераможцам гэтага спаборніцтва, але і ўсім працаўнікам вёскі, якія ўносяць свой уклад у развіццё аграпрамысловага комплексу. Пасля гэтага адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў. Іх вызначалі па некалькіх намінацыях: пераможца сярод абласцей, раёнаў, сярод сельскагаспадарчых арганізацый, якія ажыццяўляюць прамысловую перапрацоўку сельгаспрадукцыі; сярод сельскагаспадарчых арганізацый, што маюць птушкафабрыку, і (або) комплекс па адкормліванні буйной рагатай жывёлы, і (або) комплекс па адкормліванні свіней, што не ажыццяўляюць прамысловую перапрацоўку сельгаспрадукцыі. Акрамя таго, пераможца вызначалі і сярод іншых сельскагаспадарчых арганізацый. Кожны з пераможцаў узнагароджаны ганаровым дыпломам і грашовай прэміяй у залежнасці ад намінацыі.
Так, пераможцам сярод абласцей прызнана Брэсцкая вобласць, сярод раёнаў — Камянецкі (Брэсцкая вобласць), Верхнядзвінскі (Віцебская вобласць), Рэчыцкі (Гомельская вобласць), Бераставіцкі (Гродзенская вобласць), Нясвіжскі (Мінская вобласць) і Магілёўскі раён (Магілёўская вобласць).
Як нагадаў у размове з журналістамі першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч, рэспубліканскае спаборніцтва ў новым фармаце праходзіць упершыню. «Калі на рэспубліканскіх «Дажынках» мы падводзілі вынікі і ўшаноўвалі пераможцаў па выніках ураджайнасці збожжавых культур, то новы фармат прадугледжвае ўзнагароджанне лепшых па эканамічных паказчыках работы калектываў, сельскагаспадарчых арганізацый, фермерскіх гаспадарак, раёнаў і абласцей па выніках года», — растлумачыў ён.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *